Фонд Kamunikat.org за чатыры месяцы перавыдаў сем кніг Уладзіміра Арлова і рыхтуе новую

Культура
Уладзімір Арлоў. Фота: фэйсбук Яраслава Іванюка.

Kamunikat.org – найбуйнейшая беларуская інтэрнэт-бібліятэка, у якой за 22 гады яе існавання сабралі больш за 50 000 публікацый – кнігі, часопісы, газеты. У радзеле «Беларускія аўтары» – профілі больш за 300 творцаў. На рэсурсе можна знайсці не толькі сучасныя, але і старыя выданні: адлічбаваныя газеты і часопісы «Беларус», «Бацькаўшчына», «Зважай», «Божым шляхам», «Ніва» ды іншыя, а таксама беларускія выданні 1980-х — 1990-х – «Свабода», «Пагоня», якія можна спампаваць у pdf.

Заснавальнік Kamunikat.org Яраслаў Іванюк пачаў выдаваць папяровыя кнігі. Першай з іх стаўся раман Уладзіміра Някляева «Гэй Бэн Гіном». Яго тыраж увесь разышоўся на прэзентацыях у беларускіх асяродках Польшчы і Літвы. Давялося дадрукоўваць, каб прадаваць кнігу праз інтэрнэт.

Таксама Фонд Kamunikat.org са жніўня 2022 года перавыдаў 7 кніг вядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Арлова. А да 105 гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі абяцаюць прэзентаваць новую кнігу аўтара.

Прэзентацыі сямі перавыдадзеных кніг цяпер адбываюцца ў розных гарадах Польшчы. На гэтых сустрэчах Уладзімір Арлоў расказвае, як нарадзіліся яго кнігі.

Напрыклад, ідэя невялікай аповесці «Ордэн Белай Мышы», што закранае ўзаемаадносіны ўлады і пісьменніка, прыйшла аднойчы вечарам разам з вобразамі ўсіх герояў.

«Пакуль ляціць страла» нарадзілася ў выглядзе ста адказаў пісьменніка на пытанні чытачоў падчас сустрэч у бібліятэках і каля вогнішчаў, выступаў на кватэрніках і ва ўніверсітэтах.

Балады «Апоўначы ў лонданскім доме» вельмі розныя па тэматыцы, месцы і часе дзеяння і далёкія ад звыклых жанравых канонаў.

Сярод герояў кнігі «Каханак яе вялікасці» – паўстанцы 1863 года і забойца цара Аляксандра ІІ беларускі шляхціч Ігнат Грынявіцкі, Напалеон Банапарт і гетэра Дамініка.

Зборнік «Незалежнасьць — гэта…» адкрывае аднайменнае эсэ, перакладзенае амаль на трыццаць моваў. Яно, напісанае ў 1990 годзе, на жаль, не страціла сваёй актуальнасці, бо заканчваецца словамі: «Незалежнасць – гэта, калі ад нараджэння да скону пачуваешся сваім чалавекам на сваёй зямлі…»

Кніга «Танцы над горадам», што атрымала прэмію Ежы Гедройця, прызначана для шырокага кола аматараў метафізічных вандровак і нарадзілася з успамінаў дзяцінства.

Кнігу «Паром праз Ла-Манш» склалі выбраныя творы з пяці паэтычных кніг. За адну з іх — «Паром праз Ла-Манш», пераствораную па-польску знакамітым перакладчыкам Адамам Паморскім, аўтар быў уганараваны міжнароднай прэміяй «Эўрапейскі паэт свабоды» ў 2010 годзе.

«На жаль, – сказаў заснавальнік Kamunikat.org Яраслаў Іванюк на прэзентацыі кніг у Варшаве, – беларускія выдавецкія праекты па-за межамі Беларусі перспектыўныя. «На жаль» я кажу таму, што гэтыя кнігі павінны выдавацца, а такія сустрэчы павінны адбывацца ў асноўным у Беларусі».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news (ранее REFORM.by)


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: