Беларускі гурт Leibonik сёння выклаў у сеціва новы альбом — «Там». Зборнік, у які ўваходзяць дзесяць песень, распавядае пра эмігранцкае жыццё — падчас праслухоўвання можна і пасмяяцца, і без сораму заплакаць.
«Частку тэкстаў я напісаў цягам апошніх двух гадоў дома, астатнія – на востраве Fanø ў Паўночным моры ў траўні 2023, — распавёў пра плытку лідар калектыву Сяргей Башлыкевіч. — Песні пачыналіся як мінімалістычныя тэкставыя рэпчыкі пад бясплатныя хіп-хап біты і захавалі ў сабе часткова структуры і мелодыі з тых бітоў. У пэўны момант я зразумеў, што змагу перадаць больш асабістага, менавіта калі гэта будзе гучаць у фармаце «Лейбоніка».
І вось я тут, як вялікая панда. Як слімак. Як грамадзянін.
Але не тут.
Там».
Плытка атрымалася вельмі шчырай і «адвязнай», у ёй шмат гумару, цікавых вынаходак. Але пра гэтым яна поўная невыноснай тугі па радзіме, яна поўная болю за ўсё, што адбываецца ў Беларусі, ва Украіне, і самае важнае, што яна поўная святла, нягледзячы на ўсё пакуты, што церпяць зараз суайчыннікі як у краіне, так і за яе межамі.
«Я вельмі ўдзячны кожнаму чалавеку, які спрычыніўся да музыкі, запісу, вокладкі і маральнай ды інтэлектуальнай падтрымкі мяне. Не пішу тут імёны, бо не ўсе хочуць свяціцца», — падзякаваў за дапамогу музыка.
Гэтаксама Сяргей анансуе некалькі будучых канцэртаў.
Сёння ў сеціве адкрыты краўдфандынг у падтрымку альбома — да яго можа далучыцца кожны ахвотны.
Слухаць зборнік можна тут.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: