Фестываль жывой беларускай традыцыі SONCAHRAJ распачнецца на Падляшшы 7 чэрвеня

Культура
Фота: сацсеткі фундацыі Tutaka.

7-8 чэрвеня на Падляшшы пройдзе ўжо чацвёрты фестываль жывой беларускай традыцыі SONCAHRAJ. Адзін з праектаў Фундацыі Tutaka сёлета адбудзецца ў Случанцы (гміна Гарадок) і Тафілаўцах (гміна Дубічы Царкоўныя), і збярэ выбітныя гурты беларускага фальклору — Kapela Tryhradzka з Гданьску, Żemerwa са Студзіводаў і Kasary з Варшавы.

Нагадаем, што мэта фестывалю — гэта сустрэча са спеўнай і музычнай традыцыяй беларусаў, а таксама нагода пазнаёміцца з рознымі элементамі творчай ды культурнай спадчыны нашых продкаў.

У межах фэсту пройдуць варштаты, канцэрты і патанцоўкі, дзе загучаць аўтэнтычныя беларускія спевы і традыцыйная музыка.

Сёлета перад публікай, як было адзначана вышэй,  выступяць тры яскравыя калектывы: «Капэля Трыградска» з Гданьску, «Жэмэрва» са Студзіводаў і «Касары» з Варшавы. Прадставім іх больш шырока.

Kapela Tryhradzka — гэта беларускі фальклорны гурт, што базуецца ў Гданьску і рэгулярна ладзіць фальклорныя танцавальныя вечарыны, дзе грае і вучыць танцам пад акампанемент дуды, акардэона, бубна і іншых народных інструментаў.

Гурт стварае прастору, дзе можна не толькі быць назіральнікам, але і ўдзельнічаць — бо танец заўсёды быў спосабам быць разам. У складзе калектыву — сапраўдныя адмыслоўцы ў традыцыйнай культуры: даследчыца і музыка Вольга Барышнікава, дудар і даследчык Яўген Барышнікаў, знаўца беларускіх народных танцаў Марыя Латышава.

Żemerwa са Студзіводаў — праўдзівы голас Падляшша. То не проста гурт пад творчым кіраўніцтвам Ганны Фіёнік, але сапраўдная школа жывой традыцыі, што ўжо больш за 20 гадоў адраджае аўтэнтычны беларускі фальклор сваёй малой радзімы — з павагай, дакладнасцю і любоўю.

Удзельнікі і ўдзельніцы Żemerwa не толькі выступаюць з музыкай, спевамі й танцамі, але і праводзяць абрады ў натуральным асяроддзі — падляшскіх вёсачках, дзе гэтыя традыцыі нарадзіліся.

І трэці госць — гэта гурт Kasary на чале з Сяргеем Доўгушавым, які адраджае мужчынскую спеўную традыцыю.

Хлопцы спяваюць традыцыйныя беларускія мужчынскія песні: ваярскія, касарскія, бяседныя, лірычныя, валачобныя. Частку песень суправаджае каларытны гук колавай ліры, дуда, бубна, жалейкі і акарыны. Гэта не фолк з аранжыроўкай, а жывы шматгалосны спеў — як калісьці ў полі, у дарозе, на вясковым падворку.

Паслухаць гэтыя гурты, а для кагосьці і адкрыць для сябе ўпершыню, можна будзе 7 і 8 чэрвеня ў Случанцы і Тафілаўцах на Падляшшы. Пачатак усіх выступаў — а 15:00.

Уваход на ўсе актыўнасці фэсту SONCAHRAJ — вольны.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости