У Мінску выйшаў фотальбом «Незваротнае», у якім фатограф Валер Вядрэнка надае другое жыццё закінутым помнікам архітэктуры. У галерэі Беларускай асацыяцыі фатографаў было прэзентавана фотавыданне, матэрыял для каторага збіраўся напрацягу пятнаццаці гадоў.
Па сутнасці, у фокусе ўвагі фатографа апынуліся руіны Беларусі. Аднак Валер Вядрэнка, які з’яўляецца прадстаўніком пластычнай ці нават сюррэалістычнай фатаграфіі, паспрабаваў не проста зафіксаваць помнікі архітэктуры ў тым выглядзе, у якім яму ўдалося іх застаць, — а праз аўтарскі візуальны вобраз даць ім другое жыццё. То-бок перед чытачом паўстае не толькі і не столькі дакументальны здымак руіны, але і яе вобразная інтэрпрэтацыя, якая дасягаецца за лік выкарыстання розных мастацкіх сродкаў — двайной экспазіцыі, дадатковай апрацоўкі, колеравых акцэнтаў, калажу.
«Альбом уяўляе спробу візуалізацыі асабістых, аўтарскіх задумак, эмоцый і ўражанняў, якія выклікалі пэўныя эмоцыі і месцы, — распавёў пра свой метад у кнізе Валер Вядрэнка. — Не ўсе руіны раўнацэнныя, не ўсе нараджаюць выявы, не ўсе даюць імпульс для творчасці, не ўсе хвалююць. У альбоме знайшлі месца тыя аб’екты, якія не пакінулі мяне абыякавым, незалежна ад іх маштабу і прызначэння. Тут і сядзібы, і дамы, і цэрквы, і касцёлы, і гаспадарчыя пабудовы, і рытуальная архітэктура», — дзеліцца мастак.
Альбом створаны па наступным прынцыпе: на развароце размешчаны дзве выявы. Адна— манахромная дакументальная фатаграфія помніка, другая — «фотапластычная кампазіцыя ў колеры на тэму аб’екта». Дакументальныя фатаграфіі суправаджаюцца анатацыяй з указаннем месца, назвы аб’екта, часу яго пабудовы і кароткай аўтарскай рэмаркай. Задача ж фотапластычных кампазіцый — ствараць уражанне на гледача, візуальная экспрэсія, якая задае дынаміку дакументальнаму вобразу і пераўтварае яго ў фантазію ці алегорыю. Гарадок, Зембін, Губіна, Лыскава, Гулі, Белая Царква, Росіца, Завушша і іншыя помнікі і мясціны пераўтвараюцца ў сакральна-экстатычныя аб’екты. А калі ўзнавіць назву альбома «Незваротнае», то цалкам дарэчы прыгадаць ідэю страчанага раю.
«Як фатограф, я выконваю сваю функцыю — дакументую тое, што ўбачыў тут і зараз, — адзначае мастак. — І, цалкам верагодна, што некаторыя помнікі знікнуць, а некаторым аб’ектам з альбома пашанцуе — яны будуць закансерваваны альбо адноўлены. Гэта справа часу. Але ж пашанцуе не помнікам, а людзям, якія будуць жыць далей на нашай зямлі, — дадае фатограф. — Сама па сабе архітэктура нічога не вартая, калі яна не ўздзейнічае на чалавека, калі не вучыць быць уважлівым да мінулага, не несці адказнасць за будучыню».
Альбом «Незваротнае» выдадзены абмежаваным тыражом. Знайсці яго праз Беларускую асацыяцыю фатографаў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram