24 жніўня на reform.news выйшла грунтоўнае інтэрв’ю з галоўнай рэдактаркай выдавецтва Gutenberg Publisher Валянцінай Андрэевай, у якой мы сканцэнтраваліся на тонкасцях вытворчага працэсу. З‘явілася пытанне і пра самаакупнасць, пра фінансавыя праблемы выдаўцоў. Валянціна Андрэева хацела б правесці эканамічны аўдыт, сабраць усе даныя і падрыхтаваць публікацыю пра эканоміку працэсу кнігавыдання.
Аднак выдавец Андрэй Янушкевіч ведае адказ на пытанне, якім чынам вырашыць асноўныя праблемы беларускага кнігавыдання. Сваім меркаваннем пасля прачынання інтэрв’ю ён падзяліўся на старонцы выдавецтва «Янушкевіч» у «Фэйсбуку».
«Каб усё ў беларускай выдавецкай сферы развівалася эфектыўна і з поспехам, трэба вырашаць усяго толькі дзве асновапалягаючыя, фундаментальныя задачы.
Першая. Пастаянны выпуск новых кніг, істотнае пашырэнне каталогу, прытым за кароткі час. Не сакрэт, што кніг на беларускай мове катастрафічна мала, мы вельмі кепска выглядаем на агульным фоне, калі разважаць у рэаліях паўнавартаснага рынку. Новыя кнігі — гэта праца для перакладчыкаў, рэдактараў, карэктараў і г. д., ганарары для аўтараў і ўсё астатняе. У рэшце рэшт, з якім багажом мы будзем вяртацца ў Беларусь?
Другая. Распрацоўка аўдыторыі. Перадусім прафесійная рэклама і інфармацыйная работа. Не паверыце, большасць беларусаў да гэтых пор не ведае пра існаванне нейкіх беларускіх кніг па-за межамі школьнай праграмы. Чытацкая аўдыторыя патрабуе выбару і разнастайнасці, то-бок глядзі першую задачу. Альбо нас задавольвае існаванне невялікай супольнасці беларусаў ва ўяўнай рэзервацыі (у індзейцаў хоць зямля і казіно ёсць), альбо працуем на ўвесь паспаліты беларускі народ.
Усё астатняе, усе крэатывы — прыкладуцца. Бо калі не будуць ажыццяўляцца гэтыя найважнейшыя задачы, мы будзем стаяць на месцы, круціцца як вавёрка ў коле, як гэта робім да гэтых пор», — падсумаваў выдавец.
Пытанні, якім чынам за кароткі час пашырыць выпуск беларускіх кніг і прывабіць новую аўдыторыю, застаюцца пакуль без адказу. А мы будзем працягваць даследаванне эмігранцкага кнігадруку.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram