Reform.news

Ініцыятыва Maldzis набыла этнаграфічную карту Яўхіма Карскага. Чым яна важная?

Reform.news · 28 ноября 2026, 13:49

https://reform.news/inicyjatyva-maldzis-nabyla-jetnagrafichnuju-kartu-ja-hima-karskaga-chym-jana-vazhnaja/

Культурніцкая ініцыятыва MALDZIS выкупіла ў прыватнага калекцыянера ў Польшчы арыгінальны экзэмпляр «Этнаграфічнай карты беларускага племені» Яўхіма Карскага, выдадзены ў 1920 годзе. Гэтая карта (упершыню апублікаваная ў 1903 годзе ў першым томе працы «Беларусы», дапоўненая ў 1917-м і перавыдадзеная ў чэрвені 1920 года ў Маскве) стала адным з найважнейшых навуковых і геапалітычных дакументаў у гісторыі Беларусі.

Праца аўтарытэтнага акадэміка Яўхіма Карскага на базе моўных і этнаграфічных фактаў стала навуковым доказам самастойнасці беларускага этнасу і яго мовы.

У перыяд 1917–1920 гадоў, калі на руінах Расійскай імперыі пачалося будаўніцтва нацыянальных дзяржаў, карта Карскага набыла стратэгічнае значэнне.

У 1918 годзе дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі абапіраліся на яе пры вызначэнні дзяржаўных межаў. У 1919 годзе беларуская дэлегацыя на Парыжскай мірнай канферэнцыі на чале з прэм’ер-міністрам БНР Антонам Луцкевічам прадставіла мемарандум пра незалежнасць Беларусі, да якога далучалася і этнаграфічная карта Яўхіма Карскага (выдання 1917 года). Каб даказаць, што межы не намаляваныя адвольна, беларусы спасылаліся менавіта на навуковыя даследаванні і карту Карскага, якая фіксавала этнічную перавагу беларускага насельніцтва на гэтых тэрыторыях.

Перавыданне карты ў чэрвені 1920 года адбывалася ў вострым палітычным кантэксце — у разгар савецка-польскай вайны і напярэдадні заключэння Рыжскага міру. Карта дакладна акрэслівала этнічныя межы рассялення беларусаў — ад Беласточчыны і Віленшчыны на захадзе да Смаленшчыны і Браншчыны на ўсходзе — і служыла галоўным аргументам у спрэчках вакол падзелу беларускіх зямель паміж Польшчай і савецкімі рэспублікамі.

У фондах бібліятэк і архіваў самой Беларусі (напрыклад, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і Нацыянальным гістарычным архіве) ёсць ранейшыя выданні гэтай карты — 1903 і 1917 гадоў, бо яны выходзілі афіцыйнымі накладамі ў складзе навуковых зборнікаў і кніг Яўхіма Карскага. Асобнікі ж выдання 1920 года сустракаюцца значна радзей. На інфармацыйным партале архіваў Беларусі звестак пра карту 1920 года няма.

Паводле планаў ініцыятывы, у будучыні гэты гістарычны дакумент будзе перададзены ў Гарадзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей у якасці грамадскага падарунка.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий