У швейцарскім Залатурне, дзе ў 1817 годзе памёр нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, Літвы і ЗША Тадэвуш Касцюшка, паспяхова дастаўлены падмурак помніка, створаны з беларускага валуна. Гэты праект аднаўлення мемарыялу славутаму дзеячу стаў магчымым дзякуючы высілкам Ініцыятывы MALDZIS і швейцарскага дабрачыннага Фонда Марыі Магдалены Радзівіл.
Праект рэалізаваны на прыватныя сродкі беларускіх ахвярадаўцаў: Максіма Баграцова, Філіпа Дайнэкі і мецэнаткі, якая пажадала застацца непублічнай.

Гісторыя аднаго каменя
Шлях валуна з Беларусі ў Залатурн стаў сапраўднай лагістычнай эпапеяй. Апрацоўка каменя і выраб новай інфармацыйнай шыльды адбываліся ў Мінску. У пачатку 2026 года камень пераправілі ў Польшчу, дзе кампанія DTA Customs Service у Бяла-Падлясцы бясплатна забяспечыла яго захаванне і афармленне транзітных дакументаў.
«Калі ў 2017 годзе мы ўсталёўвалі помнік, то думалі, што ствараем беларускі пункт на мапе Швейцарыі. Цяпер, калі пад помнікам з’явіцца камень з Беларусі, сувязь паміж нашымі краінамі стане яшчэ і фізічнай», — адзначае кіраўнік Фонду Магдалены Радзівіл Алесь Сапега.
Узгадненне праекта з мэрыяй Залатурна стала магчымым дзякуючы амбасадарцы Швейцарыі Крысціне Хонэгер-Залатухінай.
Прадстаўнікі Польскага фонду Касцюшкі Лешэк Марэк Кшэсняк і Рышард Бось паспрыялі прыязнаму стаўленню да праекта на этапе транзіту.
Агулам рэалізацыя праекта па аднаўленні мемарыяла вялася з 2024 года.
«Гістарычная постаць, якую лічаць сваёй адразу некалькі краінаў, стала каталізатарам супрацы беларусаў з палякамі і швейцарцамі. Гэта сведчыць пра тое, што Тадэвуш Касцюшка нават сёння працягвае рабіць тое, чым займаўся ўсё жыццё – яднаць людзей дзеля агульнай справы», — кажа кіраўнік ініцыятывы MALDZIS Павел Мацукевіч.

Адзначым, што помнік Тадэвушу Касцюшку ў Швейцарыі быў усталяваны яшчэ ў 2017 годзе. Ён з’явіўся дзякучы ініцыятыве Алеся Сапегі, кіраўніка Фонду Марыі Магдалены Радзівіл. Увесь гэты час помнік стаяў наўпрост на зямлі ў парку – побач з тым месцам, дзе Касцюшка правёў апошнія дні жыцця. Але цяпер мемарыял будзе ўзвышацца на валуне, прывезеным з беларускіх зямель.
Урачыстае адкрыццё абноўленага помніка плануецца ўвосень.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

