Два арыгіналы Берасцейскай Бібліі былі знойдзены недалёка ад польскага Аполе

Культура
Фота: wiadomosci.radiozet.pl.

На гарышчы прыватнага дома недалёка ад польскага Аполе ў мясцовасці Покуй былі знойдзены два арыгіналы Берасцейскай Бібліі.

Сапраўднасць артэфактаў пацвердзіў дырэктар Дзяржаўнага архіва ў Аполе доктар Славамір Мархель. Кнігі, вядомыя таксама як Радзівілаўская Біблія, былі надрукаваныя ў 1563 годзе ў Брэст-Літоўску, паведаміла Radiozet.pl.

Берасцейская Біблія, выдадзеная на сродкі Мікалая Радзівіла Чорнага, з’яўляецца поўным перакладам Святога Пісання на польскую мову. Самая вялікая і багата аформленая беларуская друкаваная кніга XVI стагоддзя лічыцца адным з першых поўных перакладаў новага часу з моў арыгіналу: іўрыта і грэчаскай мовы. З прыкладна тысячы выдадзеных экзэмпляраў да нашых дзён захавалася меней за 140.

На думку Дарыюша Хемперэка з Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне, наяўнасць кніг, выдадзеных на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў Верхняй Сілезіі, мае сваё гістарычнае абгрунтаванне. Менавіта ў Верхняй Сілезіі (якая была на той час за межамі Рэчы Паспалітай) жылі палякі-пратэстанты.

Мы павінны памятаць, што асабістае чытанне Бібліі з’яўляецца адным са стаўпоў веры евангелістаў, непісьменнасць была грахом. Для палякаў Верхняй Сілезіі Берасцейская Біблія была адзіным спосабам выканаць гэту ўмову, — адзначае прафесар Хемперэк. — Акрамя таго, яна была выдатна перакладзена на польскую мову, а яе стварэннем займалася група біблеістаў, якія ведалі тры святыя мовы. Яны былі не толькі тэолагамі, якія дбалі пра вернасць зместу, але і паэтамі, якія ўмелі перадаць і «літару», і «дух» арыгіналу.

Здагадкі прафесара знаходзяць водгук у супрацоўнікаў Дзяржаўнага архіва ў Аполе. У ХІХ стагоддзі недалёка ад месца, дзе былі знойдзены кнігі, месцілася пратэстанцкая школа, дзе навучаліся дзеці на польскай мове. Верагодна, экзэмпляры Берасцейскай Бібліі маюць сувязь з гэтай школай, — разважаюць адмыслоўцы. Таксама разглядаецца версія, што старадрукі былі часткай бібліятэкі князёў Вітэнбергаў, палац якіх знаходзіўся ў Покуі. Але дакладныя абставіны, у выніку якіх Берасцейскія Бібліі былі схаваныя на гарашчы прыватнага дома, адмыслоўцам не вядомыя.

Зараз выданні, якія былі знойдзены яшчэ напрыканцы мінулага года, перавезены ў Катавіцы — там іх чакае шматмесячны працэс рэстаўрацыі.

У Беларусі асобнікі Берасцейскай Бібліі захоўваюцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі, Брэсцкай абласной бібліятэцы і Музеі гісторыі горада Брэста.

Згодна з Вікіпедыяй, кніга мае наступны выгляд.

Старадрук адкрывае ліст-прысвячэнне, які Радзівіл Чорны адрасаваў каралю Жыгімонту II Аўгусту.

Кніга мае вялікі аб’ём (каля 1500 старонак) фаліянтнага фармату. Акрамя біблейскіх тэкстаў уключае прадмовы і прысвячэнні, каментарыі і прадметны паказальнік (што было ўпершыню прыменена ў беларускім кнігадрукаванні). Надрукавана гатычным шрыфтам у дзве калонкі па 58 радкоў у кожнай. Выданне багата ўпрыгожана: маюцца гравіраваныя тытульныя аркушы, прыгожыя ініцыялы, 14 арыгінальных гравюр-ілюстрацый у тэхніцы ксілаграфіі. З вялікім майстэрствам выкананы застаўкі, віньеткі, вялікія літары-ініцыялы.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости