«Гісторыя – рэсурс легітымацыі ўлады»: даследчыца Наталля Зданевіч пра Музей Славы Магілёўшчыны

Главное
Музей славы Магілёўшчыны. Фота: СБ

Музей Славы Магілёўшчыны нядаўна адкрыўся непадалёк ад Буйніцкага поля, дзе ішлі абарончыя баі на подступах да абласнога цэнтра. Паводле канцэпцыі, яго экспазіцыя паказвае не толькі ваеннае мінулае, але і гісторыю ўсяго рэгіёна, а таксама асноўныя этапы яго развіцця і дасягненні. Музей пазіцыянуецца як сучасны культурна-адукацыйны і навучальны цэнтр, створаны з выкарыстаннем найноўшых інтэрактыўных тэхналогій.

Перад адкрыццём музея мы прасілі гісторыка разгледзець канцэпт будучай інстытуцыі, а цяпер звярнуліся да даследчыцы культурнай спадчыны Наталлі Зданевіч з просьбай прааналізаваць функцыі новага музея.

У сучаснай Беларусі гісторыя ўсё часцей выкарыстоўваецца не для аналізу і разумення мінулага, а як рэсурс легітымацыі ўлады. Наталля Зданевіч разглядае адкрыццё Музея Славы Магілёўшчыны як частку дзяржаўнай стратэгіі, у якой гістарычная памяць падпарадкоўваецца задачам ідэалагічнай мабілізацыі.

Прыводзім тэкст даследчыцы цалкам.

Наталля Зданевіч – даследчыца і прадзюсарка ў галіне культурнай спадчыны, сябра ICOMOS-Беларусь, выкладчыца ЕГУ.

***

У Беларусі памяць перастае быць рэсурсам асэнсавання — яна становіцца «мнеманічным рэжымам бяспекі», дзе любое адступленне ад зацверджанай версіі разглядаецца як пагроза дзяржаўнаму парадку.

Новы музей у Магілёве лагічна ўпісваецца ў рэпертуар падобных практык. Ён зяўляецца інстытуцыяй, прызначанай не столькі для абмеркавання складанай гісторыі рэгіёна, колькі месцам візуальнага зацвярджэння сімвалаў, якія падтрымліваюць афіцыйную версію мінулага. Гэта працяг той самай логікі, якую можна пазначыць як рэпрэсіўная памяць: яна служыць не аднаўленню справядлівасці, а ўмацаванню парадку, прызначанаму дысцыплінаваць, а таксама выключэнню альтэрнатыўных галасоў.

«Гісторыя – рэсурс легітымацыі ўлады»: даследчыца Наталля Зданевіч пра Музей Славы Магілёўшчыны
Музей славы Магілёўшчыны. Фота: СБ

Уяўная «народнасць»

Адным з ключавых элементаў афіцыйнага наратыву, які суправаджаў адкрыццё музея ў Магілёве, становіцца сцверджанне пра яго «народны» характар. У публічных заявах падкрэсліваецца, што музей «створаны для народа і па яго просьбе». Такая фармулёўка прайгравае знаёмы патэрн — мабілізацыі «знізу», якая насамрэч арганізуецца па вертыкалі.

«Гісторыя – рэсурс легітымацыі ўлады»: даследчыца Наталля Зданевіч пра Музей Славы Магілёўшчыны
Музей славы Магілёўшчыны. Фота: СБ

Падобная рыторыка мае мала агульнага з сапраўднай грамадскай патрэбай: яна хутчэй накіравана на стварэнне ілюзіі кансенсусу. За словамі пра «народны музей» хаваецца палітычная практыка легітымізацыі загадзя прынятых рашэнняў, у якіх лакальныя супольнасці — не суб’екты, а дэкарацыі. Такая форма прымусовага адзінства афармляецца як добраахвотная згода, што робіць яе даволі ўстойлівай у публічнай камунікацыі.

Выходзіць так, што рэгіянальная памяць выкарыстоўваецца для ўзнаўлення цэнтралізаванага ідэалагічнага сцэнара, падмяняючы ініцыятыву ўдзелам, а згоду — дэманстратыўнай лаяльнасцю.

«Гісторыя – рэсурс легітымацыі ўлады»: даследчыца Наталля Зданевіч пра Музей Славы Магілёўшчыны
Музей Славы Магілёўшчыны. Скрын відэа

Візуальны код

Візуальна комплекс музея паўтарае ордэн Вялікай Айчыннай вайны, ён прайгравае звыклую стылістыку ваеннай геральдыкі. Гэтая іканаграфія апелюе да мілітарызаванай памяці, у якой манументальнасць выцясняе кантэкст. Само афармленне — частка ўжо адпрацаванага візуальнага кода, праз які ўлада інстытуцыяналізуе гісторыю як подзвіг, а не працэс.

Мультымедыйнасць не пашырае веды, а замяняе іх

У экспазіцыі, як і ў іншых ваенных музеях Беларусі, размешчана мноства партрэтаў, прадметаў побыту, дэманструюцца сцэны з «жыцця ў акупацыі» – усё гэта пабудавана паводле логікі ўцягвання праз эмоцыю.

Наведвальніку прапануюць не аналіз, а саўдзел.

Ён не назіральнік — ён, як гаворыцца ў апісанні музея, «у эпіцэнтры падзей». Такі падыход апелюе да глядацкага суперажывання, але не прапануе інструмента для разумення больш глабальных працэсаў. Гістарычная сцэна замяняецца візуальнай інсталяцыяй, у якой веданне раствараецца ў эмоцыі. Гледача пагружаюць у рэканструкцыю, але пазбаўляюць магчымасці асэнсоўваць. Яго пазіцыя — не даследчая, а хутчэй рытуальная.

«Гісторыя – рэсурс легітымацыі ўлады»: даследчыца Наталля Зданевіч пра Музей Славы Магілёўшчыны
Музей славы Магілёўшчыны. Фота: СБ

Такі падыход зручны ў палітычным кантэксце: падача пэўнай версіі гісторыі становіцца наборам візуальных афектаў, а не прасторай інтэрпрэтацыі. Менавіта таму экспанаты не столькі ілюструюць, колькі дысцыплінуюць.

Характэрна, што частка прадметаў — знойдзеныя ў Казіміраўскім лесе артэфакты — была перададзена пракуратурай Магілёўскай вобласці, што дэманструе, наколькі зрастаюцца функцыі гістарычнай рэпрэзентацыі і інстытуцый кантролю: памяць маркіруецца як доказ, які не ставіцца пад сумнеў.

«Гісторыя – рэсурс легітымацыі ўлады»: даследчыца Наталля Зданевіч пра Музей Славы Магілёўшчыны
Музей славы Магілёўшчыны. Фота: СБ

У час, калі мы жывем ва ўмовах войнаў, сусветных і гуманітарных крызісаў, у Магілёве адкрываецца музей, у якім наведвальнікам прапануецца сабраць інтэрактыўную вінтоўку Мосіна і пастраляць з кулямёта. Такая экспазіцыйная мадэль — наглядны прыклад новай формы патрыятычнага выхавання, у якой мультымедыйнасць не пашырае веды, а замяняе іх.

Падобныя элементы афармляюцца як «інтэрактыўнае ўцягванне», аднак у рэчаіснасці яны ўяўляюць сабой мілітарызаваную забаўку. Гістарычны музей аказваецца прасторай, дзе не асэнсоўваецца вайна, а нібы інсцэнуецца яе рамантызаваны сцэнар.

У такіх умовах крытычнае мысленне структурна немагчымае. Увага пераключаецца з асэнсавання прычын і наступстваў на эмацыйнае перажыванне. Памяць фіксуецца як набор уражанняў, а не як падстава для асэнсавання. Наведвальніку не прапануюць задаваць пытанні, ён павінен «пражыць» падзеі так, як яны былі пастаўленыя. У гэтым і заключаецца ключавы парадокс: музей, які заяўляецца як інструмент «захавання гістарычнай памяці», становіцца прасторай, у якім мысленне пра мінулае падмяняецца яго інсцэніроўкай.

«Гісторыя – рэсурс легітымацыі ўлады»: даследчыца Наталля Зданевіч пра Музей Славы Магілёўшчыны

Адзіная версія мінулага

Экспазіцыя музея на Магілёўшчыне, як і іншыя падобныя праекты апошніх гадоў, уключае тэму генацыду беларускага народа – без дыскусіі, аналізу ці юрыдычнага пацверджання на міжнародным узроўні («генацыд» – гэта юрыдычны тэрмін, замацаваны ў міжнародным праве, у Канвенцыі аб генацыдзе. Ніякіх рытарычных абстрактных адгалінаванняў быць не можа). Само па сабе гэта сцверджанне становіцца не столькі часткай гістарычнага даследавання, колькі элементам палітычнага сцэнара, у якім мінулае падаецца як завершаная праўда, якая не падпадае пад сумнеў.

«Гісторыя – рэсурс легітымацыі ўлады»: даследчыца Наталля Зданевіч пра Музей Славы Магілёўшчыны
Музей славы Магілёўшчыны. Фота: СБ

Такі падыход ілюструе пераход ад памяці як права і даследавання да памяці як абвінавачання. Гэта асабліва важна ў кантэксце беларускіх практык апошніх гадоў, дзе паняцце генацыду афармляецца аднабакова і суправаджаецца крымінальнай адказнасцю за яго «адмаўленне». Паводле гэтай логікі музей не прапануе вывучаць трагедыю — ён прапануе прыняць яе ў гатовай інтэрпрэтацыі, якая выключае любыя іншыя падыходы. Тут памяць губляе сваю множнасць, а ключавая задача новага музея – не роздум, а падпарадкаванне.

У афіцыйных тэкстах, прысвечаных адкрыццю музея, актыўна выкарыстоўваюцца ўстойлівыя рытарычныя фармулёўкі: «усё ў імя гістарычнай памяці», «трэба змагацца за мінулае ў імя будучыні». Гэтыя канструкцыі гучаць не толькі ў вуснах афіцыйных асоб, але і ў журналісцкіх матэрыялах. Яны ствараюць эфект згоды і агульнай мэты, дзе памяць — не аб’ект аналізу, а гатовая каштоўнасць, якую трэба абараняць.

«Гісторыя – рэсурс легітымацыі ўлады»: даследчыца Наталля Зданевіч пра Музей Славы Магілёўшчыны
Музей славы Магілёўшчыны. Фота: СБ

Асабліва паказальнае выкарыстанне формулы: «Захад не пакідае спробаў перапісаць падзеі мінулага». Яна з’яўляецца ў матэрыялах пра музей як тлумачэнне яго актуальнасці і неабходнасці. Такая фармулёўка стварае аўтаматычны падзел на «сваіх» і «чужых»: ёсць «наша» гісторыя, і ёсць знешняя пагроза.

Гэта здымае неабходнасць задаваць пытанні: хто менавіта і якія падзеі перапісвае, дзе менавіта адбываецца гэта «ўмяшанне», якія крыніцы пад гэтым маюцца на ўвазе. Памяць у такім дыскурсе падаецца як абражаная, але ўжо абароненая – не падлягае перагляду, таму што яна нібыта ўжо была атакаваная.

Падобная рыторыка абяззбройвае крытычнае мысленне. Яна апелюе да пачуцця абавязку, да калектыўнай пагрозы і неабходнасці абароны, тым самым выключаючы саму магчымасць абмеркавання. Любое альтэрнатыўнае меркаванне аказваецца альбо недастаткова патрыятычным, альбо падазроным. У такіх умовах суб’ект памяці губляе права на пытанне — яму застаецца толькі абавязацельства памятаць у адпаведнасці з зададзенай логікай.

«Гісторыя – рэсурс легітымацыі ўлады»: даследчыца Наталля Зданевіч пра Музей Славы Магілёўшчыны
Музей Славы Магілёўшчыны. Скрын відэа

Парадокс у тым, што пры ўсім багацці візуальных рашэнняў, медыякантэнту і інтэрактыўных прыёмаў музей застаецца закрытым для дыялогу. Новыя формы замацоўваюць старую функцыю — памяць як дысцыпліну, а не як працэс. Тэхналагічнасць у гэтым выпадку становіцца не крокам да адкрытасці, а новым спосабам зафіксаваць адзіную версію мінулага.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости