Міністэрства культуры спыняе працоўныя адносіны з адным з найвядомейшых музейных кіраўнікоў — генеральным дырэктарам Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімірам Пракапцовым. Як паведаміла Reform.by крыніца з культурніцкіх колаў, на наступным тыдні пройдзе «развітальная» планёрка галоўнага менеджара ўстановы культуры з калектывам.
Сёлета генеральнаму дырэктару Нацыянальнага мастацкага ў жніўні спаўняцца 70 гадоў. Таму афіцыйнай прычынай непрацягнення кантракту стаў паважаны ўзрост.
Па звестках крыніцы, Уладзімір Пракапцоў у статусе генеральнага дырэктара ўстановы дапрацоўвае апошнія дні.
Уладзімір Пракапцоў займаў пасаду кіраўніка Нацыянальнага мастацкага музея 25 гадоў і лічыўся адным з «непатапляльных» менеджараў. Яго вядомым праектам стала стварэнне музейнага квартала, і дабівацца яго прыйшлося дзесяцігоддзямі. Часткова музейнаму кіраўніку ўдалося ажыццявіць свой праект — у пазамінулым годзе па вуліцы Карла Маркса, 25 быў адкрыты новы корпус Нацыянальнага мастацкага, а ў корпусе на Кірава, 25 — у новых умовах запрацавалі майстэрні рэстаўратараў, навуковая бібліятэка і фондасховішча. У планах дырэктара было і ўнутранае аднаўленне галоўных будынкаў музея — па вуліцы Леніна, 22 і 20.
У час дырэктарства Уладзіміра Пракапцова ў Нацыянальным мастацкім адбылося шмат гучных выставачных праектаў — ад «Дзесяці стагоддзяў мастацтва Беларусі»- да выставы «Жаночы род». І ў апошнія гады музею ўдавалася трымаць планку прафесіяналізму на фоне агульнай паступовай дэпрафесіяналізацыі ўстаноў культуры з-за рэпрэсій адмыслоўцаў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram