Цырымонія асвячэння помніка «Ушанаванне Студзеньскага паўстання ў Вільні» прайшла сёння на тэрыторыі Францішканскага кляштара. Адкрыццё помніка прымеркавалі да 160-й гадавіны пакарання смерцю Кастуся Каліноўскага, якое адбылося 22 сакавіка 1864 года.
Ініцыятары памятнага манумента — каталікі Францішканскага кляштара, якія атрымалі падтрымку Польскага нацыянальнага фонду. Сюжэт дакладна паўтарае стары малюнак, на якім увасоблены тры паўстанцы і манах з узнятым крыжам.
Сюжэт — рэлігійны, гэтым, дарэчы, абумоўлена гіперрэалістычная стылістыка групавой скульптуры: тры паўстанцы — Кастусь Каліноўскі, Зыгмунт Серакоўскі і Цітус Далеўскі (менавіта іх рэшткі былі знойдзены на гары Гедыміна і перапахаваны ў 2019 годзе) — прымаюць прысягу на вернасць Богу і Айчыне перад статуяй Маці Божай Беззаганнай. Копія гэтай статуі таксама асвечана ў рамках цырымоніі.
Прыняцце прысягі адбывалася ў тым жа Францішканскім касцёле, гэты факт сімвалізуе постаць манаха-францішканца з узнятым крыжам. Віленскія францысканцы падтрымалі паўстанне, і таму пасля паразы ў будынках кляштара зрабілі турму.
Reform.by звярнуўся да экспертаў з пытаннем наконт дакладнасці ўвасобленых гістарычных дэталяў. «Дзіўна, што герб на адзенні Каліноўскага — з каронай. «Чырвоныя» якраз гэтую карону не ўспрымалі, бо пыхкала манархізмам, і таму, напрыклад, на сваіх пячатках яны гэтай выявы пазбягалі. Аднак выдатна, што помнік будзе, бо гэта яшчэ адна нагода ўзгадаць герояў паўстання. І дзень абраны з павагай да постаці Каліноўскага», — паведамляе наш эксперт.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: