Ужо трэці год запар Беларуская Рада культуры запускае ў свет ідэю святкавання Сусветнага Дня беларускай культуры. Глабальная кампанія, да якой запрашаюць далучыцца кожнага беларуса, беларуску, гуртуецца вакол даты 7 ліпеня — дня, калі нарадзіліся Янка Купала, Марк Шагал, Ян Чачот, а гэтаксама ночы, калі дасягае сваёй кульмінацыі беларускае Купалле.
Сёлета слоганам глабальнай кампаніі #ByCultureGlobal23 стануць словы «Расказаць Беларусь» (Speak Belarus).
«У нас ёсць патрэба не проста захоўваць сваю нацыянальную самасць у любой краіне, але і ганарыцца сабой, і гучна казаць пра сябе свету. Казаць не толькі пра свой боль і горыч, але і пра тое, якія мы, годныя беларусы, якая яна, Беларусь, што існуе ў нашых сэрцах, думках і памкненнях, і якой яна можа стаць у будучыні», — адзначае каманда Беларускай Рады культуры.
На думку арганізацыі, назва «Беларусь» раз-пораз з’яўляецца ў сусветных СМІ, але гэтая згадка ў большасці выпадкаў звязаная са словамі “Лукашэнка”, “дыктатура”, “ракеты”, “мігранты на мяжы”. Рада культуры заклікае суайчыннікаў «Расказаць (пра) Беларусь», якая з’яўляцца значна большай прасторай — і не абмяжоўваецца згаданымі «цэтлікамі».
«Дзейныя, актыўныя беларусы засноўваюць выдавецтвы і выпускаюць кнігі на беларускай мове, ставяць спектаклі, якія збіраюць аншлагі на сусветна вядомых пляцоўках, адкрываюць беларускія школы і ствараюць кантэнт на беларускай мове, спяваюць беларускія песні і танцуюць народныя танцы.
Разам з тым беларусы шануюць традыцыі і культуру тых мясцінаў, дзе жывуць, а праявы беларускай культуры паступова інтэгруюцца ў лакальны культурніцкі кантэкст, — падкрэсліваюць «радаўцы». — Свет мусіць ведаць, кім мы ёсць», — звяртаецца каманда да суайчыннікаў.
Беларуская Рада культуры прапаноўвае ладзіць па ўсім свеце самыя розныя культурніцкія мерапрыемствы.
«Расказваць Беларусь» — гэта:
Ад прыгатаваць любімую беларускую страву і паклікаць суседзяў на пачастунак — да зладзіць фестываль, адсвяткаваць Купалле, арганізаваць анлайн-івент — фарматы святкавання Cусветнага Дня беларускай культуры могуць самымі рознымі.
Рада культуры запрашае беларусаў з усіх куткоў свету дадаваць свае імпрэзы да агульнай мапы, якая зараз ствараецца на сайце «Новая Беларусь».
Гэтаксама ў сеціве можна спампаваць адмысловы брэндбук з лагатыпамі кампаніі.
Падрабязней пра глабальную акцыю можна дазнацца тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram