У гэтым артыкуле я давяду вам, чаму мы мусім ПАДТРЫМЛІВАЦЬ вайсковыя парады ў Менску і ў кожным беларускім горадзе.
Вайсковы парад – гэта ўрачысты праход вайскоўцаў, часта разам з баявой тэхнікай і авіяцыяй, які звычайна прымеркаваны да нейкай важнай гістарычнай даты ці падзеі, часам да завяршэння вялікіх вайсковых вучэнняў і нават рэальных баявых дзеянняў.
Гэтак, напрыклад, найбольшы ў амерыканскай гісторыі парад з часоў Другой сусветнай вайны адбыўся летам 1991 года ў Вашынгтоне ў гонар вызвалення Кувейта ад іракскай акупацыі — пераможнай аперацыі «Бура ў пустыні».
Парады выкарыстоўваюцца для дэманстрацыі вайсковай магутнасці супернікам, умацавання веры насельніцтва ў свае ўзброеныя сілы, для адчування еднасці паміж арміяй і цывільным насельніцтвам, папулярызацыі службы ў войску, для ўшанавання вайскоўцаў і ветэранаў за іхную службу і ахвяры.
Нядаўна прэзідэнт ЗША Дональд Трамп таксама прапаноўваў адрадзіць вялікія парады ў ЗША – яны, па ягонай думцы, павінны праводзіцца ў гонар тых, хто вяртаецца з войнаў у Іраку і Афганістане, а таксама каб паказаць свету сапраўдную ваенную моц Амерыкі.
Ваенны парад – сапраўды старажытная сусветная традыцыя, якая калісьці мела непасрэдны ваенны сэнс: жаўнеры ваявалі ў шчыльных шыхтах, якія павінны былі імкліва і зладжана манеўраваць і захоўваць строй, каб перамагчы.
Такім чынам, на парадзе кожны баец мог паказаць рэальныя баявыя ўменні ды паказаць якасць свайго ўзбраення.
Зараз на парадзе таксама можна дэманстраваць свае найноўшыя танкі, самалёты і стрэльбы, аднак звычайна ў гэтым удзельнічае толькі невялікая частка арміі, таму па парадных частках немагчыма судзіць аб узбраенні ўсёй арміі. З іншага боку, шыхтавая падрыхтоўка, хоць ужо не выкарыстоўваецца на полі бою, але сведчыць пра дысцыпліну жаўнераў, пра тое, ці могуць яны зладжана дзейнічаць як адна каманда.
Шыхтавая падрыхтоўка ды яшчэ і пад музыку стварае асаблівы псіхалагічны настрой і з’яўляецца пэўным армейскім «тымбілдынгам», якому ўжо каля трох тысячаў год. Таму ў любой больш-менш значнай арміі свету яна застаецца неадʼемнай часткай падрыхтоўкі маладых жаўнераў.
Што ж адбылося ў нас? У нас аказалася так, што звязаная з войскам і сілавымі структурамі частка грамадства ў значнай ступені застаецца ў старым савецкім ідэалагічным і новым расейскім тэлевізійным ментальным палоне. Для гэтага было шмат фактараў — савецкая армія была дзейным сродкам дэнацыяналізацыі беларусаў, сярод беларускіх афіцэраў была значная частка небеларусаў, рэзкае падзенне аўтарытэта службы ў 1990-я, што выклікала шмат у каго настальгію — але гэта зараз ужо не так важна.
Важна тое, што мы маем зараз — беларускія прафесійныя вайскоўцы не ўсе, але даволі многія, не ўспрымаюць беларускую культуру, ідэю беларускай дзяржаўнасці, сумуць па часах агульнасавецкай «велічы і моцы», схільныя паддавацца ўсходняй прапагандзе.
Такога ў нашай арміі яшчэ шмат. Але гэта прычына бараніць сваю армію ад савецка-маскоўскага маразму, а не здзеквацца з яе.
У той жа час большасць сучасных беларускіх «інтэрнет-патрыётаў» пагарджаюць сваёй арміяй і сваімі вайскоўцамі, не вераць у іхны патрыятызм, не хочуць фінансаваць сваю армію і служыць у ёй.
Атрымліваецца, што абедзьве групы няздольныя знайсці паразуменне, бо проста слаба чуюць адна адну, а ў выніку адбываецца толькі рост варожасці.
Хоць сама сітуацыя абсурдная — армія беларускай дзяржавы мусіць быць і на самой справе ёсць гарантам бяспекі і незалежнасці гэтай дзяржавы, і любы нармальны беларускі нацыяліст мусіць падтрымліваць сваіх вайскоўцаў, свае спецыяльныя службы, імкнуцца як мага актыўней умацоўваць іх.
І не варта тут згадваць пра тое, што толькі дабраахвотнікі, а не армія, уратавалі Украіну ў 2014 годзе. Дабраахвотнікі на самой справе ў значнай ступені надалі імпэт усёй вялізарнай сілавой машыне дзяржавы, паказалі прыклад, штурхнулі сілавікоў у бок актыўнага супраціву праціўніку. Але менавіта Ўзброеныя сілы Украіны і рэгулярныя фарміраванні Нацыянальнай гвардыі і спецслужбаў сталі асноўнай сілай, якая спыніла і пачала контрнаступ супраць прарасейскіх баявікоў. Падрабязней — чытай тут.
У любым выпадку Беларусі патрэбныя прафесіяналы-вайскоўцы, міліцыянеры, камандас арміі і спецслужбаў, якія маюць выразную нацыяналістычную пазіцыю.
Дык прычым тут парады? — спытае разумны чытач.
Пры тым, што парад — гэта гонар найперш для самога беларускага войска, якім бы яно не было. Любое нармальнае войска хоча паказаць сябе ў найлепшым выглядзе сваім грамадзянам і прыняць ад іх пэўную долю кветак, апладысментаў і захаплення.
Калі мы адмаўляем у гэтым сваім вайскоўцам — мы адштурхоўваем іх ад сябе. А мы, нагадваю, павінны шукаць з нашымі афіцэрамі, жаўнерамі і генераламі дыялог.
Так, сучаснае беларускае войска фактычна недалёка адышло па сімволіцы і ідэям ад сярэдняга постсавецкага стандарту – тыя ж зоркі, амаль тая ж форма, тыя ж пагоны, амаль тыя ж сцягі. Гэта замінае нам верыць у тое, што армія будзе бараніць сваю краіну — бо незалежнасць Беларусі несумяшчальная з настальгіяй па СССР, існаванне якога выключала існаванне самастойнай беларускай дзяржавы. Але…
Справа ў тым, што, якім бы не было ідэйна і сімвалічна хібным і хворым войска Рэспублікі Беларусь, нам трэба зрабіць яго НАШЫМ войскам.
Парады — гэта савок? — Лухта, гэта тысячагадовая традыцыя, якая распаўсюджаная ва ўсіх краінах свету і пры любых палітычных рэжымах. Трэба вучыцца іх рабіць добра, але гэта не нагода іх зусім адмяняць.
Парады — гэта свята мілітарызму? — Ок, няхай. Галоўнае, каб беларускія юнакі-нацыяналісты ішлі служыць афіцэрамі, калі яны захапіліся танкамі на парадзе. Калі прыйдзе бяда, менавіта яны павядуць першымі сваіх падначаленых у бой — і падрыхтуюць іх так, каб яны выжылі і перамаглі, а не загінулі ў гераічных, але бязладных атаках.
Парады — гэта дорага? — Нічога страшнага. Галоўнае, каб вайскоўцы бачылі, што беларуская нацыя цэніць сваё войска і гатовае падтрымліваць сваіх дзяцей, якія носяць форму. Гэта даражэй многіх мільёнаў даляраў і любых кіламетраў сапсаванага асфальту.
Якім бы сумніўным зараз не быў вобраз беларускай арміі — савеччынна, дзедаўшчына, маразм ідэолагаў — грамадства павінна разумець, што без свайго войска Беларусь не можа існаваць. Наадварот, мы павінны імкнуцца, каб у ёй служылі і вучыліся абараняць краіну найлепшыя сыны Беларусі. І каб тыя, хто ўжо служыць у войску, бачылі ў нас не ворагаў, а людзей, якія турбуюцца за сваіх вайскоўцаў, хочуць як мага больш зрабіць для іх.
Зараз мы, як Джон Сноў, стаім і бачым, што большасць нашых рыцараў сумняецца, ці ісці за намі дзеля перамогі беларускага нацыялізму — справа малавядомая, справа небяспечная, а каб чаго не выйшла…
Але, калі мы не знойдзем агульную мову з нашымі рыцарамі, будзем адштурхоўваць іх ад сябе, помніць старыя рэальныя і толькі віртуальныя крыўды, то ў нас проста няма будучыні. Не адаб’емся.