Кінапраекты беларускіх аўтараў у працы будуць асобна прэзентаваны на Берлінскім міжнародным кінафестывалі ў межах Еўрапейскага кінарынку. Паказ стане часткай імпрэзы Беларускай незалежнай кінаакадэміі, якая адбудзецца 17 лютага на галоўнай пляцоўцы фільммаркету ў Martin Gropius Bau, дзе аб’яднанне кінематаграфістаў прэзентуе сябе як новую арганізацыю. Да падзеі мяркуе далучыцца і міністарка Нямеччыны ў пытаннях культуры і медыяў Кляўдыя Рот.
На фестывалі прэзентуюць наступныя кінапраекты ў працы: “Да гэтага лета” Дар’і Жук, “У чаканні Бэрнаў” Аляксея Палуяна, “8 гадоў і 3 месяцы” Мары Тамковіч, “Лісты” Андрэя Куцілы, “Чыясьці жонка” Волі Чайкоўскай, “Чацвёрты шлях” Сашы Кулак, “Юркі” Улады Сяньковай, “Я зрабіў памылку, калі сюды прыехаў” Ксеніі Галубовіч, “Саўрамэн” Мікіты Лаўрэцкага і “Алесь Родзін. Арт-мэсідж” Марты Верас.
«Мы спыталі ў кінасуполкі, хто над чым працуе, і выбралі з гэтага дзесяць кінапраектаў, – кажуць сябры ініцыятыўнай групы кінаакадэміі Ірэна Кацяловіч і Ігар Сукманаў, што адбіралі праекты для прэзентацыі. – Палова з іх у розны спосаб, наўпрост ці апасродкавана, закранае падзеі ў Беларусі пасля 2020 года. Ёсць ужо амаль гатовы фільм пра бежанцаў у Беларусі Ксюшы Галубовіч. Дзеянне карціны Сашы Кулак увогуле тэрытарыяльнай Беларусі не тычыцца і адбываецца ў розных кропках Узбекістана. Дакументальная стужка Марты Верас паказвае мастака Алеся Родзіна, які нядаўна пайшоў з жыцця. Так, у нашых аўтараў дастаткова рэфлексій на сучасныя падзеі ў Беларусі, але іх інтарэсы гэтым не абмяжоўваюцца. І самае цікавае, гледзячы па заяўках, якія мы атрымалі, у працы ў беларускіх рэжысёраў знаходзіцца не менш за 20 кінапраектаў, і гэта толькі поўнаметражныя работы і толькі тыя, што да нас адгукнуліся”.
Чатыры з названых праектаў належаць сябрам ініцыятыўнай групы Беларускай незалежнай кінаакадэміі. Аўтары будуць прэзентаваць кінапраекты, над якімі працуюць, асабіста. Гэта ігравое і дакументальнае кіно – як на стадыі напісання сцэнара, гэтак і на этапе постпрадакшн. Захада скіраваная перадусім на патэнцыйных партнёраў, а таксама мае на мэце даць уяўленне, над чым сёння працуюць сучасныя беларускія фільммэйкеры.
Нагадаем, што на пачатку лютага супольнасць незалежных беларускіх кінематаграфістаў аб’явіла аб стварэнні Беларускай незалежнай кінаакадэміі. Яе мэта — прасоўванне інтарэсаў творцаў незалежнага беларускага кіно, у тым ліку на міжнародных пляцоўках.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram