У публічнай прасторы з’явіўся «стоп-ліст» — спіс прыкладна з 80 выканаўцаў. У ім вельмі розныя прозвішчы і гурты — ад Інны Афанасьевай, Ларысы Грыбалёвай, Шэр, Lady Gaga да «Ляпіса Трубяцкога», «Нерваў», «Нейро Дюбеля», «N.R.M» і «Крамбамбулі».
Па інфармацыі Беларускай Рады культуры, гэта спіс музыкаў і гуртоў, чые песні забаронена выконваць у Беларусі. Ён быў перададзены ў дзяржаўныя ўстановы, звязаныя з арганізацыяй канцэртаў. Імаверна, спіс складаўся ў КДБ.
«КДБ заўжды меў дачыненне да кантролю над эфірнай палітыкай і гастрольнай дзейнасцю, але адказвала за гэта адміністрацыя прэзідэнта. Кажуць, цяпер КДБ кіруе ўсёй ідэалогіяй у краіне і больш актыўна ўключыўся ў кантроль, каб не дапусціць вальнадумства», — каментуе сітуацыю Сяргей Будкін, кіраўнік Рады культуры.
Пра «чорныя спісы» вядома з 1995 года: гэта негалосная забарона на гастролі музыкаў і эфірныя паказы. Пасля падзей 2020-га яны істотна пашырыліся.