22 ліпеня, падчас святкаванняў гадавіны стварэння Музея вольнай Беларусі, у цэнтры Варшавы на вуліцы Фоксаль, 11 адкрылі татальную інсталяцыю Ігара Цішына «Ад краю да краю».
Куратарка гэтай, як і мінулагодняй цішынскай экспазіцыі, – Вольга Мжэльская.
«Ад краю да краю» — гэта рэфлексія мастака на сённяшні дзень, хуткі і эмацыйны ліст, напісаны творцам сваім суайчыннікам, якія гэтак жа, як і ён, імкнуліся дасягнуць беларускай мары, але так і не здолелі разбурыць леташнюю сцяну.
Зрэшты, гледзячы на разарваныя мастакоўскія вобразы, пабудаваныя паводле сістэмы лёгка кантраляванага хаосу, кожны глядач можа прачытаць сваё, знайсці нітку, з дапамогай якой паспрабуе пераадолець гэты лабірынт. Калі, канечне, здолее распачаць гэты шлях, калі хопіць мужнасці ўчытацца ў стромкія выявы і прызнаць: на сценах — парушаныя каардынаты нашага свету.
Асобныя вобразы ўвогуле пакуль немагчыма вывесці на святло, напрыклад, твар забітага мастака. На яго месцы — абстрактны камок ліній.
Сёлетняя інсталяцыя Ігара Цішына цікавая тым, што гэта працяг, рэпліка, адказ на папярэдні праект, які адбываўся тут жа год таму, на адкрыцці Музея вольнай Беларусі. Выстава 2022 года мела назву «Дом, у якім разлятаюцца сцены. Паміж двума імгненнямі». Страта дому, сапраўднага і метафарычнага, спробы адшукаць апору ў свеце, які рушыўся на нашых вачах, рэзанавала агульнаму светаадчуванню. Фрагменты сцен, людзі, рэчы і жывёлы разляталіся пад уздзеяннем непераадольнай сілы. Тады мастак і намаляваў сцяну, праз якую сёлета героі Цішына спрабуюць выбрацца.
Я пытаю аўтара, як змянілася яго светаадчуванне за год. «У Вітэбску кепска, а ў Оршы яшчэ горша», — згадвае аўтар словы сваёй бабулі Ульяны. І дадае, што ў гісторыі былі такія выпадкі, калі людзям здавалася, што сёння вельмі кепска, і яны спадзяваліся, што стане лепей, аднак усё адбывалася яшчэ горш.
Некаторыя мінулагоднія аркушы Цішын выкарыстаў у новым праекце, частку іх перамаляваў, а адзін проста перакуліў. І чорны сабака, які кіраваў год таму ў неба, аказваецца пад коламі — як выразны цень таго абстрактнага жаху, што не дае «беларускай мары» ўзляцець.
Гэтай, бадай, адзін з самых выразных вобразаў цішынскай інсталяцыі — «беларуская мара», калёсы з крыламі, скіраваныя, па задумцы аўтара, наўпрост у космас. Вясковы сродак перамяшчэння — аўтэнтычна мінімалістычны, ён патрабуе нейкай цягавай сілы, і яна тут ёсць — гэта чорныя крылы ў выглядзе чорнай тканіны, прымацаванай да папяровага аркуша. Часткай гэтай кампазіцыі з’яўляецца вобраз парушанай камунікацыі — стол са зламанымі крэсламі, ён вырастае са старых малюнкаў і цяпер прысутнічае ў рэальным і крыху руінаваным выглядзе.
Назва выставы запазычана ў Францішка Багушэвіча, з яго верша «Дудка беларуская»: Эх, скручу я дудку! Такое зайграю, Што ўсім будзе чутка. Ад краю да краю! Гэта паэтычны маніфест, у якім Багушэвіч абяцае закончыць сваё адчайнае гранне «як крыві не стане».
Ігар Цішын уладкоўвае прастору сваёй выставы праз плоскасны малюнак, знойдзеныя прадметы, а таксама праз запазычанне, апрапрыяцыю іншых артэфактаў — рэпрадукцый сваіх работ, прац іншых аўтараў. Для яго важна, каб прастора пульсавала і была энергетычна напружанай у кожным сваім фрагменце.
Фармат татальнай інсталяцыі не прадугледжвае нейкага цэнтру, аднак цішынская інсталяцыя неаднародная.
Адзін кавалак прысвечаны Алесю Пушкіну, хоць гэта тэма пададзена крыху шырэй, калі прыглядзецца.
Іншая частка з «пашчай вайны» ўключае творы іншых аўтараў — Антаніны Слабодчыкавай, Міхаіла Гуліна, Ташы Кацубы.
Паламаны крыж Аляксандра Адамава становіцца рэчыўным акцэнтам экспазіцыі, прысвечанай Алесю Пушкіну.
Ёсць сцяна неўпарадкаванага хаосу, яна амаль без вобразаў, як крык.
Аднак у кожным такім фрагменце, калі наблізіцца да велізарных аркушаў (якія, безумоўна, магчыма сузіраць толькі з адлегласці), то можна ўбачыць дэталі, іншы пласт мастакоўскага паведамлення. Гэта квіток з Бруселя да Варшавы, што становіцца паверхняй аўтарскага жывапісу, фотаздымкі на дакументы са страчанай ідэнтычнасцю, рэпрадукцыі старых цішынскіх работ, якія дэталізуюць, удакладняюць і паглыбляюць…
Выстава Ігара Цішына «Ад краю да краю» будзе працаваць у Музеі вольнай Беларусі па 20 жніўня. На фотаздымках праект яшчэ не скончаны, дзевяці дзён, за якія мастак стварыў і перастварыў уласны свет, аказалася недастаткова, каб завяршыць выказванне.
Прыходзьце, каб паглядзець, што змянілася.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: