Праект беларускага фатографа Пашы Крычко «Беларускія сувязі» стаў пераможцам фотаконкурсу «Family Connections» — адмысловай падзеі, якая ладзілася пры падтрымцы праграмы ЕС — Усходнееўрапейскага суседства і польскага фестывалю Fotofestiwal. Серыя Пашы Крычко, пра якую еўрапейскія СМІ пачалі актыўна пісаць увесну, была абраная з больш за 400 заявак фатографаў з Беларусі, Арменіі, Украіны, Азербайджана, Грузіі і Малдовы. Журы склала шорт-ліст з трох праектаў прадстаўнікоў кожнай краіны Усходняга партнёрства і сярод іх вызначала шэсць пераможцаў.
Праект Пашы Крычко ў цэнтр увагі змяшчае беларусаў пасля 2020 года — калі ў выніку рэпрэсій, зняволення, эміграцыі родныя людзі апынуліся ў розных краінах, у вымушаным расстанні. Гледзячы на фотаздымкі аўтара, становіцца бачным вялікае гора, праз якое праходзяць сем’і палітзняволеных; «праяўляюцца» нялёгкія будні беларусаў, што былі вымушаны з’ехаць за мяжу; мы бачым у звычайнай, перадваеннай абстаноўцы беларускіх добраахвотнікаў… Праз дакументальныя фатаграфіі аўтара паўстаюць лёсы людзей, жыццё якіх незваротна змяніліся пасля тэрору беларускіх уладаў у 2020 годзе. І мы можам бачыць маштаб гэтай трагедыі.
Пра сямейныя сувязі як частку вялікай гісторыі, Беларусь як адну сям’ю Reform.by пагутарыў з аўтарам серыі-пераможцы «Беларускія сувязі» фотаконкурсу «Family Connections», зладжанага Eu neighbourseast, — фатографам Пашам Крычко.
Даведка
Паша Крычко — камерцыйны і дакументальны фатограф з Беларусі. Да мая 2020 года ў асноўным фатаграфаваў вяселлі, мерапрыемствы і сем’і ў падарожжах па Еўропе. Ён перавярнуў сваё жыццё і кар’еру, калі пачаў асвятляць падзеі вакол прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе. У жніўні 2021 года быў вымушаны пакінуць Беларусь з меркаванняў бяспекі. Актыўна фатаграфуе на тэмы, звязаныя з Беларуссю і беларусамі ў Польшчы і Літве, пашыраючы геаграфію і ахопліваючы беларускія дыяспары ў іншых краінах. Яго працы публікаваліся ў часопісах Cicero, Le Parisien, часопісах NY Times і Le Monde.
«Да мяне на гэтай жа канапе спаў стачкамавец з Салігорска»
— Паша, распавядзі, калі ласка, як ты выйшаў на гэту тэму — тэму беларускай сям’і ў актуальных варунках?
— Першапачаткова мая тэма была адна — непасрэдна беларусы. Так атрымалася, што я выехаў з краіны ў 2021 годзе. Часова. А потым застаўся. І жыў у адным польскім доме, ночыў на нейкай кушэтцы. А пасля даведаўся, што да мяне на гэтай жа канапе спаў стачкамавец з Салігорска. Далей я пайшоў у шэлтар і ўбачыў там яшчэ беларусаў. Тых, хто вымушана з’ехаў і застаўся без дома. І такіх сустрэч было мноства. Так, паступова, я ўбачыў сябе ў гэтым цэлым — адным з многіх і многіх. І жаданне здымаць гісторыі беларусаў узнікала тут абсалютна натуральна. Падумалася, што калі ўлады хочуць сцерці тое, што было ў 2020 годзе, пакінуць толькі белы ліст, то трэба наадварот захаваць гісторыю. Я пачаў здымаць, каб зафіксаваць тое, што бачыў на ўласныя вочы.
— Які здымак быў першы, што ты зрабіў?
— Першы фотаздымак быў у шэлтары беларусаў у Варшаве.
Але калі казаць пра больш пільны погляд, паўнавартасную гісторыю, то маімі першымі героямі сталі Андрэй і Паліна з Брэста. Паліну за ўдзел у акцыях пратэсту асудзілі на паўтара года калоніі агульнага рэжыму, Андрэя — на паўтара года калоніі. На момант вынясення прысуду ў сям’і было двое дзяцей, Паліна чакала трэцяга. І Андрэй з Палінай вырашылі збегчы з краіны, бо была вялікая верагоднасць, што іх дзяцей аддадуць у дзіцячы дом. Яны збеглі праз беларуска-ўкраінскую мяжу, праз лес. І тут яны сталі тымі людзьмі, якія падпусцілі мяне да сябе.
А потым да іх гісторыі далучыліся іншыя беларусы.
Шчыра кажучы, напачатку я задаваўся пытаннем больш агульнага плану: што такое дом для беларусаў цяпер? Што ён з сябе ўяўляе? Я ведаў людзей, якія змянілі за месяц па пятнаццаць месцаў жыхарства. Колькі дзяцей апынуліся ў цалкам нязвыклым для сябе атачэнні. Беларусы ўвесь час жылі ў пераездах… Але потым у гэтай жа тэме праявілася лінія сям’і. І тэма сямейных сувязяў, на мой погляд, — гэта частка вялікай гісторыі.
Мной рухала жаданне паказаць праз свае фатаграфіі не толькі як беларусы адно пакутуюць, праз якія іспыты праходзяць, а таксама як яны, нягледзячы на ўсё, не здаюцца. Бо я ўбачыў гэта таксама падчас стварэння свайго праекта.
«Зараз усе беларусы моцна траўміраваныя»
— Паша, твой праект — гэта вялікае даследаванне. Ты кажаш, што беларусы не здаюцца. Але гэта гучыць даволі агульна. Мяркую, што ў цябе былі персанальныя сустрэчы, якія дазволілі ўбачыць настрой, перакананні людзей?
— Вядома, што кожны адчувае сябе па-рознаму. Ёсць тыя, хто стаміўся. Тыя, каму цяжка. Але ёсць людзі вельмі моцныя, я бы сказаў нязломныя. Напрыклад, тыя хлопцы, якія едуць на вайну.
Я размаўляў з адным маладым чалавекам, які вярнуўся па асабістых прычынах з Украіны ў Польшчу. Ён пабыў некаторы час тут і збіраўся назад. «Там мае сябры, людзі, якія мяне разумеюць. Я павінен там быць», — тлумачыў ён мне свой ад’езд назад. І я думаў пра сябе, што гэты хлопец мог бы спакойна застацца тут, ладзіць сваё жыццё, але ў яго ёсць гэта памкненне. Ён вяртаецца ва Украіну не пастраляць, не забіваць, — за яго вяртаннем стаіць вялікая мэта.
— Ты шмат сустракаў такіх людзей?
— Даволі. Я бачыў, напрыклад, хлопцаў, якія ехалі ва Украіну з Беларусі, бо ў Беларусі яны проста «выгаралі» знутры. Яны прагнулі штосьці рабіць, але ў краіне гэта было вельмі рызыкоўна, таму яны аддавалі перавагу таму, каб пайсці добраахвотнікамі ва Украіну. Яны выбіралі вось такі шлях дзеяння — стаць «каліноўцамі», «тэрораўцамі».
— І гэта пра новую ідэнтычнасць, і таксама — пра новыя сувязі. Калі людзі, супадаючы ў каштоўнасцях, выбудоўваюць новыя стасункі. Як той хлопец, пра якога ты раней распавядаў, казаў пра свае вяртанне ва Украіну — маўляў, мяне чакаюць сябры, блізкія людзі. Але ці даводзілася цябе бачыць, калі сувязі ў выніку абставін, разрываліся? Што сёння адбываецца з сем’ямі?
— Вядома, і прыклады расставанняў даводзілася бачыць. Бачыў выпадкі, калі ў выніку сапраўды цяжкіх выпрабаванняў пары распадаліся. Асабліва цяжка гэта бачыць, калі адзін з сям’і быў у зняволенні. Чалавек выходзіць з турмы і не можа знайсці, здаецца, са сваім блізкім, кропак судакранання. Усё змянілася, і трэба наноў выбудоўваць адносіны. І зрабіць гэта вельмі цяжка.
Мне падаецца, што зараз усе беларусы ў гэтым сэнсе моцна траўміраваныя. Пасля падзей 2020, 2021, 2022 гадоў, нам усім патрэбны псіхолаг. І я тут не кажу пра тых, хто вытрымаў зняволенне — тут дапамога патрэбна ўтрая. Але хачу казаць пра агульную траўму. Варта прызнаць, што адлегласць, калі па прычыне розных абставін родныя не бачаць адно аднаго, не маюць магчымасці зносін, — усё гэта на нас адбіваецца. І людзі азлабляюцца, становяцца больш агрэсіўнымі, выпускаючы свой гнеў часам не па адрасе. Людзі закрываюцца і пакутуюць. І мне падаецца, што ўзровень палярызацыі ў грамадстве з-за таго гора, што беларусы спыталі, будзе расці.
«Я хачу праз фатаграфію рабіць бачнымі нашы праблемы і поспехі»
— Паша, я ведаю, што цябе асабіста закранула гэта тэма — твае бацькі знаходзяцца ў Беларусі. Як ты асабіста перажываеш гэту дыстанцыю?
— Не скажу, што гэта лёгка, і не скажу, што гэта цяжка. Я разумею, што калі пачну акцэнтаваць на гэтым сваю ўвагу, гэта будзе перашкаджаць таму, што я магу зрабіць.
У пэўным сэнсе, мне дапамагае мая камера. Я бачыўся з бацькамі толькі раз пасля таго, як з’ехаў. Яны прыязджалі да мяне ў Польшчу. І я браў камеру і здымаў. І яна дапамагла мне трымаць сябе ў руках. Я разумеў, што з камерай зрабіў не тое, што працу, а пакінуў сабе ўспаміны. То-бок яны засталіся цяпер у мяне не толькі ў галаве, а і на фотаздымках.
Сёння ў майго бацькі праблемы са здароўем — у яго рак. І я разумею, што калі нешта здарыцца, я за гэтым буду назіраць толькі знешне. Мне складана гэта прыняць.
За час маёй адсутнасці не стала майго ката… Цяжка пра ўсё гэта казаць.
Я думаю пра гэта ўсё і разумею, што так, паступова, з-за абставін, мае сувязі вытанчаюцца. І гэта можна казаць не толькі пра бацькоў, сваякоў, — да мяне прыходзіць усведамленне, што ў пэўны момант я проста магу стаць чужым увогуле для Беларусі. То-бок, тыя людзі, з якімі я сябраваў, бавіў час, мы ўжо можам у адзін момант не зразумець адно аднаго.
Дарэчы, мне пра гэта распавядаў адзін хлопец, які меў ваенны досвед ва Украіне. Ён быў паранены на вайне і вярнуўся. І адчуў, што яго былыя сябры яго не разумеюць. Як і ён для іх ужо чужы чалавек. Я баюся гэтага. І так можна здарыцца з усімі беларусамі — тымі, хто жыве за мяжой, і тымі, хто жыве ў Беларусі — мы ўсе зараз праходзім гэта выпрабаванне.
— Так, і пры гэтым крыўды збіраюцца. Адны папракаюць другіх у тым, што яны супрацоўнічаюць з дзяржавай, другія кажуць пра тое, што на іх папросту забыліся. Як ты для сябе вырашаеш гэты канфлікт?
— Мне ўдалося пабываць па два бакі «Беларусяў», так скажам. Памятаю, калі пасля 2020 года я быў яшчэ ў краіне і чуў нейкія прапановы ад людзей, якія ўжо былі за мяжой — мне падавалася, што гэтыя парады цалкам адарваныя ад жыцця. Вельмі часта тыя ідэі, што гучалі, выглядалі як вар’яцтва.
Памятаючы той досвед, пасля ад’езду я вырашыў не даваць аніякіх парадаў беларусам у краіне.
У мяне сёння пазіцыя — больш назіраць за тым, што адбываецца тут, за мяжой. І сваімі фатаграфіямі я намагаюся паказаць беларусам, якія засталіся ў Беларусі, як тут жывуць іх суайчыннікі. Каб былі зразумелыя і цяжкасці, з якімі мы тут сутыкаемся, і каб беларусы маглі пабачыць прыклады моцы, змагання. Ці працуе тут яшчэ тая знакамітая салідарнасць, якую мы бачылі ў 2020 годзе? Альбо наадварот — яна ўжо не працуе. Што з намі адбываецца? Я хачу праз фатаграфію рабіць бачнымі нашы праблемы і поспехі. Каб у выніку мы маглі паглядзець на сябе і задаць пытанне: ці ўсё мы робім правільна? Дзе мы зараз? Як змяняемся?
Мне падаецца, што гэта лепш, чым даваць парады.
«Мы знаходзімся ў нейкай бурбалцы і ўсё ніяк не можам з яе выйсці»
— Сёння ў беларускім грамадстве ўсё часцей абмяркоўваецца такая тэза, ці сапраўды беларусы змяняюцца і сталеюць, ці ўсё ж мы «захраслі» ў вырашальным 2020 годзе, які, без сумневу, па-ранейшаму застаецца нашым месцам сілы, але ў той жа час цягне нас назад. Ці не адмаўляемся мы часам прымаць да канца тое, што адбываецца з намі менавіта зараз? Ці надзённае для цябе гэта пытанне? І як ты як фатограф у гэтым кантэксце выбіраеш, што здымаць?
— Я ўвогуле падтрымліваю той бок, які стаіць на пазіцыі, што хопіць «сядзець» у 2020 годзе. Той час быў вырашальны, важны, натхняльны, але трэба жыць у тых умовах, у якіх мы знаходзімся зараз.
І тут складана не згадаць прыклад Украіны, якая з месяца ў месяц нагадвае пра сваю павестку. Я назіраю, як украінцы трымаюць сваю тэму ў медыя, я сачу за гэтым як фатограф і натхняюся. Шмат, вельмі шмат праектаў распавядаюць пра тое, што адбываецца ва Украіне — праекты, які прысвечаны ўкраінскай культуры, мастацтву, — не толькі вайне. А мы нібыта больш сціплыя, больш ціхія, і пра нас нічога не чутна. Але варта распавядаць пра тое, што адбываецца — прытым што беларусы робяць вельмі шмат.
Нашы суайчыннікі ўдзельнічаюць у вайне на баку Украіны, яны дапамагаюць украінскім уцекачам, яны валанцёраць. Той жа шэлтар, у якім я здымаў — там аказаліся і беларусы, і ўкраінцы, і яны неяк ужываліся адно з адным, нават дапамагалі адно аднаму.
А як жыве беларуская дыяспара? Я ездзіў у Данію і пазнаёміўся з там з супольнасцю беларусаў. Яны распавядалі, як яны змяніліся падчас і пасля падзей 2020 года, як аб’ядналіся, што робяць… І варта расказаць свету пра гэта — што мы адметныя, важныя, што мы — не частка Расіі.
Можа быць пра нас нічога не пішуць, на распавядаюць, таму што мы самі нічога не прапаноўваем? Варта сустракацца з рэдактарамі замежных медыя, куратарамі фотафестываляў і прапаноўваць тэмы, гісторыі. У мяне ёсць адчуванне, што мы знаходзімся ў нейкай бурбалцы і ўсё ніяк не можам з яе выйсці.
А калі нам няма чаго прапанаваць, — то і цікавасці да нас не будзе. Яна фарміруецца да беларусаў, краіны, культуры пастаянна, а не толькі праз вялікія пратэсты.
— То-бок культура, культурныя праекты могуць быць той самай прапановай для замежных медыя, пра якую ты кажаш?
— Так. Сёння ў свеце вялікі попыт на візуальныя гісторыі. Вялікія тэксты — гэта добра, але менавіта фатаграфія, візуальны матэрыял прыцягваюць гледача і чытача.
У мяне быў кантакт з адным канадскім фатографам, які раней працаваў менавіта журналістам, які піша для Reuters. Ён пісаў пра забойства ў Конга, і ў адзін момант зразумеў, што яму не абысціся без фатаграфій. Ён дадаў фотаздымкі да свайго матэрыялу, і яму ўдалося праз візуальны складнік прыцягнуць больш увагі да таго, што адбываецца ў Конга.
Сёння, на жаль, у Беларусі незалежныя фатографы амаль не здымаюць. Краіна збольшага засталася без асвятлення. (Я не бяру да ўвагі дзяржаўныя медыя, у якіх прапагандысцкія задачы). Гэта зразумела — працаваць незалежным журналістам, фатографам у краіне небяспечна. Але атрымоўваецца, што вялікі пласт жыцця беларусаў у краіне аказваецца не зафіксаваным. Але калі немагчыма захаваць тое, што адбываецца на дакументальным узроўні, я маю спадзеў, што нехта гэта робіць на мастацкім. І ў нас будуць архівы пра гэты час.
«Беларусь у цэлым — гэта адна сям’я»
— І твой праект пра сямейныя сувязі, здавалася б, таксама складана візуалізаваць. І асабіста для мяне на прыкладзе тваёй серыі стаў бачны маштаб навалы, якую перажываюць беларусы — колькі людзей, сем’яў зараз церпяць з-за рэпрэсій, эміграцыі, вымушаных расставанняў… І як гэты боль нікуды не выходзіць.
— Я бы сказаў, што Беларусь у цэлым — гэта адна сям’я. Мой праект таксама і пра сувязі паміж намі ўсімі. Ёсць журналісты — і гэта таксама адна прафесійная сям’я. Ёсць айцішнікі — яшчэ адна супольнасць. Тыя ж ваяры-добраахвотнікі выбудоўваюць свае сувязі. Мне падаецца, што калі мы зразумеем тое, што ўсе злучаны — то станем мацней.
Мне падаецца, што беларусам цяпер гэта вельмі патрэбна. Захаваць тыя сувязі, якія ёсць, і разам з тым, — выбудоўваць новыя. Нам трэба ўсвядоміць, што павага пачынаецца з нас. Калі мы патрэбны сабе, то і іншыя зацікавяцца. Мы маем выдатных адмыслоўцаў у шматлікіх сферах, у нас — цудоўныя мастакі, музыкі, літаратары. Беларусы — вялікія эмпаты. Давайце паважаць адно аднаго і распавядаць пра нашы таленты свету.
— Паша, ведаю, што згодна з умовамі конкурсу, ты мусіш атрымаць як пераможца грашовы прыз — тысячу даляраў. На якія патрэбы, выбачай, патраціш прыз?
— Насамрэч яшчэ не вырашыў. Прызнацца, сёння я здымаю на камеру, якую набыў яшчэ ў 2014 годзе — хацелася б гэта неяк паправіць у лепшы бок. Але прыза, напэўна, хопіць толькі максімум на трэць камеры (смяецца). Яшчэ ёсць варыянт — заплаціць за кватэру.
Увогуле я ўдзельнічаў у фотаконкурсе «Family Connections» не дзеля фінансавай узнагароды. Калі мяне паклікалі ў Тбілісі на воркшоп, дзе я меў магчымасць пазнаёміцца з фатографамі з краін Усходняга партнёрства — гэта ўжо быў для мяне поспех. Безумоўна, для мяне было вельмі важна, што і тэма, якой я займаюся, набыла медыйную ўвагу. Гэта было галоўнай мэтай.
Але, вядома, адмаўляцца да прыза я не буду — грошы таксама не будуць залішнімі.
Паглядзець цалкам серыю Пашы Крычко і іншых беларускіх фіналістаў фотаконкурсу можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: