Новы твор беластоцкай аўтаркі Ганны Кандрацюк — пра Белавежскую пушчу і яе людзей. Кніга, якая мае назву «У прысценках старога лесу», выйшла ў выдавецкай серыі штотыднёвіка «Ніва» — выдання беларусаў у Польшчы.
Беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў так прадставіў новае выданне літаратаркі з Падляшша.
«Беларускае слова пісьменніцы і неўтаймоўнай вандроўніцы Ганны Кандрацюк заўсёды жывое, шматфарбнае і духмянае, насычанае гукамі і водарамі дарагой ёй зямлі. Яе проза нязменна выклікае ў мяне ўсцешлівае адчуванне сваёй прысутнасці побач з аўтаркай – і тады, калі яна выпраўляецца ў дарогу па родным Падляшшы ці па беларускіх вёсках па той бок мяжы, і тады, калі кіруецца па Прыпяці па Нобель, і тады, калі падарожнічае ў прасторы і часе па абодва бакі Белавежскай пушчы.
Новая кніга Ганны Кандрацюк таксама зачароўвае. Яе таленавітыя старонкі падаруюць чытачу яскравы суплёт непаўторных гісторый і сустрэч з цэлай галерэяй герояў: ад старой Дамінкі з Кутлоўкі, якую адкалыхалі з мёртвых яшчэ на трыццаць гадоў жыцця, і знакамітай сям’і Елянецкіх з Камянеччыны да ацалелых удзельнікаў трагедыі ў Залешанах і нобелеўскага лаўрэата Чэслава Мілаша, які меў ганаровае званне Прыяцеля Белавежскай пушчы і быў прыяцелем усіх беларусаў. Дзве часткі нашай адвечнае пушчы перагукаюцца тут ранішнім рэхам і спавіваюцца вечаровым туманам, робячыся метафізічнымі суаўтаркамі Ганны ў яе аповедзе пра неспасцігальную таямніцу жыцця», — маляўніча прадставіў кнігу спадарыні Ганны аўтар «Танцаў над горадам», «Ордэна белай мышы» і іншых твораў.
Пісьменніца хацела б зрабіць прэзентацыю твора ў Беларусі — на дадзены момант шукаюцца варыянты.
У Польшчы ж кнігу можна знайсці ў беластоцкім тыднёвіку «Ніва» ці звярнуцца па каардынацыю да самой аўтаркі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: