Беларускі рэжысёр Аляксей Палуян здыме фільм пра спадчыну аўтакратыі

Новы фільм беларускага рэжысёра Аляксея Палуяна будзе называцца «Спадчына» (Legacy). Здымкі ігравога кіно пра спадчыну аўтакратыі, якая дасталася новаму пакаленню беларусаў, распачнуцца ўвосень 2025-га ці ўвесну 2026 года ў залежнасці ад фінансавання праекта. Аўтар «Смеласці» працуе над сваёй дэбютнай поўнаметражнай карцінай ужо з 2020 года. І на дадзены момант будучая сацыяльная драма знайшла значную падтрымку ад еўрапейскіх кінафондаў — у яе развіццё было ўкладзена 120 тысяч еўра.

Як паведаміў Аляксей Палуян Reform.news, зараз ён працуе над шостай версіяй сцэнара будучай стужкі. Па сюжэце галоўны герой гісторыі — 30-гадовы Павел — прымае ўдзел у пратэстах 2020 года. Але высвятляецца, што ягоны бацька, які працуе ў сістэме, у свой час прайграў сваю бітву з аўтарытарызмам у 1990-я. «Ці будзеце вы змагацца з несправядлівасцю, у якой удзельнічае ваша сям’я, нават калі гэта можа прывесці да страты сям’і?» — галоўнае пытанне, якое задае кіно.

Здымкі будучай стужкі запланаваны ў Варшаве, у вёсках Падляшша і, магчыма, Вільні.

Акторы на ролі пакуль не абраны. Але вядома, што аператарам праекта будзе знаны польскі майстар і дакументаліст, прафесар Кінашколы Лодзі Войцэх Старань, які ў 2011 годзе атрымаў за аператарскую працу ў фільме «El Premio» «Сярэбранага Мядзведзя за выдатныя мастацкія дасягненні» на Берлінале.

Праект аўтара «Возера радасці» на дадзены момант прадзюсуюць дзве вядомыя еўрапейскія кінакампаніі. Нямецкая Tamtam Film, у прыватнасці, была супрадзюсерам карціны іспанскага рэжысёра Альберта Сера Pacification, якая ўдзельнічала ў Канах-2022. Другі супрадзюсар будучай стужкі — польская кінакампанія Lava Film, вядомая, у тым ліку, праз фільм «Дзяўчына з іголкай» Магнуса фон Хорна летась гэта кіно стала канкурсантам у Канах ды зараз трапіла ў шортліст «Оскара-2025».

Агульны бюджэт «Спадчыны» плануецца ў 1,5 мільёны еўра, што па еўрапейскіх мерках звычайны бюджэт для міжнароднай прадукцыі, але для беларускага кіно —  гэта прэцэндэнт. Ужо летась праект атрымаў на свае развіццё грант у памеры 120 тысяч еўра ад фонда Media Creative Europe; таксама яго падтрымалі нямецкія кінафонды Hessen Film und Medien і MOIN.

Таксама ў мінулым годзе «Спадчына» была адабраная на прэстыжную праграму развіцця праектаў TorinoLab сярод дзесяці праектаў з усяго свету. У лістападзе 2024 года на пітчынгу яна атрымала адну з узнагарод.

«Хоць летась і быў аб’яўлены акторскі кастынг на фільм, але я пакуль не магу сказаць дакладны час пачатку здымак. Магчыма, гэта будзе восень 2025 года, а магчыма вясна 2026-га, — распавёў Аляксей Палуян. — На дадзены момант я працую над удасканаленнем сцэнара — бо гэта аснова, з якой можна рухацца далей і быць упэўненым у тым, што фільм атрымаецца. Але я вельмі натхнёны падтрымкай «Спадчыны», якую мы займелі. Пошук фінанасавання на праект — гэта вельмі складаны і цяжкі працэс, які вядуць прадзюсеры, ён можа зацягвацца на шмат гадоў і каштаваць шмат высілкаў. Аднак, на маю думку, кіно не павінна здымацца за смешныя грошы, бо гэта немагчыма ў еўрапейскай кінаіндустрыі. Калі ты ўваходзіш як прафесіянал у еўрапейскую індустрыю, трэба гуляць па правілах».

Зараз прадзюсары падаюць кінапраект на далейшае фінансаванне вытворчасці.

А Аляксей Палуян заклікае беларускіх актораў і акторкаў падавацца на кастынг будучага фільма.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!