«Дэкаланізацыя — гэта прыйсці і заняць сваё месца»: Наста Рагатка адказала Коле Суліму на закіды пра ўдзел у берлінскім «Бебельплацы»

Фота: Інстраграм Насты Рагатка. Культура

Дыскусія вакол удзелу беларусаў у берлінскім кніжным кірмашы «Бебельплац» атрымала новы віток. Пасля рэзкіх выказванняў пісьменніка Колі Сулімы аб «калоніальнай традыцыі», слова ўзяла аўтарка кнігі «Носи с собой», журналістка і былая медыяменеджарка Наста Рагатка. Яна заклікала беларусаў не «забівацца ў кут», а захопліваць міжнародную прастору.

Прэзентацыя кнігі Насты Рагатка «Носи с собой» акурат мусіць адбыцца на Берлінскім кірмашы рускамоўнай кнігі — вакол удзелу ў ім беларускіх аўтараў і разгарэліся спрэчкі.

Пісьменніца так адказа на крытыку. На яе думку, беларуская супольнасць занадта шмат часу выдаткоўвае на рэфлексіі пра суседнюю краіну, замест таго каб будаваць сваё.

«Праблема ў тым, што пакуль вы змагаецеся супраць нечага чужога ўплыву, а не павялічваеце свой уласны, вы і знаходзіцеся ў цені гэтага кагосьці… Каб перайсці на якасна новы ўзровень, вам трэба перастаць жыць у пастаянным страху, што вас зжарэ Расія», — заяўляе Наста.

«Мы вельмі дрэнна экспартуем самі сябе»

Асноўны пасыл Рагаткі — дэфіцыт суб’ектнасці. Яна лічыць, што Беларусь для свету застаецца «нямым» рэгіёнам, пра які гавораць альбо ў кантэксце вайны ва Украіне, альбо ў кантэксце Расіі ці Кітая. Як чалавек з вялікім досведам у медыя і палітычным піяры, яна ўпэўнена: наш голас павінен гучаць паўсюль.

«Пакуль вы не распавядаеце сваю гісторыю, за вас гэта робіць нехта іншы. І вам не спадабаецца гэтая гісторыя. На мой погляд, беларусы павінны крычаць пра сябе, прысутнічаць на ўсіх фестывалях, выставах, канферэнцыях — на чым заўгодна».

Для Насты Рагаткі дэкаланізацыя — гэта не ігнараванне рускамоўных пляцовак, а фізічная прысутнасць на іх са сваімі сэнсамі. Яна падкрэсліла, што хоць яе кніга пакуль існуе на рускай мове, ужо рыхтуецца беларуская версія і пераклады на іншыя замежныя мовы.

«Дэкаланізацыя — гэта не забіцца ў кут і тузаць вокам кожны раз, калі нехта кажа, што Мінск чысты. Дэкаланізацыя — гэта прыйсці, заняць сваё месца і прывучыць іншых, што ты ўжо нікуды не сыдзеш», — рэзюмуе яна.

Кантэкст

Крытыка ў бок беларускіх удзельнікаў кірмаша рускамоўнай кнігі «Бебельплац», які распачынаецца ў траўні, пачалася з рэзкага паста пісьменніка Колі Сулімы. Ён назваў берлінскі кірмаш «сметнікам» і «расійскім фэстам», дзе беларускія аўтары вымушаны суседнічаць з дзеячамі расійскай ліберальнай эміграцыі. Суліма лічыць, што «свабодная руская культура» ў эміграцыі па-ранейшаму застаецца каланіяльнай у адносінах да беларусаў і ўкраінцаў.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.