Дзесяць цікавостак пра фільм «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч, які зараз ідзе ў польскім пракаце

Главное
Кадр з фільма "Пад шэрым небам".

Ужо больш за дзесяць дзён у польскім пракаце ідзе кінастужка Мары Тамковіч «Пад шэрым небам» — кіно, натхнёнае гісторыяй беларускіх журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша. Reform.news сабраў дзесяць цікававостак пра драму, якая сёння распавядае пра Беларусь пасля пратэстаў 2020 года не толькі польскай і беларускай публіцы, але гледачу па ўсім свеце.

Нагадаем, што ігравая карціна «Пад шэрым небам» змяшчае ў цэнтр увагі гісторыю беларускіх журналістаў на фоне пратэстаў 2020 года і ўзмацнення рэпрэсій. Рэжысёрка засяроджваецца на стасунках галоўных герояў — Лены і Ільі, якія, трапіўшы ў махавік рэпрэсій лукашэнкаўскага рэжыму, знаходзяць адно ў адным падтрымку і надзею жыць у страшных і складаных абставінах.

Цікавостка першая: хто такая Мара Тамковіч?

«Пад шэрым небам» з’яўляецца поўнаметражным дэбютам беларускай рэжысёркі Мары Тамковіч. Кінематаграфістка нарадзілася ў Мінску, але атрымала журналістскую і рэжысёрскую адукацыю ў Варшаве (Варшаўскі ўніверсітэт, Варшаўская кінашкола і Школе Вайды). Бацька Мары — вядомы журналіст і пісьменнік, заснавальнік і кіраўнік газеты «День» Аляксандр Тамковіч. Аўтарка дзесяць гадоў працавала журналісткай незалежных беларускіх СМІ ў Польшчы, але потым сышла ў кіно, дзе акурат аддала перавагу сацыяльна ангажаваным тэмам, кінематографу, які падымае складныя і «нязручныя» пытанні. Так, адкрыццём польскага кінематографа і фільмам-пераможцам Нацыянальнага конкурсу мінскага фестывалю «Лістапад» у 2018 годзе стала дыпломная праца Мары Тамковіч «Дачка», у якой рэжысёрка ставіла пытанне аб сістэме забароны абортаў у Польшчы.

Дзесяць цікавостак пра фільм «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч, які зараз ідзе ў польскім пракаце
Мара Тамковіч (у цэнтры) падчас сесіі пытанняў і адказаў на кінафестывалі ў Гдыні. Фота: Reform.news.

Цікавостка другая: як паўстаў дэбют?

Драма «Пад шэрым небам» «вырасла» з кароткага метра «У жывым эфіры», у якім з’яўляецца гераіня Лена — вобраз журналісткі, натхнёны постаццю Кацярыны Андрэевай. У кароткаметражнай карціне  «У жывым эфіры» глядач бачыў стрым з Плошчы Пераменаў, які Лена вядзе разам з калегай — аператаркай (вобраз, натхнёны Дар’яй Чульцовай). Гэты эпізод у змененай яго версіі трапіў і ў кіно «Пад шэрым небам».

Дзесяць цікавостак пра фільм «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч, які зараз ідзе ў польскім пракаце
Кадр з фільма «У жывым эфіры». Права: Wajda Studio.

Цікавостка трэцяя: бюджэт

Поўнаметражны дэбют Мары Тамковіч здымаўся ў надзвычай кароткія тэрміны — 15 дзён і за вельмі абмежаваны бюджэт — 1 мільён злотых. Стужка на 90 адсоткаў была прафінансавана Польскім кінаінстытутам, і гэта вельмі сціплыя сродкі па мерках еўрапейскага кіно. Тым не менш карціна была адабрана ў конкурс прэстыжнага амерыканскага фестывалю незалежнага кіно Tribeca Film Festival, заснаванага Робертам Дэ Ніра. Менавіта ў Нью-Ёрку адбылася яе міжнародная прэм’ера ў 2024 годзе. Мара Тамковіч з’яўляецца і аўтаркай сцэнарыя карціны.

Цікавостка чацвёртая: «жывыя» кадры

У стужцы выкарыстоўваюцца кадры з сапраўднага рэпартажу Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай, які яны вялі для «Белсата» з Плошчы Пераменаў у лістападзе 2020 года.

Дзесяць цікавостак пра фільм «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч, які зараз ідзе ў польскім пракаце
Кадр з фільма «Пад шэрым небам».

Цікавостка пятая: у фільме здымалася Даша Чульцова

Як адзначае Мара Тамковіч, на фільме не было адмысловых кансультантаў. Але рэжысёрка шмат размаўляла з Ігарам Ільяшом — мужам Кацярыны Андрэевай — падчас працы над фільмам. Таксама моцны адбітак на кінематаграфістку пакінула сустрэча з Дашай Чульцовай. Даша бачыла кароткаметражны фільм «У жывым эфіры» і таксама знялася ў эпізодзе ў «Пад шэрым небам». Журналістка ўзнікае ў сцэне суда над, уласна, журналісткамі, літаральна насупраць гераіні, якую натхняе. (Дашу іграе ў «Пад шэрым небам» Паліна Чабатырова). Асістэнка, не ведаючы, што перад ёй Дар’я Чульцова, прыйшла да рэжысёркі з прапановай памяняць статыстку ў першым шэрагу, бо «яна занадта падобная на акторку».

Дзесяць цікавостак пра фільм «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч, які зараз ідзе ў польскім пракаце
Кадр з фільма «Пад шэрым небам». У ролях Паліна Чабатырова і Аляксандра Вайцэховіч.

Цікавостка шостая: хто такая Аляксандра Вайцэховіч?

Выканаўцу галоўнай ролі — Аляксандру Вайцэховіч, якая ўвасабляе журналістку Лену — Мара Тамковіч адшукала яшчэ падчас працы над кароткаметражнай карцінай «У жывым эфіры». Яе ўдзел адразу не ставіўся пад пытанне. Потым Аляксандра была зацверджана і на ролю Лены ў «Пад шэрым небам».

У даробку Аляксандры — праца ў Беларускім музычным тэатры, СХТ, у тэатры «Тэрыторыя мюзікла», у пастаноўках якога яна выконвала галоўныя ролі. Пасля пераезду ў Польшчу Аляксандра вырашылася адысці ад мастацтва, тэатра, але ад ролі ў праекце Мары Тамковіч не здолела адмовіцца. Хоць і разумела, што сыграць журналістку Лену — гэта вялікая рызыка, і шлях у Беларусь артыстцы будзе заказаны. Але творца пайшла на гэты крок. Варта дадаць, што ўдзел Аляксандры ў «Пад шэрым небам» нельга называць кінадэбютам, акторка здымалася ў кіно і раней, у прыватнасці, іграла Бону Сфорцу ў вядомым тэлепраекце «Зваротны адлік». Але роля журналісткі Лены, вядома, адная з галоўных у яе кар’еры.

Дадамо, што Аляксандра з’яўляецца менеджарам кніжнай крамы NookBook ва Уроцлаве, горадзе, дзе зараз жыве.

Дзесяць цікавостак пра фільм «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч, які зараз ідзе ў польскім пракаце
Кадр з фільма «Пад шэрым небам». У галоўнай ролі — Аляксандра Вайцэховіч.

Цікавостка сёмая: «Я ведала, што ён не будзе маўчаць»

А вось актора на ролю Ільі — прататыпа Ігара Ільяша — Мара Тамковіч шукала доўга. Рэжысёрка некалькі месяцаў глядзела на кастынгу розных актораў, і толькі пасля таго, як вырашыла пашырыць пошукі і на небеларусаў, падумала пра літоўскага артыста Валянціна Навапольскага. Мара пазнаёмілася з ім на фестывалі «Арт Фільм Фэст» у Кошыцэ напрыканцы 2010-х — яна ўбачыла яго працу ў фільме «Алег» і падумала пра тое, што хацела б папрацаваць з гэтым артыстам.

«Калі Валя прачытаў першую версію сцэнара, мы стэлефанаваліся, — распавяла пра досвед супрацы з артыстам рэжысёрка. — Ён наўпрост сказаў мне: «Сцэнар сыры». Гэта была вялікая палёгка. Я ведала, што ён не будзе маўчаць, калі штосьці пойдзе не так, і я змагу разлічваць на ягоны талент і шчырасць, каб зрабіць гісторыю лепш. Трэба было толькі пераканаць яго паверыць, што я сапраўды зраблю яе лепш. І гэта атрымалася».

Дзесяць цікавостак пра фільм «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч, які зараз ідзе ў польскім пракаце
Кадр з фільма «Пад шэрым небам». У ролі Ільі — Валянцін Навапольскі.

Цікавостка восьмая: а хто там у масоўцы?

У масоўцы карціны здымаліся людзі, які прыйшлі ў праект па абвестках, а таксама ўсе сябры здымачнай каманды. У натоўпе — сцэнарысты і сцэнарысткі, рэжысёры, аператары, шмат неабыякавых людзей, якія адгукнуліся дапамагчы, прызнаецца аўтарка фільма.

Таксама і ролі амапаўцаў у фільме сыгралі кіношнікі. У адной сцэне — гэта польскі прадзюсар, а ў іншай — узнагароджаны рознымі польскімі кінаўзнагародамі сцэнарыст.

Цікавостка дзявятая: дзе здымаліся сцэны «пад Акрэсціна»?

«Пад шэрым небам» здымаўся ў Варшаве і пад ёй. У фільме ёсць сцэны, якія адбываюцца нібыта «пад Акрэсціна»; а таксама — унутры жаночай калоніі. Яны здымаліся ў непрацуючым папраўчым цэнтры для непаўгадовых у Варшаве. Муры калоніі здымаліся асобна — пад варшаўскай турмой на Бялалэнцы.

Як падзялілася Мара Тамковіч, папраўчы цэнтр знаходзіцца побач з аэрапортам, і там увесь час чуваць самалёты. У сцэне доўгатэрміговага спаткання Лены і Ільі героі робяць паўзы, каб перачакаць гэты гук — гэта арганічна атрымоўвалася на пляцоўцы. Сцэны былі працяглыя, цяжка было трапіць у цішыню. Па выніку, водгаласы самалётаў сталі важнай часткай канцэпцыі гукавога дызайну ў тых прасторах.

Дзесяць цікавостак пра фільм «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч, які зараз ідзе ў польскім пракаце
Кадр з фільма «Пад шэрым небам».

Цікавостка дзясятая: хто ўжо бачыў карціну?

На дадзены момант «Пад шэрым небам» быў паказаны на буйных кінафестывалях на ўсіх кантынентах і мае шэсць узнагарод. Фільм меў два туры паказаў з сустрэчамі ў Італіі і зараз дэманструецца ў Вялікабрытаніі як частка фестывалю польскіх фільмаў «Кінатэка». Ён атрымаў шмат станоўчых рэцэнзій ад замежнай кінапрэсы, а таксама яму далі добрыя адзнакі слынныя польскія кінематаграфісты: кінарэжысёры — Агнешка Холанд («Поўнае зацьменне», «Таямнічы сад», «Зялёная мяжа»), Войтэк Смаржоўскі («Клір», «Валынь»), актор Анджэй Грабоўскі («Дзядзька Фаліярж», «Пітбуль», «Свет паводле кепскіх хлопцаў», «Дарожны аддзел»).

Нагадаем, што зараз фільм ідзе ў польскім пракаце, і расклад паказаў выглядае наступным чынам:

  • У Гдыні карціна ідзе ў Гдыньскім кінацэнтры (Gdynskie Centrum Filmowe)
  • У Лодзі — у кінатэатры «Чарлі» (Charlie)
  • У Катавіцах — у кінатэары «Святовід» (Swiatowid)
  • У Кракаве — у кінатэатрах «Кіка» (Kika) і «Мікро» (Mikro)
  • У Новым Сонжы — у кінатэатры «Сокол» (Sokol)
  • У Познані — у кінатэатрах «Булгарска, 19» (Bulgarska,19) і «Мальта» (Malta)
  • У Варшаве — у кінатэатры «Культура» (Kultura)
  • Ва Уроцлаве — у кінатэатры «Новыя гарызонты» (Nowe Horyzonty).

Пракатчык карціны кампанія Żółty Szalik падкрэслівае, што калі ў польскім горадзе, дзе вы жывяце, кінатэатры не паказваюць карціну «Пад шэрым небам», можна звярнуцца да кіраўніцтва кінатэатраў з адпаведнай просьбай. Яно мусіць зрэагаваць на цікавасць гледачоў.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости