Народны артыст Рэспублікі Башкартастан Арцём Макараў стаў галоўным дырыжорам Вялікага тэатра Беларусі. Аб новым прызначэнні паведаміла на агульным сходзе тэатра генеральны дырэктар установы Кацярына Дулава.
«Трупа ў добрым стане, і ўвогуле ў гэтым тэатры магчымыя, на мой погляд, любыя прадстаўленні, нават самыя складаныя і экстрэмальныя. Спадзяюся, мне калі-небудзь удасца ўвасобіць тут і свае мары», — сказаў Макараў.
Арцёма Макарава беларускі тэатр запрасіў на сталае супрацоўніцтва на пачатку года. За гэты час расійскі музыкант дырыжыраваў операмі «Багема» і «Пікавая дама», спектаклямі «Турандот», «Самсон і Даліла», «Аіда».
Адметна, што ў жніўні ён таксама быў прызначаны на пасаду галоўнага дырыжора расійскага Тэатра імя Наталлі Сац.
Нагадаем, што з Вялікага тэатра Беларусі пачынаючы з 2020 года былі «звольненыя» чатыры беларускія дырыжоры: Вячаслаў Чарнуха-Воліч, Андрэй Галанаў, Іван Касцяхін, Алег Лясун. Іх імёны прыбраныя на сайце тэатра з гісторыі спектакляў, над стварэннем якіх яны працавалі. Тэатр усё больш прымае ў свой штат адмыслоўцаў з Расіі.