Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў абвясціў доўгі спіс кніг, намінаваных на паэтычную прэмію імя Наталлі Арсенневай за кнігі 2025 года.
«Гэты сезон засведчыў не толькі разнастайнасць паэтычных галасоў, але і выразную тэндэнцыю да пошуку новых формаў, моўных рашэнняў і спосабаў асэнсавання рэчаіснасці», — адзначаюць арганізатары ўзнагароды. З поўнага спісу журы адабрала кнігі, што найбольш пераканаўча і выразна раскрываюць патэнцыял сучаснай беларускай паэзіі.
У доўгі спіс увайшлі 10 паэтычных кніг:
- «2/3» – Фелікс Аксёнцаў (Hochroth, 2025)
- «Анатомія» – Артур Камароўскі (Skaryna Press, 2025)
- «Нетутэйшая далечыня» – Ігар Кулікоў (Янушкевіч, 2025)
- «Хроніка адмаўлення пустаты» – Ілля Кульбіцкі (Skaryna Press, 2025)
- «Той, хто смяецца» – Ілона Мядунка (зашыфраваны ўдзел)
- «Праспект Нежалезнасці» – Мікіта Найдзёнаў (Янушкевіч, 2025)
- «Кровазварот» – Юлія Цімафеева (Янушкевіч, 2025)
- «Чайны збор. Выбраная постпаэзія 2007–2025» – Макс Шчур (SayBeat, 2025)
- «Надзейны сродак ад прывідаў» – Ганна Янкута (Hochroth, 2025)
- «Śviata žyćcia» – Frydrych Samotny (Hochroth, 2025)
Каманда прэміі пракаментавала свой выбар:
«Абраныя кнігі дэманструюць багацце паэтычнай нівы, разнастайнасць стыляў, школ, кірункаў. Тут і ўвага да мовы як да матэрыялу і прасторы досведу, і спроба асэнсаваць сучаснасць ва ўсёй складанасці і шматпластовасці. Магчыма, сярод твораў ёсць тыя, што з часам стануць класікай і ўвойдуць у анталогіі найлепшых».
Цырымонія ўручэння паэтычнай прэміі імя Наталлі Арсенневай адбудзецца 27 траўня ў Новым Тэатры ў Варшаве.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

