«Fuck Putin+Trump» — такі надпіс на сваім партрэце ў Палацы Берлінале пакінуў румынскі рэжысёр Раду Жудэ падчас 75-га Берлінскага міжнароднага фестывалю. Найбольш палітызаваны кінафорум «А» класа сёлета не адвёў позірку ад Усходняй Еўропы, яе кіно і праблемаў, хоць у галоўным конкурсе фэсту панавалі стужкі самага рознага кшталту і парадку, а пераможцай стала нарвежская карціна «Мары», якую можна апісаць, у тым ліку, як кіно пра першае каханне.
Але для аглядальніка Reform.news, якія пабываў на Берлінале, найбольш важнымі стужкамі агляду сталі фільмы пра Украіну — «Стужка часу» Кацярыны Гарнастай і «Час прылёту» Віталя Манскага. А таксама фільм-«цяжкавагавік» асноўнага конкурсу — сатырычная драма Раду Жудэ «Кантыненталь 25», што па-мастацку «прэпаравала» «збянтэжанасць» еўрапейцаў сярэдняга класу наконт таго, што рабіць з надзённымі праблемамі грамадства.
Іх рэв’ю прапануем у гэтым аглядзе.
«Час прылёту»: фільм-папярэджанне для Заходняй Еўропы

Дакументальная карціна вядомага расійскага рэжысёра Віталя Манскага родам са Львова «Час прылёту» дэманстравалася ў секцыі «Форум» фестывалю. Пасля паказаў чароўных, але часам даволі герметычных карцін у асноўным конкурсе фэсту, гэты цяжкі трохгадзінны фільм прапаноўваў цалкам іншы досвед сутыкнення з рэальнасцю. Ён пагружаў гледача ў жыццё Львова падчас вайны — фільм здымаўся больш за год.
Віталь Манскі, які нарадзіўся ва Львове, абраў у якасці галоўных герояў сваёй карціны музыкаў ваеннага аркестра. Львоў, які знаходзіцца далёка ад лініі фронту, здаецца, жыве сваім «звычайным» жыццём: прыгожая дзяўчына фатаграфуецца на падножцы транспарту, адкрытыя храмы, ідуць адна за адной экскурсіі з гідамі ў цэнтры горада, працуюць кавярні, школы. Фільм пачынаецца з таго, як у салоне друкуецца на прынтары партрэт забітага ўкраінскага афіцэра — працоўнікі размяшчаюць выяву ў рамцы на вуліцы горада. Стэндаў — два. Людзі спыняюцца, раглядваюць фота і чытаюць біяграфію. Фронт далёка — але гібель суайчыннікаў фіксуе момант агульнага гора.
Віталь Манскі захоўвае на камеру, як адбываецца развітанне з героямі Украіны на пачатку вайны. Горад замірае на хвіліну маўчання: амаль усе гараджане спыняюць свой бег і аддаюць даніну загінулым — яны падымаюцца са сваіх столікау ў кафэ, адкладаюць бягучыя справы. Адпяванне ў храме. Ваенны аркестр, які суправаджае героя ў апошні шлях, грае зладжана і ўрачыста. Мінакі становяцца на калені паабапал дарогі, калі труну вязуць на машыне. Жанчыны кідаюць кветкі пад ногі падчас жалобнага шэсця. І пахаванне на могілках — куды прыходзяць не толькі родзічы забітага. Гэта сумны, але прыгожы і ўрачысты рытуал, да якога далучаюцца ўсе — бо няма нікога абыякавага.
І вось тая ж звычайная раніца Львова праз год. Няма ўжо экскусій па горадзе. Зусім іншыя твары ў гараджан. На інфармацыйных стэндах — ужо некалькі партрэтаў загінулых. Біяграфіі даюцца коратка, бо трэба размясціць на аркушы больш людзей. На вуліцы — ужо шэраг стэндаў. Музыканты таго самага аркестра стаміліся ад прадказальнага рэпертуара, ды і іх шэрагі парадзелі.
Зноў гучаць званы жалобы. Зноў адпяванне ў храме. Але ўжо не бачна на вуліцах людзей, які прыходзілі раней. У апошні шлях загінулых суправаджаюць адно блізкія. Пахаванні ідуць адно за адным.
Могілкі, на якіх лунаюць пад ветрам украінскія сцягі, растуць і растуць.

Віталь Манскі фіксуе, як вайна змяняе жыццё і свядомасць людзей — смерцяў стала так шмат, што чалавечая псіхіка перастае рэагаваць. Яна абараняецца. Абараняюцца музыканты, калі спрабуюць у зусім нядоўгі ад пахаванняў час сыграць іншую — не пахавальную — музыку. Абараняюцца магільшчыкі, якія напачатку фільма разважалі пра малыя заробкі, а цяпер ужо канстатуюць, што пахаванні ідуць на месцы старых польскіх могілкаў — але нічога з гэтым не паробіш.
Абараняецца горад, які намагаецца захаваць жыццё, нягледзячы на ваенны стан.
Абараняюцца і жыхары Львова, трываючы і святкуючы Раство.
У пэўным сэнсе кульмінацыяй карціны можна назваць той момант, калі ў Львове гучыць гук сірэны, і мы чуем выбух ракеты. Яе прылёт заспяваюць магільшчыкі, якія ў гэты хвіліну разумеюць, што далёкая смерць вось ужо «даляцела» да іх. Усё абышлося, але хваляванне і страх у вачах гэтых людзей з чорным пачуццём гумару кажа пра многае.
Аўтар «Сведкаў Пуціна» называе сваю дакументальную стужку «Час прылёту», падказваючы гледачу, што тая пагроза, якая падаецца далёкай, бліжэй, чым хтосьці думае. Яна — усяго только пытанне часу.
Фільм у пэўнай ступені разлічаны на заходняга гледача — і, магчыма, гэта можна назваць яго недахопам. Але Віталю Манскаму ўдалося перадаць не толькі смерць, але і жыццё горада ў часы вайны. І бадай самы незабыўны кадр з кіно — тыя самыя ваенныя могілкі ў час Калядаў: родныя ўпрыгожылі крыжы сваіх родных рознакаляровымі агеньчыкамі.
«Стужка часу»: школа ў часы вайны

Калі фільм Віталя Манскага дэманструе няўмольнае набліжэнне вайны, смерці ў жыццё людзей, то дакументальнае кіно ўкраінскай рэжысёркі Кацярыны Гарнастай «Стужка часу» — наадварот — нібыта адваёўвае прастору жыцця ў вайны. Гаворка ў яе працы ідзе пра школы — Кацярына стварыла ўражальнае палатно, у якім паказвае, як вучацца дзеці па ўсёй Украіне, у розных гарадах і пасёлачках у рознай адлегласці ад лініі фронту — у Барадзянску, Харкаве, Чаркасах, Бучы, Кіеве…
Першы званок, падчас якога гучыць сігнал трывогі, і дзеці спускаюцца ў сховішча.
Урокі анлайн, урокі ў разбураных школах, апошні званок у анлайн-версіі на акупаванай тэрыторыі, урокі ўласна ў сховішчы. Аўтар слыннай карціны «Стоп-Зямля» «вядзе» гледача з адной школы ў іншую і фіксуе, як у складаных і цяжкіх абставінах настаўнікі намагаюцца захаваюць норму, якой, здаецца, у такіх абставінах не можа быць. Намагаюцца захаваць мужнасць, клопат, вытрымку, годнасць, любоў — і перадаць гэтыя якасці сваім вучням.
І як растуць і вучацца дзеці — у гэтай «норме».
Руцінныя сірэны, якія спыняюць навучальны працэс.
Анлайн-заняткі — калі вучні знаходзяцца ў розных краінах, а настаўніца малюе на дошцы ў сваім двары матэматычныя формулы.
Фізкультура анлайн.
Заняткі, якія ладзяцца ў метро.
Урокі першай медыцынскай дапамогі. Як рэагаваць на падазроныя прадметы.
Заняткі маляваннем, дзе на малюнках дзяцей — ракеты, і трэба даць дзецям «выпусціць» свае страхі.
Нягледзячы на тэму, у карціне шмат і замілавання дзецьмі, пяшчоты, гумару.


У пэўны момант пераключаючыся на тое, з якой цікавасцю займаюцца дзеці, як стасуюцца паміж сабой, нягледзячы ні на што, забываеш, што можа быць у сем’ях малых. Самы нечаканы момант у фільме, калі ў адной школе першаклашкі пераходзяць з аднога пакоя ў іншы, і раптам адна дзяўчынка пачынае плакаць. Настаўніца пачынае яе суцяшаць. «Свайго тату ўбачыла», — тлумачыць яна рэакцыю вучаніцы. Да гэтага часу камера, якая была на ўзроўні маленькіх дзяцей, крыху падымаецца ўверх — і глядач бачыць шэраг партрэтаў бацькоў, якія стаяць на шафцы. Адзін з іх — бацька дзяўчынкі. Маленькую суцяшаюць і абдымаюць яе аднакласніцы.
Кацярына Гарнастай стварыла фільм пра тое, як захаваць крохкі свет дзіця ў цёмныя часы. Дзеці — гэта заўжды катэгорыя будучыні, і аўтарка задае гэта пытанне свету — якая будучыня ў гэтых дзяцей, якія ўжо сталі дарослымі і без словаў разумеюць адно аднаго?
Фільм Гарнастай закранае шмат пластоў — ён дэманструе, чаму і як вучаць дзяцей ва ўкраінскіх школах. Якое грамадства гэта ёсць і будзе ў будучыні, калі гэта будучыня, сапраўды, адбудзецца.
Цікавы момант, што падчас фестывалю рэжысёрка карціны нарадзіла ў Берліне дзіця. І гэта палічылі добрым знакам для Украіны і ўсёй Еўропы.
«Кантыненталь 25»: партрэт «збянтэжанага» абывацеля, які стаў сведкай трагедыі

«Ні з табой, ні без цябе» — звяртаючыся да радкоў вядомай песні ірландскага гурта U2 «With or without you», сёння можна паспрабаваць апісаць складаную дылему пачуццяў Заходняй Еўропы да Еўропы Усходняй. Маўляў, і жыць, і не жыць з табой складана. І нібыта пазначаючы гэты раскол у паразуменні адно аднаго, румынскі рэжысёр Раду Жудэ ў сваім ігравым кіно «Кантыненталь 25» дае погляд на сітуацыю ў свеце з «памежнай» Еўропы — Еўропы на сумежжы сацыялістычнай і капіталістычнай сістэм.
Галоўная гераіня карціны — судовая выканаўца Арсоля Іонеску — вымушана выселіць з сутарэнняў будынка, які мусяць хутка знесці, бяздомнага. Арсоля (у выкананні Эстэр Томпа) намагаецца паводзіць сабе карэктна і дае бяздомнаму мужчыне 20 хвілін на зборы — і ў гэты час бядалага паспявае здзейсніць самазабойства, задушыўшы сябе дротам. Арсоля цяжка перажывае здарэнне, адчуваючы віну, не едзе з сям’ёй у адпачынак, і спрабуе перажыць тое, што адбылося, праз сустрэчы і размовы — з начальнікам, сяброўкай, мамай, каханкам, святаром.
Арсоля бясконца расказвае гісторыю самагубства яе «падапечнага» (юрыдычна яна зрабіла ўсё карэктна, але пачуццё віны не сыходзіць) — і атрымоўвае самыя розныя адказы на сваю разгубленасць.
Яе сяброўка ў адказ дзеліцца гісторыяй пра бяздомнага побач са сваім домам: мужчына жудасна замярзае зімой, а ўвесну ходзіць у туалет проста ў двары. Сяброўка ўзімку пакутуе ад пачуцця віны, а ўвесну выклікае паліцыю, бо трымаць той пах ад нечыстотаў невыносна. Арсоля парываецца дапамагчы прыяцельцы з падтрымкай сям’і, якая жыве на звалцы — тая імі апякуецца. «Я даначу штомесяц, — гаворыць Арсоля, — столькі еўра на дапамагу Украіне, столькі-та — на дапамогу Палесціне, мне не складана дапамагчы і гэтай сям’і».
Маці ў адказ на расповед дачкі кажа, каб тая з’язджала ў Венгрыю: «Гэтыя румыны — неразвітыя сяляне». Дзеянне карціны адбываецца ў Трансільваніі, рэгіёне, які на працягу вякоў пераходзіў з адной дзяржавы ў іншую. Арсоля — этнічная венгерка. Яна згадвае маці пра прарасійскія погляды Орбана. Жанчыны сварацца, і гераіня зноў з’язджае ні з чым.

«Наступны прыпынак» — і сустрэча з былым студэнтам, якому Арсоля раней выкладала права. Малады чалавек, які цяпер працуе кур’ерам, сыпле філасофскімі анекдотамі, паказвае Арсолі відэа пра тое, як дроны ўзрываюць расейцаў на лініі фронту, і ўсё сканчваецца п’яным сексам у лесапарку.
Арсоля ўсё ходзіць па коле ці па парку з атракцыёнамі — «жывымі» дыназаўрамі, і ніяк не можа атрымаць палёгку.
Раду Жудэ, аўтар слынных «Мне пляваць, калі мы ўвойдзем у гісторыю як варвары», праз назву свайго новага фільма апелюе да працы Раберта Расіліні «Еўропа 51», дзе гераіня Інгрыд Бергман пасля смерці сына выратоўваецца праз дапамогу іншым. У сваёй жа гісторыі, што адбываецца на фоне вялізных анімаваных пластыкавых дыназаўраў у парку, старых камяніцаў, храмаў, новабудоўляў і пусткаў, Раду Жудэ стварае партрэт паспяховага абывацеля/абывацельніцы постсацыялістычнага грамадства, які здабыў свае месца ў гэтым свеце-трансформеры, апанаваным нацыялізмам і сацыяльнай няроўнасцю. Сустрэча з чымсьці праблемным і непрывабным для гэтых людзей прыводзіць да, па сутнасці, адно да новых тратаў — Арсоля па выніку данаціць на дабрачыннасць і купляе кветкі на магілу самагубцы. Кардынальных зменаў не будзе.
На месцы будынка, з якога высялялі няшчаснага бяздомнага, мусяць пабудаваць гатэль пад назвай «Кантыненталь» — і гэта метафара новай фармацыі, прагнай да камфорту, адно з невялікімі згрызотамі сумлення ў дачыненні да іншых «лузераў».
Як бы смешна не выглядала Арсоля, але ў ёй складана не пазнаць саміх сябе.
Раду Жудэ, які з’яўляецца рэжысёрам і аўтарам сцэнара «Кантыненталь 25», быў уганараваны на фестывалі ўзнагароды «Сярэбраны мядзведзь» за найлепшы сцэнар.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram