Доля расійскіх фільмаў у кінапракаце Беларусі складае больш за 30%
Reform.news · 5 ноября 2026, 20:00
https://reform.news/dolya-rasijskih-filma-u-kinaprakacze-belarusi-skladae-bolsh-za-30/Расійскія фільмы займаюць больш за 30% у агульным аб’ёме кінапракату Беларусі. Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар прадпрыемства «Кінавідэапракат» Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Карачэўскі.
Заява была зроблена ў рамках Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад», дзе 4 лістапада прайшоў Дзень кінематаграфіі Расіі.
«Мы заўсёды былі адзіныя з Расеяй. Я як прадстаўнік «кінапракату» магу сказаць, што расійскае кіно ніколі не сыходзіла з нашых экранаў. Расійскае кіно ў нашым кінапракаце займае больш за 30%. Я лічу, што гэта вельмі добрая лічба», — адзначыў Карачэўскі.
Паводле яго слоў, усе кінанавінкі, якія выходзяць у Расіі, абавязкова з’яўляюцца і на беларускіх экранах.
Гендырэктар «Кінавідэапракату» таксама падкрэсліў актыўны ўдзел расійскіх стужак у конкурснай праграме фестывалю. З больш чым 130 адабраных фільмаў 38-работы расійскіх вытворцаў.
Акрамя таго, Карачэўскі адзначыў, што прадпрыемства сумесна з прадстаўніцтвам Рассупрацоўніцтва ў Беларусі і «Роскіно» праводзіць не толькі камерцыйныя паказы, але і тэматычныя акцыі, такія як дні і ночы кіно. Асобная ўвага надаецца дзіцячым паказам расійскіх стужак і сумесным беларуска-расійскіх і савецкіх фільмаў.
Згадаем, што доля айчыннага кіно ў Беларусі на канец 2025 года складала 16-17% ад усіх сеансаў (раней – толькі 3-5%). 30–35% ад агульнага аб’ёма паказаў займае амерыканскае кіно, пасля ідзе еўрапейскае і азіяцкае.
Калі ж паглядзець на рэйтынгі фільмаў у Мінску, у лідарах баевікі, камедыі і трылеры з ЗША, Японіі і Паўднёвай Карэі і па-ранейшаму «Гары Потар». Лідары сярод рускіх фільмаў – гістарычная драма «Нараджэнне імперыі» пра Пятра І і «Бітва матораў» — пра стварэнне першага рускага серыйнага аўтамабіля. Беларускія фільмы ў рэйтынг лепшых ці папулярных не ўвайшлі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
