Фота: сайт Вялікага тэатра Беларусі.
Вялікі тэатр Беларусі анансаваў прэм’еру балета пра Марка Шагала «Любоў на сцэне», якая адбудзецца ў новым сезоне. За пастаноўку і лібрэта адказвае галоўны балетмайстар тэатра Ігар Колб. Згодна з апісаннем, новая пастаноўка тэатра — гэта разнародны калейдаскоп з Маякоўскім, Ясеніным, Дункан, Спесіўцавай, дзе Шагал — толькі адна з постацяў складанай эпохі. Больш за тое, у лібрэта з’яўляюцца Іван і Джулія з «Альпійскай балады» Васіля Быкава. Што адбываецца?
Нагадаем, што ўпершыню пра намер паставіць балет пра Марка Шагала кіраўніцтва Вялікага тэатра афіцыйна абвясціла ў эфіры БТ напрыканцы снежня 2025 года. Навіна была ўспрынята з вялікай цікавасцю, аднак ужо ў студзені 2026-га вакол праекта выбухнуў рэпутацыйны шторм.
Расійскі балетмайстар і харэограф Алег Габышаў публічна абвінаваціў галоўнага балетмайстра тэатра Ігара Колба і генеральную дырэктарку Кацярыну Дулаву ў плагіяце. Габышаў распавёў, што за паўтара года да гэтага ён асабіста прыязджаў у Мінск, праводзіў перамовы і перадаў тэатру гатовае лібрэта праекта «Шагал: Полет над городом» з распісанай біяграфіяй мастака (ад віцебскага пажару і кахання з Бэлай да канфлікту з Малевічам). Ад супрацы з Габышавым тэатр адмовіўся, але затым анансаваў пастаноўку як уласную задуму Колба.
Пасля скандалу размовы пра новы сцэнічны твор спыніліся. І вось ў ліпені тэатр афіцыйна паведаміў даты прэм’еры балета «Любоў на сцэне. Шагал» — 28 і 29 лістапада 20206.
Як сцвярджае сам Ігар Колб, ідэя яго аўтарскага спектакля нарадзілася праз гісторыю карціны Марка Шагала «Любоў на сцэне», якая збераглася і цяпер выстаўляецца ў Траццякоўскай галерэі ў Маскве.
«Мастак эміграваў у Еўропу, не ведаючы, ці захавалася яго палатно, — кажа Ігар Колб. — У савецкі перыяд, прыехаўшы ў Маскву, Шагал са здзіўленнем выявіў сваю працу: яе беражліва знялі з падрамніка, згарнулі і захавалі. Сёння яна ўпрыгожвае залу ў Траццякоўскай галерэі. Гэта перадгісторыя вельмі тэатральная. Прынцыпова важным мне падалося, што сувязным звяном тут з’яўляюцца людзі, якія захавалі гэтую карціну».
Менавіта таму, і гэта сувязь даволі дзіўная, балетмайстар вырашае ў новай пастаноўцы адысці ад аўтабіяграфіі Шагала і сфакусавацца на часе і людзях, «у эпоху якіх жыў і ствараў Шагал».
Творца абвяшчаецца толькі «стрыжнем», вакол якога будуць разгортвацца зусім іншыя гісторыі.
«Вакол Мастака на сцэне ажывуць яркія, трагічныя гісторыі яго сучаснікаў — Уладзіміра Маякоўскага і Лілі Брык, Сяргея Ясеніна і Айседоры Дункан, Сержа Ліфара і Вольгі Спесіўцавай», — адзначаецца ў анонсе.
Больш за тое, Колб вырашыў не абмежавацца рэальнымі асобамі, а ўключыў у балет таксама гісторыю Івана і Джуліі — выдуманых галоўных герояў «Альпійскай балады» Васіля Быкава. Гэта было зроблена дзеля таго, каб перадаць трагедыю і боль лёсу габрэйскага народа падчас Другой сусветнай вайны.
У віхуру мастацкіх прыёмаў таксама ўключаны: малітва на ідзішы, маштабныя дэкарацыі з візуалізацыяй купала Парыжскай оперы ды атмасфера шэрых паўтонаў, на фоне якіх «будуць «намаляваныя» яскравымі сплохамі гісторыі кахання — кахання да жанчыны, якое было пранесенае праз гады».
У музычную тканіну балета вярстаюцца творы Іаганеса Брамса, Сяргея Пракоф’ева, Альфрэда Шнітке і беларускага кампазітара Андрэя Зубрыча. За музычнае рашэнне спектакля адказвае музычны кіраўнік і дырыжор-пастаноўшчык — народны артыст Рэспублікі Башкартастан Арцём Макараў.
Візуальнае рашэнне і сцэнаграфію стварае мастачка-пастаноўшчыца Вольга Мельнік.
Аналіз новага анонсу стварае ўражанне, што тэатр вымушаны быў у тэрміновым парадку «перапакоўваць» спектакль. Паколькі Габышаў перадаў тэатру менавіта біяграфічнае лібрэта пра шлях мастака ад Віцебска да Парыжа, проста выкарыстаць яго азначыла б прама пацвердзіць абвінавачанні ў крадзяжы.
Каб зрабіць новы спектакль формальна «несплагіятным», яго насыцілі разнароднымі сюжэтнымі лініямі. У выніку гісторыя пра Шагала ператварылася ў калаж і сапраўдны «вінегрэт» з расійскіх паэтаў і кампілятыўнай музыкі — абы на паперы гэта выглядала як новая аўтарская канцэпцыя Колба.
У складзе выканаўцаў галоўных партый, якіх ужо анансаваў Ігар Колб, вымалёўваецца цікавая карціна кадравай палітыкі сучаснага Вялікага тэатра. Сярод імёнаў — як заслужаныя майстры беларускай школы, так і маладыя расійскія танцоры, прынятыя ў трупу ў апошнія гады.
Так, беларускі касцяк — гэта Антон Краўчанка (Маякоўскі) і Людміла Хітрава (Брык) — заслужаны артыст і народная артыстка Беларусі, якія застаюцца галоўнай апорай і творчым касцяком балетнай трупы.
Аляксандра Чыжык (Дункан) — вядучая салістка, гадавальніца беларускай школы.
Канстанцін Белахвосцік (Ліфар) — беларускі саліст, прадстаўнік вядомай артыстычнай дынастыі.
Ніка Скрэбкава (Спесіўцава) — 19-гадовая новая зорка беларускага балета, выпускніца Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа 2025 года.
Але, вядома, не абышлося без запрошаных артыстаў з Расіі.
Ураджэнец Тальяці, выпускнік Акадэміі танца Барыса Эйфмана ў Санкт-Пецярбургу, прыняты ў трупу Вялікага тэатра Беларусі ў 2023 годзе, Андрэй Барыеў будзе выконваць сталага Шагала і Сержа Ліфара.
Ясеніна ўвасобіць Іван Камышоў — ураджэнец Ліпецка, выпускнік Акадэміі Рускага балета імя Ваганавай, далучаны да беларускай трупы ў 2022 годзе.
Цікава, што поўны склад артыстаў не раскрыты: у анонсе пакуль згадваецца толькі вобраз «сталага» Шагала ў выкананні Барыева, а вось ці з’явіцца на сцэне асобны выканаўца партыі мастака ў маладосці, пакуль застаецца інтрыгай.
Тым не менш характэрна, што нават у беларускай пастаноўцы пра сусветнавядомага ўраджэнца Віцебска фінальны вобраз самога Шагала давяраюць артысту з Расіі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram