Беларусы распачалі флэшмоб памяці Ларысы Геніюш пасля знікнення яе помніка ў Зэльве

Культура
Фота: ruslo.cz

Навіна пра таямнічы дэмантаж помніка Ларысе Геніюш на тэрыторыі царквы Святой Жываначальнай Тройцы ў Зэльве, які адбыўся сёння ўначы, абурыла беларускае грамадства. У адказ на дзеянне невядомых людзі распачалі флэшмоб памяці слыннай паэткі і пісьменніцы — на сваіх старонках у сацсетках беларусы згадваюць вершы ўдзельніцы нацыянальнага руху.

«Знішчылі помнік Ларысе Геніюш….Ну, паспрабуйце знішчыць памяць пра яе ў нашых сэрцах!!! Сёння як ніколі павінна гучаць паэзія Ларысы Геніюш, бо дух і памяць, у адрозненне ад цэглы ды граніту, знішчыць немагчыма…», — напісаў на сваёй старонцы ў Facebook беларускі актор Аляксандр Ждановіч.

Беларусы распачалі флэшмоб памяці Ларысы Геніюш пасля знікнення яе помніка ў Зэльве
Помнік Ларысе Геніюш у Зэльве да ліквідацыі. Фота: nebovkletku.

«Рускаміраўская погань радасна пацірае ручкі. Такі скралі помнік нашай выбітнай паэтцы, нязломнай змагарцы, аўтарцы такіх радкоў, якія ёсьць найлепшым помнікам літаратарцы і якіх не дэмантуе ніякая навалач», — такой была рэакцыя на навіну паэта і перакладчыка Андрэя Хадановіча. Сябра Беларускага ПЭНа апублікаваў радкі беларускай аўтаркі.

Колькі дум маіх не раскулачвалі,
Нат у сьмяротна трывожны час
Не назвала я “мамай” мачыхі
І душы не здала ў калгас!
***
Сёньня на пласе родная мова.
Вырваць жывую належыць з вагню.
Слова «кахаю» – слабае слова.
Мужнае слова – «абараню»!
***
Адзінай мэты не зракуся,
і сэрца мне не задрыжыць:
як жыць – дык жыць для Беларусі.
А безь яе – зусім ня жыць!

Беларусы распачалі флэшмоб памяці Ларысы Геніюш пасля знікнення яе помніка ў Зэльве
На святкаванні 105-годдзя паэткі ў 2015 годзе. Фота: churchby.info.

«Гісторыя са знікненнем помніка Ларысе Геніюш вельмі сімвалічная. Гэта не проста сарамлівае скраданне куска металу і бетону, гэта працяг скрадання нашай нацыянальнай гісторыі і культуры, якая не ўкладаецца ў савецка-імперскі наратыў уладаў. І не кажыце, што пры крамлёўскіх стаўленіках у Беларусі было б горш, чым зараз. Па шчырасці, зусім не бачу тут адценняў», — не застаўся абыякавым да ліквідацыі мемарыялу кінакрытык Тарас Тарналіцкі.

«У нашай краіне зьнікаюць не толькі людзі, але нават помнікі ды могілкі. У «Міністэрстве Любові» ўсё яшчэ вераць, што той, хто кантралюе мінулае — кантралюе будучыню, — эмацыйна напісаў на сваёй старонцы беларускі палітычны дзеяч Зміцер Хведарук.

Людзі з каменнымі сэрцамі ўсё яшчэ мяркуюць, што калі павырываць з зямлі камяні, можна вырваць памяць і сьвядомасьць людзей. Прыхаваць яе можна, вырваць — ня ўдасца […].

Бальшавікі і ненавісьнікі роду чалавечага змагаліся з перакананнямі кволай, але творчай жанчыны за яе жыцьцём. Цяпер ваююць з ейным помнікам. Цікава, што злодзеі збаяліся зрабіць сваю «чорную справу ўдзень» і «адважна» скралі помнік зацкаванай у савецкі час паэтцы ўначы!

Цяпер я пэўны, чый бюст будзе стаяць на месцы яшчэ аднаго нашага «земляка» Фелікса насупраць будучага музея катаваньняў у цэнтры горада М., — выказаўся палітык. — І гэты помнік будзе нагадваць усім будучым пакаленням, што нават адзін маленькі і слабы чалавек з праўдай мацнейшы за сотні тысяч узброеных агалцелых злодзеяў».

А беларуская мастачка Ксіша Анёлава размясціла ў сваіх сацсетках партрэт беларускай паэткі.

Беларусы распачалі флэшмоб памяці Ларысы Геніюш пасля знікнення яе помніка ў Зэльве
Ларыса Ганіюш. Аўтар партрэта — Ксіша Анёлава.

Флэшмоб памяці Ларысы Геніюш толькі набірае абароты.

***
Пра дэмантаж помніка ў Зэльве паведаміў унук Ларысы Геніюш Міхась Геніюш, які даслаў у рэдакцыю радыё «Рацыя» фота месца, дзе стаяў помнік. Па меркаванні спадара Міхася, ліквідацыю, «напэўна, зрабілі ня ўлады царквы». «Гэта зрабілі ўночы паціху, каб ніхто ня бачыў, ня ведаў, каб людзі абудзіліся зранку і заўважылі, што помніка няма. Гэта вельмі дзіўная справа і нечаканая», — пракаментаваў ён здарэнне «Свабодзе».

Помнік Ларысе Геніюш раней патрабавала ліквідаваць прарасейская актывістка Вольга Бондарава. Па яе словах, знак «одним своим видом приносит невыразимые страдания ветеранам ВОВ», «порочит чистое имя Беларусской православной церкви», — пісала яна ў лісце да главы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігара Сергіенкі. Учора стала вядома, што мясцовыя ўлады адмовілі ў зносе мемарыяла, які быў усталяваны пры зэльвенскай царкве з блаславення мітрапаліта Філарэта ў 2003 годзе.

Ларыса Геніюш — беларуская паэтка, пісьменніца і грамадская дзяячка, якую разам з мужам савецкія ўлады прыгаварылі да 25 год пазбаўлення волі. Яе абвінавацілі ў супрацоўніцтве з нацыстамі, але пісьменніца лічыла дакументы абвінавачання сфабрыкаванымі — сваю віну яна не прызнала. Пазней тэрмін пакарання Геніюшаў быў скарочаны да васьмі гадоў.

Пасля вызвалення з лагераў Ларыса Геніюш з мужам жыла ў Зэльве, на радзіме сужэнца. Тут яна напісала свае знакамітыя мемамуары «Споведзь». Упершыню яе паслялагерныя вершы трапілі на старонкі беларускіх часопісаў у 1963 годзе. Яе першы ў БССР зборнік вершаў «Невадам з Нёмана» быў выдадзены ў 1967 годзе дзякуючы Максіму Танку. На грамадскіх пачатках яго рэдагаваў Уладзімір Караткевіч.

27 гадоў зэльвенскага жыцця паэткі прайшлі пад наглядам КДБ. Геніюшы так і не прынялі савецкае грамадзянства.

Памерла паэтка ў 1983 годзе там жа, у Зэльве, і была пахаваная побач з мужам. Унук Ларысы Геніюш прадаў дом, у якім яна жыла. Помнік пісьменніцы на тэрыторыі царквы, бадай, адзін з нешматлікіх напамінаў у краі аб постаці беларускай пісьменніцы і дысідэнткі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news (ранее REFORM.by)


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: