Reform.news

«Толькі ўнутры Беларусі літаратура мае шанец захавацца»: што рабіць з сыстэмным крызысам у белліце?

Reform.news · 28 ноября 2026, 19:33

https://reform.news/bellit-nihto-ne-chytae-czi-mozhna-neshta-zrabicz/

Reform.news вяртаецца з праектам «Культурная Re:візія», у якім праз тэксты беларускіх крытыкаў мы спрабуем скласці мапу культурнага ландшафту ў Беларусі і замежжы. Серыя аналітычных тэкстаў ад культурніцкіх журналістаў, даследчыкаў, дзеячаў мастацтва і культуры будзе выходзіць на нашым сайце цягам дзесяці месяцаў.

Мы працягнем рабіць рэвізію нашага культурнага поля, спрабуючы зафіксаваць феномены, з’явы, працэсы, і ў новым сезоне 2.0 зробім акцэнт на самых актуальных праблемах.

Што мы страцілі ў беларускай культуры? Што набылі? Як выйсці з-пад уплыву «рускага свету»? Як умацаваць сувязь пакаленняў і пераадолець разрыў паміж эміграцыяй і «мацерыком»? Што адбываецца ў розных відах мастацтва і як можна пераадолець наяўныя крызісы? Паспрабуем пашукаць адказы на гэтыя пытанні.

Наш першы тэкст – пра беларускую літаратуру. Пісьменнік Цімур Кудзеліч разважае пра сістэмны крызіс у белліце. Аўтары тут — чытачы там. Ці з гэтай прычыны белліт спарахнее і ссохнецца ўжо праз 10 гадоў? Нягледзячы на правакатыўныя заявы, Цімур усё ж верыць у аўтарскія стратэгіі.

Тэзісы гэтага эсэ былі выкладзены падчас Салона Банка Ідэй, што адбыўся ў Варшаве ў кастрычніку. Мы звярнуліся да аўтара з просьбай пашырыць гэты тэкст для публікацыі.

Цімур Кудзеліч. Выява створаная з дапамогай ШІ.

Цімур Кудзеліч – пісьменьнік і кніжнік зь Менску. Цяпер жыве і працуе ў Варшаве. Прадстаўнік найноўшага маладога пакаленьня белліту, якое спрабуе заявіць пра сябе тут і цяпер – у незразумелы час гармідару навокал. Сябе называе прыхільнікам арганічнага авангарду і літаратуры ўмоўнасьці.
Летась у лёнданскім выдавецтве Skaryna Press выйшаў дэбютны раман Цімура Кудзеліча «Значныя дні». Да гэтага ў глыбокім менскім падпольлі публікаваліся дзьве ягоныя кнігі прозы і адзін паэтычны зін.

Белліт ніхто не чытае!

Вось так правакатыўна, вось так вось у лоб. Адразу, без эківокаў і зглажваньняў. Белліт ніхто не чытае, белліт мала каму патрэбны і, калі нічога ня зьменіцца, белліт спарахнее ці ссохнецца ўжо праз 10 гадоў. Пару кніжак на год у адмысловых сэрыях польскіх выдавецтваў – вось мой прагноз.

Можа, я ўтрырую, гіпэрбалізую. Няхай, але сутнасьць адна: стаўка на белліт загадзя пройгрышная. Вельмі хочацца, канечне, скінуць усю адказнасьць на вонкавыя чыньнікі: нас так-та б’юць, кніжкі нашыя прызнаюць экстрэмісцкімі, выдаўцоў саджаюць. І сапраўды б’юць, і сапраўды саджаюць. А рабіць нам цяпер што?

Калі хочам разьвівацца, неабходна прызнаць, што крыза сыстэмная, а праблема ня толькі ў тых, што з дручкамі. Нашая надзвычайная сытуацыя патрабуе надзвычайнай цьвярозасьці, кемлівасьці й здольнасьці да экспэрымэнту. Свой погляд паспрабую зараз акрэсьліць.

Поле папалам / плотам пасечаны корань

Выява створаная з дапамогай ШІ.

Пачну з прагаворваньня відавочнага: беларускі культурны ляндшафт падзелены на два – унутры Беларусі й на эміграцыі. Мы на эміграцыі й пра той ляндшафт унутры судзіць можам мала, нешта дзеецца ніжэй радараў. Тым ня менш, я ўпэўнены, што толькі ўнутры Беларусі літаратура мае шанец захавацца і працягнуць існаваць у ранейшым, звыклым асяродзьдзі, нягледзячы на ўсе перашкоды й затрыманьні. Усёткі менавіта ў Беларусі ледзь ня кожны мінак можа зайсьці ў кнігарню і стаць вашым чытачом.

Мы ж, тыя, што на эміграцыі, мусім дзейнічаць зусім іначай, зьмяняць падыходы, выкручвацца і ня проста змагацца за тое, каб быць пачутымі, а вынаходзіць новыя шляхі для гэтага. Вядома, калі мы неўзабаве ня вернемся, але стаўку на гэта я б таксама не рабіў – вельмі доўга можна жыць з такім дапушчэньнем, нічога не зьмяняць і самім не заўважыць свайго зьнікненьня. Важная праблема палягае ў тым, што сьцяна глухая ў абодва бакі. Хаця, здавалася б, тут мы на волі – рабі й пачуюць. Не далятае.

Яшчэ жывучы ў Беларусі, я заўважыў сумнеўнасьць непадзельнасьці нашага кантэксту. У 2023-м я яшчэ працаваў у менскай кнігарні й вельмі сумаваў, што не магу замовіць беларускі пераклад Ані Эрно. Цяпер жа радуюся, калі ўдалося знайсьці «Салаўя» Зьмітрака Бядулі. Сытуацыя зараз такая: белліт нібыта адзін, а паліцы дзьве, і кніжкі на іх толькі зрэдчас аднолькавыя.

Аўтары тут, чытачы там. Пасьля сёлетняй справы «кніжнікаў-тэрарыстаў» колькасьць замоваў на «вялікую зямлю» ў эмігранцкіх выдавецтваў, наколькі я ведаю, стала мізэрнай. Нават у «неэкстрэмісцкіх» яшчэ выдавецтваў.

Ну вось і даводзіцца па коле прадаваць новыя кніжкі ўсё тым жа рэдкім зацікаўленым, але іхная колькасьць зусім не расьце, наадварот – яна падае.

Вечныя пачаткоўцы

І які шлях? Ну мы ж ня першае пакаленьне беларусаў на эміграцыі, а эмігравалі ж і ўсе іншыя нацыі. Але пакуль мы вучыцца на іх памылках ня хочам. Словамі Максіма Жбанкова: вечныя пачаткоўцы. Я хачу гэтак жа! Галавой аб сьцяну.

Успомніце кагосьці зь беларускай паваеннай эміграцыі апроч Натальлі Арсеньневай? Ну, можа, Кастуся Акулу ці Янку Юхнаўца. А ці чыталі? Ну, наўрад.

Разарваны кантакт з Беларусьсю, маленькая аўдыторыя, асыміляцыя наступных пакаленьняў зрабілі сваю справу. І нам угатаваны такі лёс? Застацца цікавымі вузкай колькасьці аматараў і дасьледчыкаў ужо праз пакаленьне? Магчыма…

Няма чытача, няма і рынку. Значыць, і канкурэнцыі няма. Калі літаратура існуе толькі ўнутры невялікага кола сваіх, то зь яе выпетрываецца ўсялякі выклік. Аўтары проста губляюць актуальнасьць, бо больш няма з кім спрачацца, апроч свайго гаротнага кону.

Чытач жа зьнік.

Гэтая літаратура выведзеная зь вялікае гульні й існуе ва ўмовах самотнага кошканьня ў бірульках. Я, напрыклад, і ня думаю, што кнігі мусяць зьмяняць ужо рэчаісны сьвет, але ўсёткі літаратура мае мець унутры страшную моцу ставіць пад сумнеў, разбураць ці ствараць. Гэта ж сьвет паўтарае за добрай кніжкай, ніяк не наадварот.

Выява створаная з дапамогай ШІ.

Белліт у казарме

Наш белліт выбег зь СІЗА і пабудаваў сабе казарму. Хто сёньня днявальны? У казарме ў нас ўсё надзвычай правільна: шыхт, форма, пастава. Усё ўніфікавана: «Вас вызвалілі з турмы? Выдатна, а мы вось вашую кніжачку ўжо зьвярсталі».

Ды вядома, што ёсьць у гэтай казарме часам і неблагія тэксты. Проста благія пакрытыкаваць мы ня зможам – бо як пачнем, то набудземся асабістымі ворагамі кожнаму аўтару. Ды і крытыкаваць няма дзе, беларуская крытыка зьнішчаная, для яе няма нават пляцоўкі. А навошта? Мы ж усе коцікі, паглядзіце, як хораша гэты чалавечак па-беларуску навучыўся напісаць. Праз 30 гадоў будзе амаль як Хадановіч. Ці наадварот: нешта не спадабалася, дык давайце лаяцца ў сацсетках да апошняга, будзем папракаць і пераходзіць на асобы.

Калі чытачоў у нас усяго 300 чалавек, то хоць герархіяй прыкрыемся: Я вельмі сур’ёзны чалавек, паглядзі на колькасьць дыплёмаў! Мая сяброўка падпісала.

Літаратура, як і іншае мастацтва, ня церпіць абсалютнай прадказальнасьці. Наадварот, яна патрабуе хаця б мінімальнай рызыкі, хаця б невялікага выкліку – эстэтычнага, інтэлектуальнага, моўнага. Літаратура павінна мець права выглядаць недарэчна, непрыемна, няправільна ці нават не зусім зразумела. Бо з гэтай няправільнасьці нараджаюцца новыя сэнсы, недасказанасьць правакуе думаць. Паэзія, мастацтва вылазіць з прарэхаў і недасканаласьцяў.

Праўда, на гэта яшчэ трэба наважыцца. Але асабліва цяжка выйсьці з камфортнага баблу на эміграцыі. Калі ты вымушаны перазбіраць сябе ў палёце, натуральна хочацца зачапіцца за звыклую сыстэму каардынат. Але яе больш няма, а тваё жаданьне пантануцца прызваньнем ня мае ніякага дачыненьня да мастацтва.

І пакуль мы будзем ігнараваць новую рэчаіснасьць, нас будуць чытаць усё менш. Не гавару ўжо пра людзей у Беларусі ці замежнікаў – недзе па ніжнім Макотаве бегаюць па барах зграі беларускіх айцішнікаў. Хтосьці зь іх ведае пра нашае існаваньне? Адзінкі.

Вось прыклад, які апісвае сытуацыю, у якой мы апынуліся: у Менску выдатна прадаваліся дзіцячыя кнігі па-беларуску, у Польшчы ўжо рэдка выпадае такую прадаць – маўляў, хай дзіця лепей ужо па-польску чытае. Вось у якіх умовах мы знаходзімся. Тэза «Я куплю гэта, бо гэта па-беларуску» патрохі перастае працаваць. «Я куплю гэта, нягледзячы на тое, што гэта па-беларуску» – тое, да чаго мы мусім ісьці.

Выява створаная з дапамогай ШІ.

«Ну хоць так»

Увогуле парадаксальна, наколькі белліт далёкі ад Эўропы, фактычна знаходзячыся ў ёй ледзь ня цалкам. Гляньце на нашыя інстытуцыі. Ладзяцца ананімныя прэміі з ананімнымі ўдзельнікамі, ананімнымі сябрамі журы і ананімным галоўным прызам. Існы маскарад, пастаноўка на тэму «Беларуская культура жыве і жыве па абодва бакі ад мяжы». А галоўнае, вынік: па ўручэньні можна сабрацца ўсім актарам мерапрыемства, аўтарам і журы, весела чокнуцца пад тост: «Як жа добра, што мы, старэчы, усё яшчэ пішам лепш за ўсіх».

«Ну хоць так» – вось якую рэакцыю гэта выклікае. Нешта барахтаецца, удае, нібыта жыве. «Ну хоць так» – гэта выраз, у якім спалучаецца ўся безнадзейнасьць рэчаіснага стану рэчаў. Ну вось вы ўспомніце шмат фіналістаў прэміі Гедройця апошніх пяці гадоў?

Прэміяў у нас усё болей, балазе прозьвішчы патронаў яшчэ не сканчаюцца. Але выхлапу зь іх амаль няма. Я ня буду раздаваць парады, але адзначу, што, на маю думку, нам пара перастаць пладзіць новыя непатрэбныя граматы і падвысіць канкурэнцыю. Перамога, прэмія – гэтыя рэчы мусяць значыць нешта, апрача двух інтэрвію і грашовай падтрымкі. Пусьціць вызваленыя сродкі на прадзюсаваньне пераможцаў, прасоўваньне іх за мяжу. Калі гэтыя кнігі таго вартыя, то хай іх і чытаюць у Нямеччыне, Польшчы, Францыі. Але не чытаюць: такія вось мы чудзікі, нас тут шмат, ходзім тымі ж вулкамі, а аўтахтоны пра нас нават не здагадваюцца.

Затое пакуль ня гоняць.

Прарвацца можна?

Але я ня буду падманвацца – спадзявацца на інстытуцыі не выпадае. Гэта вялікія і непаваротлівыя арганізацыі, не іх задача шукаць новыя сьцежкі.

Белліту бракуе гнуткага культурнага мэнэджмэнту і сьмелых аўтараў. Трэба вылазіць з зручнага сьвету ўяўленьняў пра сябе і літаратурнае жыцьцё.

А пакуль мэнэджмэнту ў белліце няма, аўтарам давядзецца дбаць самім. Спачатку трэба дакладна вызначыцца: для чаго гэта ўсё?

Заставацца ў андэрграўндзе – класна, рэспект. Ісьці за прызнаньнем журы – таксама ок, ты не адзін. Пісаць для таго, каб цябе рэальна чыталі людзі – трэба варушыцца.

Кагосьці, вядома, выдаюць вялікімі накладамі і нават перакладаюць. Але часьцяком для гэтага трэба прымазацца да чужых. Адразу прыклад. Успомнім Сашу Філіпенку, ляўрэата Русской прэміі, які выдае ў Маскве на экспарт свае кніжкі на тэму сталінскіх рэпрэсій з маскалямі ў галоўнай ролі.

Унутранага рэсурсу, каб выдаваць такіх зорак у нас няма. Адылі ёсьць Альгерд Бахарэвіч, які прабіўся ў нямецкія выдавецтвы самастойна. Гэта класны прыклад, але хутчэй выключэньне з правілаў.

Тым ня менш, ёсьць альтэрнатыўныя, пазаказарменныя аўтары й аўтаркі. Ёсьць тыя, хто спрабуе выходзіць на новага чытача. І ёсьць выдавецтвы, якія дапамагаюць гэта зрабіць. Хутчэй за ўсё, гэта рэальна мала каму патрэбна, але ня варта маркоціцца ці наадварот апранаць касьцюм безкарысьлівага мэсіі.

Інстытуцыі й НДАшкі хай робяць сваё, дзякуй ім за гэта. Але аўтарам і выдавецтвам варта станавіцца канкурэнтнымі. Варта ўсьвядоміць, што на грантавай падтрымцы мы доўга ехаць ня зможам. Пара адкінуць апраўданьні і ўзяцца за сапраўды важныя праблемы.

Аўтарам трэба пісаць сьвежа. Я не кажу: модна. Хутчэй, актуальна. Проста калі я чытаю белліт, то часьцяком мне здаецца, што на дварэ ХІХ стагодзьзе.А выдаўцам – падвышаць якасьць выданьняў. (Камон, вы бачылі дызайны большасьці беларускіх выдавецтваў?)

Шукаць новыя шляхі прасоўваньня і кантакты ў мэдыя, каб не замыкацца на коле тых, хто і так даведаецца. Ну і вядома, супрацоўнічаць з замежнымі выдаўцамі і працаваць над тым, каб нас перакладалі, бо нашае чытацкае кола маленькае, пераклады нам неабходныя.

Расклад ня самы спрыяльны, але прарвацца можна.

***

Праект падтрыманы праграмай ArtPower Belarus і фінансуецца Еўрапейскім Cаюзам.

Мы у нас еще попляшем: Света Бень и посттравматик-попМы у нас еще попляшем: Света Бень и посттравматик-поп

Реклама

Добавить комментарий