Ініцыятыва Maldzis выкупіла старадрук Сімяона Полацкага

Культура
«Жазло кіравання». Фота: Аліна Мазавец

Ініцыятыва Maldzis выкупіла першае выданне «Жазла кіравання» («Жезлъ правленіѧ») Сімяона Полацкага.

«Жазло кіравання» было надрукаванае ў Маскве ў 1667 годзе на царкоўнаславянскай мове і належыць да надзвычай рэдкіх артэфактаў. Гэта першая выдадзеная кніга беларускага манаха-асветніка Сімяона Полацкага. Змест кнігі прысвечаны аналізу памылак і разыходжанняў з вучэннем Царквы ў выступленнях старавераў. Свае довады асветнік грунтуе на фактах і лагічнасці разважанняў, што тады ўспрымалася як навацыя і «лацінства» ды ўпісвала «Жазло кіравання» ў плынь палемічнай літаратуры.

Ініцыятыва Maldzis выкупіла старадрук Сімяона Полацкага
«Жазло кіравання». Фота: Аліна Мазавец

«Кніга «Жазло кіравання» з’яўляецца прыкладам багатых традыцыяў палемічнай літаратуры, якая была шырока распаўсюджаная акурат на беларускіх землях, — патлумачыў Рыгор Астапеня, апякун ініцыятывы Maldzis. — Нашыя продкі менавіта з дапамогай мовы палемічных тэкстаў, а не зброі імкнуліся вырашаць міжканфесійныя канфлікты. У тагачаснай Расеі такой традыцыі не існавала».

Сапраўднае імя Сімяона Полацкага – Самуіл Пятроўскі-Сітнянoвіч. Нарадзіўся ў Полацку ў снежні 1629 года, паходзіў з купецкай сям’і. У архіўных спісах двароў палачан род Пятроўскіх пазначаны поруч са Скарынамі і Цяпінскімі.

Ініцыятыва Maldzis выкупіла старадрук Сімяона Полацкага
«Жазло кіравання». Фота: Аліна Мазавец

Ён вучыўся ў родным горадзе, пасля ў Кіева-Магілянскай калегіі, якая лічылася найлепшай праваслаўнай навучальнай установай Усходняй Еўропы. Потым стаў навучэнцам Віленскай езуіцкай акадэміі.

Апрача роднай беларускай мовы дасканала валодаў лацінскай, царкоўнаславянскай і польскай мовамі. Пісаў на ўсіх чатырох мовах вершы, прамовы, пропаведзі, навуковыя працы. Карыстаўся пры гэтым як кірыліцай, гэтак і лацінкай.

Каля 1664 года Сімяон Полацкі пераехаў у Маскву. У Маскоўскім царстве ён дажыў да канца сваіх дзён і здабыў славу як асветнік, царкоўны дзеяч заходняга кірунку, гуманіст, царскі настаўнік і дарадца, кніжнік, паэт і драматург.

«Жазло кіравання» было створанае на падставе даручэння двух патрыярхаў – Александрыйскага і Антыяхійскага, а таксама мітрапаліта Газы, якіх Сімяон Полацкі суправаджаў падчас царкоўнага сабору 1666–1667 гадоў у Маскве ў якасці сакратара і перакладчыка.

Імя аўтара не пазначанае на тытульным аркушы. Сімяон зашыфраваў яго ў першых літарах кожнага з радкоў акраверша, дзе чытаецца «Симеон Полоцкии трудился».

Ініцыятыва Maldzis выкупіла старадрук Сімяона Полацкага
«Жазло кіравання». Фота: Аліна Мазавец

Кніга была набытая ў Польшчы на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў і ў будучыні будзе перададзеная ў Музей-бібліятэку Сімяона Полацкага ў якасці грамадскага падарунка. Да вяртання ў Полацк кніга будзе выстаўляцца падчас адмысловых мерапрыемстваў за межамі Беларусі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

  1. Чытач

    Прачытаў на другой старонцы ў трэцім радку «богомерзскимъ полчищемъ». Актуальны выраз. (Я зараз паралельна чытаю Нашу Ніву, якая піярыць гей-парады ў Вільні і Варшаве, і як некаторыя небінарныя істоты размалёўваюць наш святы нацыянальны сцяг і наш гістарычны герб Пагоня ў колеры вычварэнцаў ЛГБТ. Каменты, дзе просяць такога не рабіць, не публікуюць.)

    Дзякуй, што ёсць адэкватныя беларусы, якія займаюцца не ўсялякай брыдотай, як псаванее і размалёўванне беларускай сімволікі, а рэальнымі карыснымі справамі дзеля Беларусі. Вяртаюць нашу спадчыну беларускаму народу. Робяць падарожжы па месцах, звязаных са славутымі беларусамі, распавядаюць беларускую гісторыю ў даступнай і захапляльнай форме.

    Дзякуй Сашы Івуліну, дзякуй Рыгору Астапеню і Ініцыятыве Maldzis. І Цімоху Акудовічу таксама.

    Ответить

Последние новости