У кракаўскім беларускім выдавецтве Gutenberg Publisher выйшла кніга па гісторыі Беларусі на англійскай мове.
«Belarus: An Illustrated History» — гэта 31 сюжэт ад старажытнасці да канца ХVІІІ стагоддзя, запісаны Уладзімірам Арловым і багата праілюстраваны — графічнымі рэканструкцыямі, партрэтамі, гістрычнымі краявідамі і сюжэтнымі выявамі.
«Гісторыя беларусаў, расказаная па-ангельску, а таксама мовай мастацтва», — так рэкламуюць кнігу на сайце выдавецтва.
Reform.by высветліў дэталі амбітнага выдавецкага праекта ў галоўнага рэдактара Gutenberg Publisher Валянціны Андрэевай.
«Ідэя выдання не мая, — расказвае спадарыня Валянціна. — Бо кнігі такога маштабу не робяцца за пару месяцаў, а гэта якраз час існавання нашага выдавецтва. Некалькі гадоў ішла падрыхтоўка да выдання ілюстраванай гісторыі Беларусі на ангельскай мове.
Джым Дынглі, кіраўнік англа-беларускага таварыства ў Лондане, перакладаў тэкст, пасля працаваў рэдактар, які ў тым ліку прыводзіў да адпаведнасці з беларускай лацінкай імёны гістарычных дзеячаў. Кніга багата ілюстраваная, і шмат якія малюнкі ўтрымлівалі надпісы, зробленыя кірыліцай. Іх таксама трэба было замяніць на лацінку.
Уся гэтая праца вялася некалькі год, і сёлета яна дайшла да завяршэння. Ініцыятары кнігі шукалі партнёрскае выдавецтва, якому б маглі даверыць яе выданне, прамоўцыю і дыстрыбуцыю. І для мяне вельмі пачэсна, што выбралі наша маладое выдавецтва».
Кніга надрукавана, і цяпер перад выдавецтвам з’явілася задача яе рэкламаваць і распаўсюдзіць. Бо беларускі варыянт даволі вядомы чытачу. Але як распавесці пра гэтую кнігу англамоўным чытачам, каб яны маглі з яе дапамогай пазнаёміцца з гісторыяй і культурай Беларусі?
«Гэта не навуковая кніга, а папулярнае выданне, нон-фікшн, таму мы мусім распавесці людзям, што гэта цікавае чытво пра дзівосны еўрапейскі край, пра які цяпер у свеце з’яўляецца даволі аднабаковая інфармацыя», — тлумачыць Валянціна Андрэева.
Рэкламная кампанія толькі распачалася, таму што выдавецтва не чакала атрымаць сваю замову так хутка: друкаваўся наклад у Кітаі і мусіў прыйсці толькі праз месяц.
Па-першае, выданне будзе распаўсюджвацца і рэкламавацца на платформе Amazon.
Па-другое, выдавецтва наладжвае кантакты з англамоўнымі даследчыкамі, якія б маглі зрабіць агляд гэтай кнігі і такім чынам паінфармаваць замежнага чытача пра яе выхад.
Па-трэцяе, кніга будзе прэзентавацца і на міжнародных кніжных выставах, сёлета беларускія выдаўцы плануюць узяць удзел у Міжнароднай франкфурцкай кніжнай выставе.
Дарэчы, Джым Дынглі збіраецца перакладаць працяг гісторыі Беларусі, напісанай Уладзімірам Арловым, — кнігу «Айчына. Ад Агінскага да Багушэвіча».
«Belarus: An Illustrated History» можна замовіць тут.
Афлайн можна набыць у крамах:
ПОЛЬШЧА:
- у Кракаве (Łobzowska, 15), але папярэдзьце, што хочаце прыехаць (Тг, WhatsApp 510 034 234)
- у Варшаве ў ЦБС (Oleandrów, 6)
- у Варшаве ў Беларускім моладзевым хабе (pl. Konstytucji, 6)
ЛІТВА
- у Вільні, крама А2.print (Pilies g., 6)
Частка накладу паехала ў Злучаныя Штаты, і беларусы Амерыкі ўжо могуць набыць кнігу на litarka.com.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: