На сайце Беларускага ПЭНа з’явілася надзвычай цікавае даследаванне пра рэпрэсіі, што закранаюць сферу культуры Беларусі ў 2022–2023 гадах.
Яно не падобнае на сістэматычны маніторынг парушэння культурных правоў, які Беларускі ПЭН праводзіць кожныя два тыдні на аснове адкрытых крыніц інфармацыі і праз камунікацыю з дзеячамі культуры.
Цяпер ПЭН правёў 42 экспертных інтэрв’ю з дзеячамі культуры, якія жывуць у Беларусі, з літаратарамі, мастакамі, фатографамі, музыкамі, прадстаўнікамі тэатра, музеязнаўцамі, працаўнікамі кіно, краязнаўцамі, акадэмічнымі даследчыкамі, культурнымі журналістамі, рэстаўратарамі, арт-менеджарамі і гэтак далей.
Інтэрв’ю ладзіліся ў перыяд з сярэдзіны сакавіка да пачатку чэрвеня 2023 года.
Рэспандэнты апісалі становішча ў сваіх сферах унутры краіны — у літаратуры, выяўленчым мастацтве, музыцы, тэатры, музейнай справе, кіно і ахове спадчыны.
І гэта становішча працягвае пагаршацца: ідзе звужэнне культурнай дзейнасці, планамерна знішчаюцца цэлыя пласты культуры (на ўзроўні інстытуцый), якое-кольвек развіццё ўнутры краіны адсутнічае.
Для незалежнай культуры засталося вельмі мала альтэрнатыў, таму адбылося вяртанне да стратэгій экспанавання мастацтва, якое было ў савецкі час – кватэрнікаў і міжсабойчыкаў.
Арт-жыццё перайшло ў «рэжым цішыні», зрабілася больш камерным і менш публічным.
Фіксуецца рост колькасці і ўзмацненне жорсткасці рэпрэсій. Тое, што раней здавалася недапушчальным з боку прадстаўнікоў улады і функцыянераў, цяпер стала прымальным, і гэтая мяжа дазволенага ўсё больш адсоўваецца.
У дзяржсектары працягваюцца звальнені з «воўчым білетам», без права ўладкавацца на дзяржслужбу, што прыводзіць да дэпрафесіяналізацыі дзяржаўнай сферы культуры.
У апісанні прычын пераследу большасць рэспандэнтаў супадае ў думцы, што рэпрэсіі ў сферы культуры не з’яўляюцца мэтанакіраванай атакай на культуру, і галоўная прычына пераследу – грамадзянская пазіцыя (агучаная пераважна яшчэ ў 2020 годзе). Аднак пры гэтым кожны трэці закранаў у размове тэму ўсё большага пранікнення рускай культуры ў беларускую.
Хваля рускай культуры адчуваецца ўсё мацней у кожным з сектараў культуры. Гэта відавочнае змяншэнне колькасці беларускіх кніг у кнігарнях, гастролі расійскіх тэатраў. Падчас музейнага форуму былі заключаны 44 дамовы паміж беларускімі і расійскімі музеямі, а здымаць нацыянальнае кіно пра гісторыю Беларусі запрашаюць расійскіх рэжысёраў. Тэмы публічных лекцый усё больш прысвечаюцца прадстаўнікам рускай культуры. Беларускія творчыя саюзы ўваходзяць у структурныя падраздзяленні саюзаў Расіі. У сферы адукацыі найлепшыя беларускія дзеці, якія праходзілі алімпіяды, без экзаменаў маглі трапіць у найлепшыя расійскія ВНУ.
Самы цікавы раздзел даследвання прысвечаны магчымым спосабам дапамогі тым, хто сёння жыве і працуе ў Беларусі. Найперш яны тычацца змяншэнню разрыву паміж беларусамі на лініях «свой – чужы» і «з’ехалі – засталіся».
«Свой – чужы»: падзел ідзе паводле лініі супрацоўніцтва/несупрацоўніцтва з дзяржаўнымі інстытуцыямі. Рэспандэнты казалі: «Вельмі хацелася б, каб развянчаўся міф, што “дзярж” у Мінску цяпер роўнае “сістэме”, дзе засталіся толькі рэжымныя людзі, якія хочуць яшчэ больш знішчыць знутры – і гэтым людзям вельмі патрэбнае паветра цяпер»; «у пратэстах удзельнічалі і графаманы, і геніяльныя аўтары, добрыя аўтары. Таксама пры дзяржаўным рэсурсе сядзяць зараз і добрыя аўтары, і графаманістыя… нельга дзяліць людзей толькі па нейкіх знешніх фактах, а ўсё-такі трэба глядзець на сутнасць гэтых дзеянняў».
«З’ехалі – засталіся». Рэспандэнты шмат звярталіся да тэмы разрыву/расколу/канфрантацыі/падзелу беларусаў і адсутнасці мастка паміж тымі, хто з’ехаў і застаўся, узаемных крыўдаў і абвінавачанняў, спрэчак, непаразумення і асуджэння – «гэта такі балючы момант», што «гульцы» з абодвух бакоў падліваюць алею ў агонь, а асноўныя папрокі на адрас тых, хто застаўся ў краіне, – што яны калабарацыяністы і здраднікі, і што ўнутры Беларусі нічога не адбываецца, што цяпер усё культурнае жыццё – за межамі Беларусі, «што не з’яўляецца праўдай»: «тут засталося шмат цудоўных людзей, для якіх я раблю тое, што я раблю»; «мы часам сустракаем адно аднаго недзе – людзі культуры, прычым абсалютна розных сфер – і мы здзіўляемся, што мы тут, а потым яшчэ высвятляецца, што ты ці іншы, аказваецца, нешта тут робіць».
Разам з запытамі «быць больш прыязнымі да творчых дзяржпрацаўнікоў» і «рукі працягваць адно аднаму, у справе культуры тым больш» гучалі такія тэмы-запыты да супольнасці звонку, як патрэба ў маральнай падтрымцы – расказваць за мяжой пра тое, што «тут ёсць розныя людзі», якія не падтрымліваюць вайну і працягваюць рабіць добрыя важныя праекты; быць голасам тых, хто вымушаны заставацца ў рэжыме маўчання: «Мастакі і наогул арт-супольнасць, любая, якая цяпер знаходзіцца за мяжой, вельмі добра мусяць разумець тое, што гэтыя выказванні, якія яны цяпер робяць, якія звязаны з палітыкай або вайной ва Украіне, яны мусяць разумець, што яны выказваюцца не ад свайго імя, яны выказваюцца ад імя нас».
Таксама падтрымліваць дыпламатычнае кам’юніці, каб у дзеячаў культуры была магчымасць выязджаць і выстаўляцца за мяжой – каб яны «мелі магчымасць скідваць з сябе вось гэты ментальны ціск». Даць магчымасць як мага большай колькасці артыстаў ствараць арт-выказванні за межамі краіны, каб беларускі парадак дня не вымываўся з еўрапейскіх СМІ і каб нейкім чынам пераканструяваць той негатыўны вобраз беларуса, што стварыўся пасля вайны ва Украіне, – «гэта важна не столькі для самой арт-супольнасці, колькі для ўсяго грамадства Беларусі ў цэлым». Пры гэтым дазваляць дзеячам культуры захоўваць ананімнасць – «ёсць варожасць у дачыненні да беларусаў, якія застаюцца і хочуць не паказваць свайго твару, быць ананімнымі».
Нейкім чынам уключаць іх у кантэкст – нагледжанасці і абмену; злучаць людзей – «зразумела, мы ўсе раз’ядналіся: нехта ў Грузіі, нехта ў Вільні, нехта ў Варшаве нешта робіць… трэба нас неяк злучаць больш».
Таксама для змяншэння расколу і для падтрымкі беларускай культуры важна займацца пытаннямі развіцця грамадзянскай адукацыі, вышэйшай адукацыі, наладзіць сістэму павышэння кваліфікацыі за межамі Беларусі, каб праходзілі канферэнцыі і была магчымасць публікавацца. І каб гэтыя рэчы былі адарваны ад палітычнага парадку дня – «іначай гэта будзе білет у адзін канец».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram