«Там, дзе ты, там і твой свет»: як беларусы ладзяць культурнае жыццё ў Познані

Культура
Сустрэча з Маляванычам у культурніцкім бары "Мы". Фота: facebook/mynamiejscu

«Познань нагадвае мне Парыж часоў яго росквіту, — распавядае Вольга Стрыжнёва, адна з арганізатарак культурніцкага бара «Мы» і фундацыі KUT,бо тут адчувальны дух артыстычных рэзідэнцый».

Беларускія культурніцкія ініцыятывы ў Познані разрастаюцца вельмі дынамічна. Яшчэ рана назваць іх інстытуцыямі, культурнае жыццё нагадвае тут лапікавы дыванок, дзе любы можа знайсці ўлюбёны фрагмент ды занятак па інтарэсу. Прычым многія ініцыятывы стварыліся зусім нядаўна і яшчэ мала сябе праявілі. Напрыклад, культуралагічнаму клубу I-DZIE-JA ўсяго некалькі месяцаў. Паразмаўлялі з арганізатарамі — культуролагам, былой супрацоўніцай Нацыянальнага мастацкага музея Вольгай Архіпавай і мастаком Аляксеем Лунёвым з Мінска. Вольга Стрыжнёва з Брэста — таксама мастачка, лёс звязаў іх агульнай справай у гэтым польскім горадзе.

— Як вы ўсе патрапілі ў Познань? Як знайшлі адно аднае?

Вольга Архіпава: Адбылося гэта выпадкова. Усё пачалося з Сяргея Шабохіна (беларускі мастак, даўні жыхар Познані — Reform.by), аднаго з кіраўнікоў даследчай платформы Kalektar.org, ён прапанаваў мне прыехаць на рэзідэнцыю ў гэты горад. Kalektar.org супрацоўнічае з рознымі культурнымі беларускімі фундацыямі з мэтай арганізацый рэзідэнцый. Я пагадзілася, сюды ж прыехаў і Лёша Лунёў, так мы знайшліся.

— Вольга, вы прыехалі сюды раней. Як распачаўся ваш праект з культурніцкай кавярняй?

Вольга Стрыжнёва: Кавярня «Мы» — гэта тое, што мы з сяброўкай рабілі ад душы і з вялікай верай у людзей. Калі б не кавярня, то шмат чаго б тут не было. У пачатку працы шмат пытанняў з’явілася зусім негастранамічных: якія мы хочам рабіць падзеі і якія не хочам, якія хочам будаваць адносіны, пакідаць ўражанні і гэтак далей. Для саміх сябе мы адкрылі, што «Мы» пра супольнасць, а не пра паесці і выпіць.

Кавярня дапамагала многім знайсці адно аднае, як нейкі школьны кірмаш талентаў: «Прывітанне, я чуў гэты бар адкрылі дзяўчынкі з Брэста. А ў якой школе вучыліся? А на якой вуліцы жылі? А што хто ўмее?». І так часта з’яўляліся мерапрыемствы, якія мы ніколі загадзя не планавалі і не маглі самі прыдумаць.

Частку праектаў я раблю на аснове таго, што асабіста ўмею. Раз на месяц праводжу заняткі з дзецьмі, у мяне ёсць сваё ўяўленне, як выхоўваць дзяцей праз творчасць. Для дарослых мы робім скетч-серады. Па нядзелях раз у два тыдні адбываюцца заняткі па беларускай мове. Яны называюцца «Еш, размаўляй, сябруй».

«Там, дзе ты, там і твой свет»: як беларусы ладзяць культурнае жыццё ў Познані
Вольга Стрыжнёва падчас заняткаў з дзецьмі ў культурніцкім бары «Мы». Фота: facebook/mynamiejscu

А фундацыя KUT — гэта пераходны праект, мы дакладна будзем рабіць больш глабальныя рэчы. Заставацца на беларускай лініі, але і рабіць праекты, звязаныя з польскай культурай.

Аднак, каб зрабіць наступны крок і ўліцца ў інтэрнацыянальны кантэкст, трэба выбудаваць аснову, фундамент, каб было чым абменьвацца. Таму зараз мы засяродзіліся на беларускіх ініцыятывах.

Аляксей Лунёў: Тут, у Познані, працягвае працаваць беларуская салідарнасць: мы вельмі ўважліва глядзім на тых, хто вакол, і як толькі з’яўляецца нейкі цікавы чалавек, няважна, беларус, паляк ці француз (проста так атрымліваецца, што ў асноўным вакол нас гуртуюцца беларусы), мы стараемся з ім закантачыць. Кожны нясе ў сабе нейкую ініцыятыву, а мова культуры ўсіх нас яднае.

Незвычайна тое, што ў Беларусі мы ведалі адно аднаго, але не былі блізкімі сябрамі. Віталіся, звярталіся па нейкіх справах, а цяпер мы жывем у адным доме, ходзім у госці і ладзім агульныя праекты.

Вольга Архіпава: З задавальненнем праводзім разам час. Такія рэчы вельмі важныя, бо культура — рэч шматмоўная, яна яднае людзей розных нацыянальнасцей, розных перакананняў.

І тут, у Польшчы, становіцца абсалютна відавочна, што беларуска-польскай культуры шмат стагоддзяў, і гэта важна паказваць не толькі беларусам, але і палякам.

— Палякі адчуваюць гэтую сувязь?

Вольга Стрыжнёва: Яны адчуваюць найперш пазітыўную энергію і правільныя каштоўнасці. Таму ўлучаюць нас у свае праекты, скантактоўваюць з калегамі, бо мы ім цікавыя. Мне здаецца, што цяпер у кожнай польскай культурніцкай інстытуцыі ёсць беларускі кірунак, незалежны ад украінцаў.

Шмат сувязей грунтуецца на побытавым узроўні, бо няма адной моцнай арганізацыі ці інстытуцыі, пад якой мы ўсе ходзім. Усё завязана на гарызантальных сувязях.

Вольга Архіпава: І наша ідэя стварэння культуралагічнага клубу I-DZIE-JA ў Познані менавіта так і прыйшла — падчас рэзідэнцыі ў звычайных камунікацыях. Дзе я — там і Беларусь. Чалавек заўсёды нясе сваю культуру з сабой.

«Там, дзе ты, там і твой свет»: як беларусы ладзяць культурнае жыццё ў Познані
Вольга Архіпава падчас лекцыі. Фота: facebook/I-DZIE-JA

— Калі ты падавалася на рэзідэнцыю, ты прапаноўвала нейкую тэму для даследаванняў?

Вольга Архіпава: Мая тэма звязана з даследаваннем беларускага авангарда 1980-х — 1990-х, а ў Нацыянальным мастацкім музеі на працягу 23 гадоў адной з маіх тэмаў былі мастацкія аб’яднанні Беларусі.

Даследчаму праекту Kalektar.org цікава, што адбывалася ў мастацтве Беларусі не толькі ў 1980-я, а нават у 1920-я гады, дый цяпер мастакі схільныя да аб’яднанняў, пра што сведчыць «Antiwarcoalition.org», беларуска-ўкраінскі антываенны праект.

— У выніку ты вырашыла сама праявіць ініцыятыву і аб’яднаць творцаў?

Вольга Архіпава: Так, мне як музейнаму супрацоўніку хацелася распавесці пра культурныя падзеі, якія я даследвала раней, і паказаць, што адбывалася ў мінулым, каб гэта дапамагала людзям цяпер, натхняла іх на ўласныя рэалізацыі. Таму мы разам з Аляксеем Лунёвым вырашылі аб’яднацца ў тандэм (тэарэтык і практык) і стварыць культуралагічны клуб I-DZIE-JA. Накшталт артыстычнага салона, які мае некалькі функцый:  асветніцкую, практычную і рэлаксацыйную. Шмат беларусаў у эміграцыі адчулі патрэбу ў пошуках натхняльных нацыянальных арыенціраў. Наша галоўная задача — рабіць тэматычныя культурніцкія сустрэчы, дзе можна разважаць, выказвацца і займацца творчасцю. Паколькі сваёй сталай платформы мы не маем, мы супрацоўнічаем з познаньскімі пляцоўкамі і фундацыямі: Kalektar.org, “Мы”, Gray Mandorla Studio, KUT.

Аляксей Лунёў: У Познані вельмі шмат беларускіх студэнтаў, некаторыя з іх прыехалі вучыцца, бо ў Беларусі іх павыганялі з універсітэтаў. Вельмі хочацца з імі знаёміцца і нечым дапамагаць — хоць бы сваёй дарослай прысутнасцю. Вольга прапанавала мне праводзіць майстар-класы, аднак мяне такі фармат не зацікавіў. Мы знайшлі іншы — ZINы, самаробныя часопісы. І я зразумеў, што гэта можа аб’яднаць шмат людзей. Мы разам пішам, малюем — і застаецца нейкі прадукт, часопіс, што мае тыраж і можа распаўсюджвацца. Гэты праект можа аб’ядноўваць людзей і, як грыбніца, разрастацца.

 

«Там, дзе ты, там і твой свет»: як беларусы ладзяць культурнае жыццё ў Познані
Сумесны выраб часопіса. «СляZINы» ў Gray Mandorla Studio. Фота: facebook/I-DZIE-JA

— То-бок ваша мэта — ствараць такія крыніцы творчай актыўнасці?

Аляксей Лунёў: Гэта неабходнасць, якая ёсць у творчых людзей, яна была і ў Беларусі. Калі з нейкіх размоў у майстэрні з’яўляліся ідэі новых выстаў…

— У Беларусі мы маглі рабіць выставы. А што тут? Ці ёсць такія пляцоўкі, дзе можна ладзіць прафесійныя куратарскія выставы і развіваць мастацкую прастору са сваім канцэптам?

Вольга Архіпава: У студыі Grey mandorla, напрыклад. І нядаўна прайшла выстава Сяргея Шабохіна ў галерэі «Арсенал».

Вольга Стрыжнёва: Раман Трацюк пару гадоў таму выстаўляўся ў Нацыянальным музеі ў Познані.

У бары «Мы» ладзім выставы, яны азнаямленчыя, не канцэптуальныя. Але мне не хапае погляду збоку. Так, трэба ствараць свае пляцоўкі, аднак гэта фінансава цяжка: патрэбна каманда і сталае фінансаванне. Яшчэ не хапае нейкага інтэрнэт-часопіса па мастацтве.

Аляксей Лунёў: Так, такога кшталту як «Бинокль» ці «Ку-ку» ці «City dog». Было б крута, каб была і галерэя, якая займалася таксама і беларускім мастацтвам.

— То-бок не хапае такога культурнага цэнтра?

Вольга Архіпава: Так, патрэбны культурны цэнтр. Дзе людзі маглі б збірацца і праводзіць розныя мерапрыемствы і абмеркаванні.

Калі б мы знайшлі такое месца, было б цудоўна.

Аднак мы не адмаўляемся і ад супрацоўніцтва з польскімі інстытуцыямі і муніпалітэтам.

— Якія беларускія ініцыятывы можаце прыгадаць у Познані?

Вольга Стрыжнёва: Сярод самаарганізаваных ініцыятыў — Познаньскі спеўны сход. Беларускамоўны клуб у форме чата ў тэлеграме…

Вольга Архіпава: Інстытут мыслі беларускай ў Пазнані, яны арганізуюць розныя мерапрыемствы, напрыклад, сустрэчы са знакамітымі беларусамі і беларускамі. Яны арганізоўвалі і праводзілі Дзень Волі ў Познані. Усё гэта магчыма ўбачыць на іх сацыяльных старонках.

Вольга Стрыжнёва: Barak Kultury — гэта польская ініцыятыва, аднак яна вельмі шчыльна супрацоўнічае з беларусамі, дае памяшканне беларускаму спеўнаму сходу, тэатральным пастаноўкам. Беларускае мультыкультурнае аб’яднанне DZIEJA арганізоўвае канцэрты беларускіх артыстаў, наладжвае сувязь паміж творцамі і арганізацыямі.

Увогуле запатрабаванасць у культурніцкіх падзеях даволі вялікая. Калі ў нас быў вечар, прысвечаны Дню расстраляных паэтаў, людзі не змясціліся ў памяшканні і дзве гадзіны прастаялі на вуліцы з пачуцця салідарнасці.

Наташа Леванава, тэатральная рэжысёрка, з дапамогай дыяфільмаў робіць спектаклі для дзяцей. У нашым бары паказвала казкі на стужках. Яна працуе ў культурным цэнтры Познані Zamek з беларускімі праектамі.

Вольга Архіпава: У Zamku ладзяць інтэрнацыянальныя праекты, у тым ліку звязаныя з польскай, украінскай і беларускай культурамі.

Вольга Стрыжнёва: З Наташай Леванавай мы рабілі спектакль «Снежны чалавек» — у бары, у Baraku Kultury і пасля ў Zamku. Гэта мой першы досвед працы з анімацыі на польскай мове.

«Там, дзе ты, там і твой свет»: як беларусы ладзяць культурнае жыццё ў Познані
Сустрэча з мастаком А.Р.Ч. у Gray Mandorla Studio. Фота: facebook/arhipava

— Атрымліваецца такое клубнае жыццё — шмат невялікіх пляцовак?

Вольга Архіпава: Так, культура не канцэнтруецца ў адным месцы, а жыве сваім дэмакратычным жыццём.

Вольга Стрыжнёва: Вельмі шмат розных падзей, магчыма, няблага было б, каб гэта было структуявана. Думаю, з часам усё прыйдзе.

— Вы нібы ўваходзіце ў польскую культуру такім міні-праектамі, а не адгароджваецеся, не выбудоўваеце сваю аўтаномную прастору?

Аляксей Лунёў: Менавіта так, ніякія культурныя гета нас не цікавяць. Я прысутнічаў некалькі раз на мерапрыемствах у бары «Мы» і бачыў, што туды прыходзяць і палякі, не толькі беларусы. Гэта важна, таму што мы знаёміўся і прарастаем у культуры адно аднаго…

Вольга Стрыжнёва: На паэтычныя вечарыны да нас таксама прыходзяць і палякі, і ўкраінцы, і на той мове, на якой хочуць, чытаюць свае вершы.

— Для людзей культуры інтэрнацыянальнае асяроддзе можа запусціць прадуктыўныя механізмы, аднак жа ў выніку павінен з’яўляцца нейкі «культурны прадукт», які мы зможам паказаць свету…

Вольга Архіпава: Справа нават не ў прадукце, а ў працэсе, камунікацыі, прадукты дзякуючы гэтаму працэсу і з’яўляецца. Важны момант у тым, што ты, вырваны з нейкага свайго вельмі спецыфічнага свету, разумееш, што там дзе ты, там і твой свет. Гэты свет як бы пераходзіць з табой у іншае асяроддзе, з іншымі людзьмі ў іншую краіну.

— Ты адчула, што твае кампетэтэнцыі павысіліся?

Вольга Архіпава: Справа ў іншым: некаторыя ўяўленні, якія я ўспрымала як устойлівы шаблон, пахіснуліся.

Тое, што здавалася адназначным, давялося пераасэнсоўваць. Гэта вельмі цікава, бо ты, як малое дзіця, раптам пачынаеш спазнаваць свет наноў. Тут не рост адбываецца, а ўскладненне, зусім іншае светаадчуванне.

Аляксей Лунёў: Тут нібы адсутнічае той градус канкурэнцыі, які існаваў у Беларусі, пераважае жаданне ўліцца ў нейкія іншыя працэсы. Ці прыцягнуць да сваёй справы некага, парадавацца за іншага.

Можа, гэта нейкі іншы ўзровень канкурэнцыі. Яна, напэўна, ёсць. Ты глядзіш, што нехта зрабіў штосьці якаснае, і хочаш зрабіць гэта лепш.

Іншы ўзровень адкрытасці. У Беларусі ўсё было закасцянелым.

Часы змяніліся, бо раней мы знаходзіліся ў жорсткіх структурах, ведалі, што гэтыя дзверы адчыняцца, а гэтыя ніколі. І да чаго гэта прывяло — да гэтай сітуацыі, у якой мы цяпер знаходзімся.

— Няма ўстояных правіл, як працаваць, як самаарганізоўвацца?

Вольга Архіпава: Правіл няма — гэта дакладны і свядомы прынцып.

Вольга Стрыжнёва: У Беларусі ў мяне заўсёды было ўражанне, што ўсе адно аднаго ведаюць, і я не мела доступу да нейкіх супольнасцей. А тут усе структуры рассыпаліся і сувязі разарваліся. Няма галоўнага і другаснага. І я бачу нейкія творчыя кансалідацыі, якія тут перастаюць працаваць, бо трэба наноў даказваць сваю вартаснасць. Некаторых людзей гэта выбіла з каляіны.

Аляксей Лунёў: Так, поўная адсутнасць іерархіі.

— Як гэта ўсё ўплывае на творчасць? Ты сам як змяніўся як мастак у выніку эміграцыі?

Аляксей Лунёў: Не ведаю, мне трэба крыху больш часу, каб зразумець, што са мной адбываецца. Многія рэчы мне сталі абсалютна нецікавыя, а раней былі мегаважнымі. Час змяніўся вельмі моцна, і мы ўсе цяпер у патоку. Яшчэ не да канца разумеем гэты працэс, але спадзявацца, што будзе як раней, не варта. Свет вельмі змяніўся за апошнія некалькі гадоў і працягвае змяняцца. Якім ён будзе, уявіць вельмі складана. Таму многія рэчы, якія былі для мяне вельмі важнымі, сышлі на другі план.

Нават сам погляд на мастацтва стаў іншым. Я раней працэсуальныя мастацтвы ўспрымаў як нешта эскізнае і непрапрацаванае, нявыпакутаванае. А цяпер пачынаю думаць, што гэта важней, чым музейныя «штукі». Іншыя рэчы сталі выклікаць у мяне павагу, бо змянілася оптыка.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: