Фонд «Тутака» абвясціў праграму пятага, юбілейнага фэсту «Сонцаграй» (SONCAHRAJ). Традыцыйнае мерапрыемства, якое ўжо пяты год запар знаёміць жыхароў і гасцей рэгіёна з беларускай музычнай і спеўнай спадчынай, сёлета як і заўжды разгорнецца на дзвюх кантрасных пляцоўках Беласточчыны — у самым цэнтры акруговага горада і ў аўтэнтычнай падляшскай вёсцы.
Арганізатары зазначаюць, што галоўная мэта фэсту — не проста прэзентацыя фальклору, а жывое знаёмства супольнасці з рознымі элементамі творчай спадчыны продкаў праз інтэрактыўныя фарматы.
Расклад фэсту і ўдзельнікі
Сёлета вандроўны фестываль ахопіць два дні і дзве лакацыі.
12 чэрвеня (пятніца), а 18:00 ў Беластоку адбудзецца афіцыйнае адкрыццё і гарадская праграма на Рынку Касцюшкі. Традыцыйная культура выйдзе ў публічную прастору сучаснага горада.
13 чэрвеня (субота), 17:00 фэст перамесціцца ў вёску Вілюкі (гміна Дубічы Царкоўныя). Гэтая частка праграмы будзе засяроджана на прыроднай лакацыі і скіравана на стварэнне максімальна аўтэнтычнай атмасферы.

Музычная і спеўная праграма SONCAHRAJ сфарміравана з удзелам фалькларыстаў і гуртаў з розных рэгіёнаў Польшчы, якія займаюцца рэканструкцыяй і захаваннем беларускага коду. Так, на фэсце выступяць:
- BARVY — жаночая спеўная група з Гданьска;
- слынная ŻEMERWA — студыя фальклору падляшскіх беларусаў са Студзіводаў, якая шмат гадоў даследуе мясцовую традыцыю;
- KASARY — мужчынскі калектыў беларускага традыцыйнага спеву, які базуецца ў Варшаве;
- Padlaski Wianok — танцавальны гурт дзяцей і моладзі, які дзейнічае пры Аб’яднанні АБ-БА ў Беластоку.

Замест звыклых канцэртных выступаў «Сонцаграй» прапануе гасцям фармат супольнага дзеяння. У праграме заяўлены: жывая інструментальная музыка ад запрашаных музыкаў; аўтэнтычныя спевы, а таксама адмысловы супольны спеўны сход, да якога змогуць далучыцца ўсе прысутныя. Не абыдзецца фэст і без танцавальных варштатаў і традыцыйных патанцовак.
Акрамя таго, арганізатары звярнуліся да гасцей з прапановай падтрымаць адмысловы дрэс-код і прыходзіць на івэнт у нацыянальных строях (або выкарыстоўваць асобныя элементы — вышываныя кашулі, тканыя паясы), каб зрабіць народнае адзенне жывой часткай свята.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
