Міжнародны праваслаўны моладзевы фестываль «Адзігітрыя» праходзіць у пачатку жніўня ў праваслаўным лагеры «Дружба» ў Віцебскім раёне. Ён з’яўляецца часткай агульнага мерапрыемства, якое ўключае ў сябе і хрэсны ход «Адзігітрыя» — штогадовае міжнароднае паломніцтва праваслаўных вернікаў з Віцебска ў Смаленск.
Аднак у гэтае рэлігійнае мерапрыемства ўсё больш актыўна ўплятаецца палітычны кантэкст. Аналіз афіцыйных старонак, якія асвятляюць фестываль, паказвае адкрытую падтрымку расейскага ўварвання ва Украіну, заўважыла выданне «Хрысьціянская візія».
У групе таксама можна знайсці пасты з малітвамі аб «перамозе расійскай зброі», мастацкая кіраўніца фестывалю публікуе віншаванні з Днём абаронцы Айчыны, суправаджаючы яго відэа пра расійскіх вайскоўцаў, а гімн фестывалю апявае «трыадзінства народаў» — адзін з ключавых тэзісаў крамлёўскай прапаганды.
Гэтыя палітычныя наратывы прасоўвае не толькі расійскі бок. Духоўнік фестывалю, клірык Віцебскай дыяцэзіі Аляксандр Кавалёў не раз выяўляў прыхільнасць ідэям «русского мира», нагадвае «Хрысьціянская візія». Яшчэ ў 2016 годзе ён стаў фігурантам журналісцкага расследавання: высветлілася, што святар курыраваў «вайскова-патрыятычныя» клубы пры Віцебскай епархіі, якія адпраўлялі школьнікаў з Талачына, Друцка і Віцебска на зборы ў Расею, дзе іх навучалі былыя баевікі Данбаса і радыкалы з неанацысцкімі поглядамі.
З тых часоў Кавалёў не змяніў сваёй пазіцыі: на сваіх старонках у сацсетках ён рэгулярна дэкларуе падтрымку расійскай агрэсіі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram