«Найніжэйшы паклон за акцэнтаваныя каштоўнасці і самыя гучныя воплескі за бездакорны саспэнс! Асобнае дзякуй за мізансцэну з эксперыментам, які наўпрост убівае гледача ў атмасферу нялюдскага жыцця», — такія водгукі пакідаюць гледачы на новы спектакль «Хутар» паводле «Знаку бяды» Васіля Быкава. У Беларускім тэатры лялек адбылася прэм’ера пастаноўкі «Хутар» у рэжысуры Яўгена Карняга.
Гледачы ў Інстаграме тэатра адзначаюць моц і глыбіню спектакля.
Дзяржаўная прэса вылучае не толькі тэму — супрацьстаянне простага чалавека ў часы акупацыі падчас Вялікай Айчыннай вайны, але таксама форму выказвання, называючы інтэпрэтацыю аўтараў твору Васіля Быкава моцным «псіхалагічным трылерам».


Нагадаем, што над пастаноўкай працавала зорнае трыа: аўтар інсцэніроўкі, рэжысёр — Яўген Карняг, мастак-пастаноўшчык — Таццяна Нарсісян, кампазітар — Кацярына Аверкава. У супрацы гэтага тандэму выходзілі такія спектактаклі як «На чорнай-чорнай вуліцы» паводле казак Ганса Хрысціяна Андэрсана, «Мроіва», «Разумны сабачка Соня», «Прададзены смех», а таксама нашумелыя пастаноўкі, якія ішлі ў разгромленым цяпер Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі «Шлюб з ветрам», «Пачупкі», «Забалоцце».
У цэнтры сюжэта «Хутара» — «гісторыя простых людзей, якія змагаюцца за тое, каб выжыць, і робяць складаны маральны выбар на мяжы жыцця і смерці. У гэтым выбары праяўляюцца ўсе адценні чалавечай душы, узнікаюць карціны з мінулага, калі героі таксама павінны былі нешта вырашаць у складаных абставінах… І хутар [Сцепаніды і Петрака] становіцца адзіным маўклівым сведкам невыносных выпрабаванняў ды знакам нязломнасці чалавечага духу».
У пастаноўцы задзейнічана амаль уся трупа тэатра. Персанажаў аповесці Быкава на сцэне ўвасабляюць два склады выканаўцаў. Галоўны ролі іграюць: Сцепаніда — Наталля Кот-Кузьма/Надзея Чэча, Пятрок — Аляксей Сянчыла/Уладзіслаў Соладаў.

«Напэўна, чалавек такі ўжо ад прыроды, што адказвае дабром на дабро, і не можа адказаць дабром на зло. Зло не можа спарадзіць анічога апроч зла, на іншае яно не здольна», — выносяць цытату Васіля Быкава ў праграму стваральнікі «Хутару».
Паглядзець спектакль можна ў чэрвені цягам тыдня — да 27 чысла, у ліпені ў афішы пастаноўка анансуецца на 14 і 15 чысло.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram