Анлайн-сустрэча з пісьменнікам, мастацтвазнаўцам, выкладчыкам і падарожнікам Віктарам Марціновічам адбудзецца 30 красавіка на платформе Zoom у межах адмысловага цыклу вэбінараў. На нетрывіальную размову пра сэнсы, якія стаяць за звыклымі словамі «мастацтва», «спадчына», «падарожжа», запрашае Дэпартамент гуманітарных навук і мастацтваў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.
Што агульнага ў Нью-Ёркскага музея дызайну і нумары ў самым горшым гатэлі Джакарты? Чаму берушы аднолькава патрэбныя ў музеі Уфіцы і заплечніку даўншыфтара? Ці дапамагае доктарская ступень па гісторыі мастацтваў у джунглях Камбоджы? Як падарожнічаць, не становячыся турыстам, і ці ёсць спадчына ў пустыні Раджастана?
На адмысловым вэбінары аўтар кніг «Ноч», «Мова», «Рэвалюцыя», «Радзіма. Марк Шагал у Віцебску» ды іншых паразважае аб тым, як бачыць глыбей, і чаму гэта навык, важны не толькі для мастакоў і куратараў, але і для ўсіх, хто працуе з культурай.
Размова стане першай падзеяй у серыі вэбінараў праграмы «Еўрапейская спадчына і крэатыўны турызм» — запрашэнне паглядзець на культуру як на прастору магчымасцей і паспяховай кар’еры.
28 траўня ў межах цыклу адбудзецца сустрэча з даследчыцай Наталляй Зданевіч — магістр сацыялогіі распавядзе пра новыя прафесіі ў сферы культуры і спадчыны.
11 чэрвеня на размову запрашае культурніцкая менеджарка Аліна Дзеравянка — тэма сустрэчы «Як зрабіць з глушы кропку прыцягнення турыстаў? Storytelling і крэатыўны турызм».
На ўсе сустрэчы патрабуецца рэгістрацыя. Падрабязнасці — тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram