8 кастрычніка пачнуцца таргі, на якія рэжым выставіў прыватную калекцыю карцін Віктара Бабарыкі. Reform.news пацікавіўся гісторыяй збору, які мог бы ўзбагаціць любы музей не толькі Беларусі, а зараз распрадаецца як даброты «злачынца».
«Віктар Дзмітрыевіч заўжды цікавіўся мастацтвам, — распавяла пра захапленне экс-банкіра Reform.news крыніца з яго атачэння. — І яго жонка, Марына Дзмітрыеўна, заўсёды натхняла яго набываць творы.
Напрыклад, яны разам удзельнічалі ў аўкцыёнах, сачылі за таргамі. І асабіста былі на тым аўкцыёне, дзе набылі «Еву» Хаіма Суціна».
Але «Ева» сусветнавядомага габрэйскага мастака са Смілавічаў з’яўляецца «жамчужынай» ужо карпаратыўнай калекцыі «Белгазапрамбанка», той, якую сёння можна паглядзець у Палацы мастацтва ў Мінску.
Да вядомага праекта «Арт-Беларусь» — збору твораў мастакоў Парыжскай школы — выхадцаў з Беларусі, Віктар Бабарыка стаў набываць карціны для сябе. І як высветлілася, гісторыі калекцыі палітыка і «Белгазпрамбанка» моцна пераплецены — другая вырасла з першай.
«Да карпаратыўнай калекцыі банка ў Віктара Дзмітрыевіча былі іншыя праекты: супрацоўніцтва з фондам «Шанец», падтрымка тэатральнага фестывалю, але калекцыя твораў мастакоў Парыжскай школы была лагічным працягам гэтых актыўнасцей. На тым этапе банк фарміраваў імідж сацыяльна-адказнай ўстановы, — дзеліцца наш суразмоўца. — Але на пачатку не было ўзгаднення акцыянераў для фарміравання карпаратыўнага праекта. І тады Віктар Дзмітрыевіч стаў фарміраваць асабісты збор».

Па словах крыніцы, на экс-банкіра, захапленне мастацтвам якога падтрымлівала сужэнка, меў вялікі ўплыў і Уладзімір Шчасны, аўтар кнігі «Художники Парижской школы из Беларуси: эссе, биографии, путеводитель», старшыня Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусі па справах ЮНЕСКА (2001-2013).
Сустрэча з ім паўплывала на тое, што праект «Арт-Беларусь» увогуле быў ажыццёўлены, ды таксама Віктар Бабарыка кансультаваўся з беларускім дыпламатам і публіцыстам пры набыцці твораў мастакоў Парыжскай школы. Яшчэ адзін адмысловец, на чые меркаванні абапіраўся бізнесмен, — французскі галерыст Барыс Прынк. Маці апошняга — мастацтвазнаўства, якая ўсё жыццё даследавала Парыжскую школу. Густу гэтых людзей палітык давяраў.
Трэба адзначыць, што набываў Віктар Бабарыка і сучасных беларускіх мастакоў — тут ён кіраваўся асабістымі перавагамі.
«Віктару Дзмітрыевічу заўжды падабаліся ў жывапісе і мастацве пачуцці, эмоцыі, фарбы. Ён захапляўся колерам», — дзеліцца візаві.

Варта падкрэсліць, што працы мастакоў Парыжскай школы з Беларусі, якія складаюць карпаратыўную калекцыю «Белагазпрамбанка», можна ўбачыць у калекцыях іншых музеяў свету. Большасць беларускай публікі ведае слынных аўтараў — Марка Шагала, Леона Бакста, Хаіма Суціна, але імёны Міхаіла Кікоіна, Яўгена Зака, Пінхуса Крэменя, Восіпа Любіча, Восіпа Цадкіна, Шрагі Царфіна — для мастацкага свету велічыні, творы якіх маюць і сімвалічную, і фінансавую вагу. Па сутнасці дзякуючы ініцыятыве Віктара Бабарыкі сёння ў Мінску ёсць збор, які можна канкураваць з каштоўным мастацкімі калекцыямі іншых музеяў — напрыклад, Літва фарміруе сваю калекцыю мастакоў-літвакоў.
Можам тут узгадаць час, калі і карпаратыўная калекцыя ў галерэі «Арт-Беларусь» была арыштаваная па прычыне сувязі з Бабарыкам, але цяпер яна даступная для гледачоў.
Справа ў тым, што і ў асабістай калекцыі экс-банкіра — таксама ёсць творы прадстаўнікоў Парыжскай школы: Міхаіла Кікоіна, Яўгена Зака, Шрагі Царфіна ды іншых творцаў. Усяго на аўкцыён РУП «БелЮрОбеспечение» выстаўлена 19 твораў. Для рэжыму гэты збор — нічога іншае, як уласнасць «злачынца».
«Улады» аддаюць перавагу таму, каб прадаць працы выбітных мастакоў на аўкцыёне, каб кампенсаваць пазыкі ўдзельніка перадвыбарчай кампаніі 2020 года. Такой думцы, што карціны можна аддаць у беларускія музеі, не асабліва багатыя на арыгіналы, нават не прыходзіць у галаву дзяржчыноўнікаў.

«Чаму рэжым так распараджаецца творамі мастацтва?» — задалі пытанне візаві, пакідаючы за дужкамі сам акт дзяржаўнага рэкету ўласнасці палітычнага дзеяча.
«Шчыра кажучы, я бачу ў гэтым не план, а бязглуздасць бюракратычнай машыны, — адказвае наш суразўмоўца. — Для іх гэта звычайная маёмасць, якую яны спрабуюць прадаць».
Як дадае візаві, увогуле Віктара Бабарыку і Марыю Калеснікаву, на яго думку, рэжым вызваліць апошнімі.
Некалі на адной з сустрэч Віктар Бабарыка заўважыў, што для яго каштоўнасць мастацтва творцаў Парыжскай школы з Беларусі ў тым, што мастакі, якія выраслі, але потым з’ехалі з Беларусі, (пад)свядома адлюстроўвалі ў сваіх карцінах асяродак, які іх сфарміраваў. Беларусь у іх творчасці заставалася і праяўлялася самым нечаканым чынам.
Для рэжыму творы тых мастакоў не ўяўляюць мастацкай каштоўнасці — усяго толькі канфіскаваны тавар для папаўнення казны.
***
Карпаратыўная калекцыя «Белгазпрамбанка» сёння прызнана адным з самых буйных збораў работ экспрэсіяністаў Парыжскай школы не толькі ў Беларусі, але і ў цэлым ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе. Многія з набытых банкам твораў мастацтва ўключаны ў 2012 годзе ў Рэспубліканскі спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram