Беларускі ПЭН выклаў аналітычны агляд пра русіфікацыю Беларусі ў сферы культуры

Культура
«Казкі Пушкіна» Сяргея Кавальчыка. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага. Фота: rustheatre.by

Аналітычны агляд Беларускага ПЭНа грунтуецца на публічнай інфармацыі з СМІ (незалежныя і дзяржаўныя крыніцы), на публікацыях афіцыйнага Telegram-канала Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за 2023 год, допісах «УКантакце» арганізацыі «Рускі дом», інфармацыі сайта так званай Саюзнай дзяржавы, змесце афіш тэатраў і іншых устаноў культуры.

Нягледзячы на тое, што русіфікацыя не з’яўляецца новай для Беларусі пагрозай, мы можам казаць пра пэўнае ўзмацненне і паскарэнне гэтага працэсу пасля падзей 2020 года, — пішуць у даследаванні. І спасылаюцца на існаванне ўнутранага дакумента расійскіх уладаў, да якога атрымалі доступ журналісты. Датаваны 2021 годам, ён змяшчае праграму паглынання Беларусі ў сферах культуры, сацыяльнай палітыкі, заканадаўства, эканомікі і ўзброеных сіл да 2030 года і прадугледжвае ў якасці канчатковай мэты стварэнне так званай федэратыўнай дзяржавы Расіі і Беларусі. Невядома, наколькі гэты дакумент сапраўдны, але ўплыў на Беларусь, які аказвае сёння Расія, яго хутчэй пацвярджае.

Саюзная дзяржава: мерапрыемствы і праекты ў сферы культуры і адукацыі

На пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь паводле вынікаў 2022 года, якая прайшла ў канцы лютага 2023 года, міністр культуры Анатоль Маркевіч адзначыў «вялікую цікавасць да ўзаемадзеяння з боку рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі». У сваю чаргу, і само Міністэрства культуры надае рэалізацыі праектаў Саюзнай дзяржавы «асаблівую ўвагу».

У чэрвені 2023 года на пасяджэнні ў Віцебску старшыня Камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па культуры, навуцы і адукацыі Мікалай Бурляеў адзначыў, што «раней у гэтых напрамках ішла рэалізацыя ўсяго адзінаццаці праграм, дзе цэнтральнай падзеяй быў фестываль «Славянскі базар у Віцебску», цяпер жа іх колькасць вырасце да сарака» (у прыватнасці, пра 2024 год вядома, што з бюджэту прадугледжваецца фінансаванне 14 мерапрыемстваў).

Сёлета быў перазапушчаны фестываль «Творчасць юных», упершыню адбылося мерапрыемства «Саюзная дзяржава на Купалле» (дзе «ў кожным павільёне поплеч працавалі прадстаўнікі беларускіх і рускіх рэгіёнаў»), прайшоў Першы расійска-беларускі музейны форум (ідэя зладзіць яго нарадзілася мінулай восенню на днях духоўнай культуры Расіі ў Беларусі) і быў арганізаваны шэраг традыцыйных фестываляў, форумаў, конкурсаў і іншых мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы.

На IX Санкт-Пецярбургскім міжнародным культурным форуме, які прайшоў сёлета ў лістападзе, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў назваў «фармаванне адзінай культурнай прасторы Беларусі і Расіі» прыярытэтам і адзначыў, што ў рамках расійска-беларускага супрацоўніцтва пашыраецца праца ў кірунку захавання гістарычнай памяці і гістарычна-культурнай спадчыны.

Так, у саюзных планах на 2024 год значацца святкаванні 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 25-годдзя падпісання дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Таксама ў наступным годзе плануецца некалькі музейных праектаў, выпуск супольных кінастужак, выданне новых кніг у рамках праекта «Бібліятэка Саюзнай дзяржавы» і іншыя актыўнасці.

Рассупрацоўніцтва: рускія дамы ў Беларусі

Адзін з актараў прасоўвання рускай культуры ў Беларусі – Рассупрацоўніцтва (Федэральнае агенцтва па справах Садружнасці Незалежных Дзяржаў, суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, і па міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве), створанае яшчэ ў 2008 годзе.

У справаздачы за 2022 год згадваецца, што агенцтва прадстаўлена ў 80 краінах свету 87 замежнымі прадстаўніцтвамі, іх нефармальная назва – Рускія дамы. Пералічаны асноўныя кірункі працы, сярод якіх: прасоўванне рускай мовы і расійскай адукацыі за мяжой, моладзевыя праграмы, сацыяльна-гуманітарныя і валанцёрскія праекты, захаванне гістарычнай памяці, праца з суайчыннікамі, маніторынг пільнавання правоў рускамоўнага насельніцтва, культурнае супрацоўніцтва, садзейнічанне міжнароднаму развіццю і інфармацыйная праца.

Беларусь у леташняй справаздачы згадваецца дзевяць разоў (двойчы як «Беларусь» і сем разоў як «Беларусія» («Белоруссия»)) у наступных раздзелах:

  • «У 2022/2023 навучальным годзе павялічыліся квоты з 18 000 да 23 000 месцаў. Найбуйнейшыя краіны-бенефіцыяры расійскай квоты ў свеце: Беларусь, В’етнам, Кітай, Сірыя, Таджыкістан, Узбекістан, Украіна, Манголія, Казахстан, Кіргізія»; «Паказалі запатрабаванасць… мерапрыемствы па павышэнні кваліфікацыі спецыялістаў у галіне лагапедыі, дэфекталогіі і дашкольнай адукацыі на рускай мове ў Беларусіі і Малдавіі» (у рамках кірунку «Прасоўванне рускай мовы і расійскай адукацыі за мяжой»).
  • «У Беларусіі ў 2022 годзе гуманітарная місія была прысвечана стварэнню інклюзіўных прастор, працы са сляпымі дзецьмі і дарослымі, а таксама з дзецьмі і дарослымі са слабым зрокам. Расійскія валанцёры прывезлі аўтарскія методыкі, ладзілі трэнінгі і майстар-класы як для педагогаў, так і для школьнікаў і дарослых людзей з асаблівасцямі развіцця. За тыдзень праведзена 25 мерапрыемстваў, у якіх узялі ўдзел 400 чалавек» («Сацыяльна-гуманітарныя і валанцёрскія праекты»).
  • «Ужо стала традыцыяй ладзіць «Дыктоўку Перамогі» ў Абхазіі, Арменіі, Беларусіі, Германіі, Егіпце, Казахстане, Кіргізіі, Кітаі, Малдове, Сербіі, Таджыкістане, Турцыі, Узбекістане, Францыі» («Захаванне гістарычнай памяці»).
  •  «У 2022 годзе ў Расіі пабывалі 533 маладыя суайчыннікі з Егіпта, Канады, Кіргізіі, Лівана, Манголіі, Польшчы, Партугаліі, Арменіі, Беларусіі, Казахстана, Малдавіі, Таджыкістана, Узбекістана, Паўднёвай Асеціі, Сірыі, Турцыі, Германіі, Танзаніі, Азербайджана, Ізраіля, Фінляндыі, Палестыны, Уганды, Туніса, Сербіі, Абхазіі, Балгарыі, Іспаніі»; «У 2022 годзе 150 маладых суайчыннікаў ва ўзросце ад 12 да 14 гадоў з 15 краін паўдзельнічалі ў VI Сусветных гульнях юных суайчыннікаў на тэрыторыі Масквы. Сярод іх удзельнікі з Абхазіі, Азербайджана, Беларусіі, Егіпта, Ісландыі, Кіргізіі, Кіпра, Малдавіі, Манголіі, Сербіі, Сірыі, Таджыкістана, Узбекістана, Швецыі і Паўднёвай Асеціі» («Праца з суайчыннікамі»).
  • «Вялікае міжнароднае падарожжа Дзеда Мароза» – супольны праект Рассупрацоўніцтва і ўрада Валагодскай вобласці. Прадстаўніцтвы Рассупрацоўніцтва ў Італіі, Германіі, Сербіі, Беларусіі, Арменіі і Казахстане аказалі арганізацыйнае і інфармацыйнае садзейнічанне ў правядзенні візіту Дзеда Мароза ў замежныя краіны» («Культурнае супрацоўніцтва»).
  • «Пераможцамі [Міжнароднага конкурсу інфармацыйных праектаў «Сумленны погляд» для замежных журналістаў і блогераў, якія пішуць пра Расію] сталі маладыя спецыялісты з Узбекістана, Беларусі, Таджыкістана, Чарнагорыі і Ірана» («Інфармацыйная праца»).

Усё сведчыць, што ў 2023 годзе праца працягнулася ва ўсіх гэтых напрамках. Парадак дня Рассупрацоўніцтва прасоўваюць у Беларусі Рускія дамы ў Брэсце, Гомелі, Мінску – з указаных на сайце агенцтва.

У 2024 годзе Рассупрацоўніцтва плануе адкрыць аддзяленне ў Гродне (але ўжо сёлета з яго падтрымкай у горадзе стварылі прастору для мерапрыемстваў, «звязаных з рускай мовай, літаратурай, культурай і агульнай гісторыяй дзвюх краін»). Свой Рускі дом ёсць і ў Віцебску. Арганізацыі працуюць з выхаванцамі дзіцячых садкоў і школьнікамі, абітурыентамі і студэнтамі, дарослымі і людзьмі старэйшага ўзросту, ладзяць кінаклубы, майстар-класы, турніры і канферэнцыі, нярэдка выступаюць партнёрамі культурна-забаўляльных і адукацыйных мерапрыемстваў.

На старонках сацыяльнай сеткі «УКантакце» Рускі дом у Брэсце шмат расказвае пра праграму «Прывітанне, Расія!» – гэта паездкі ў гарады РФ як узнагарода за актыўны ўдзел у жыцці арганізацыі. Там жа размяшчаецца інфармацыя пра рэгіёны Расіі, куды можна пераехаць паводле праграмы добраахвотнага перасялення.

Шмат увагі надаецца і тэме навучання ў Расіі: на 2024 год беларусам вылучаны 1300 месцаў у ВНУ паводле квот Урада РФ – у сацсетцы расказваецца пра ўступныя выпрабаванні, курсы для падрыхтоўкі да экзаменаў, пра магчымасці атрымаць кансультацыі, падаўжэнне тэрмінаў прыёмнай кампаніі на 2024/2025 навучальны год, размяшчаюцца водгукі абітурыентаў, якія ўжо паступілі, і выкарыстоўваюцца іншыя практыкі ўключэння патэнцыйных студэнтаў.

На сайце публікуюць навіны пра флагманскую праграму Рассупрацоўніцтва «Новае пакаленне», у рамках якой маладыя беларускія спецыялісты прыязджаюць у Расію для абмену досведам з прафесійнымі супольнасцямі; запрашаюць на курсы павышэння кваліфікацыі настаўнікаў-русістаў; дзеляцца плёнам працы літаратурнай студыі «Жывая кніга»; займаюцца патрыятычным выхаваннем моладзі – напрыклад, у рамках праекта «Супрацьдзеянне фальсіфікацыі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны» Рускі дом ладзіць для школьнікаў сустрэчы і лекцыі на ідэалагічна вывераныя тэмы, святочныя мерапрыемствы да Дня народнага адзінства і іншыя івэнты, што папулярызуюць рускую культуру і мову.

Рускі дом у Гомелі таксама займаецца пытаннямі паступлення ў расійскія ВНУ паводле квот і рэгулярна нагадвае пра такую магчымасць для беларусаў; расказвае пра паездкі ў гарады РФ у рамках праграм «Новае пакаленне» і «Прывітанне, Расія!»; з’яўляецца пляцоўкай для рознага роду мерапрыемстваў – як накіраваных на папулярызацыю рускай мовы і літаратуры, так і шырокага профілю: на тэмы моды, медыцыны, спорту, рэлігіі і г. д.

Арганізацыя анансуе шматлікія расійскія або супольныя з Расіяй конкурсы: дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Ялінка дружбы» («што сімвалізуе братэрства беларусаў і расіян!»), міжнародны (удзельнікі з Беларусі і Расіі) дзіцячы конкурс «Музыка надзеі», міжнародны конкурс «Раскажы свету пра сваю Радзіму», конкурс на найлепшую працу па гісторыі абароны і блакады Ленінграда і г. д.; запрашае школьнікаў паўдзельнічаць у разнастайных усерасійскіх алімпіядах і акцыях; займаецца патрыятычным выхаваннем моладзі. Таксама падтрымлівае культурна-адукацыйны і навуковы форум «Славянскія сустрэчы» (прайшоў у лістападзе 11-м разам на тэрыторыі Гомельскага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны), перадае кнігі ў фонды школьных бібліятэк (напрыклад, 160 кніг у рамках тыдня рускай мовы), урачыста адкрывае новы авіярэйс Гомель – Масква, уручаючы першым пасажырам рускія казкі і выданні пра Вялікі тэатр Расіі, і іншымі спосабамі прасоўвае «рускі свет» у Беларусі. Рускі дом у Мінску ладзіць жывыя эфіры на тэму «Адукацыя ў Расіі для беларусаў»; прапагандуе праграму азнаямленчых паездак у РФ «Новае пакаленне»; расказвае пра дзейнасць Цэнтра адкрытай адукацыі – новай адукацыйнай установы ў Мінску, што ўзнікла на базе Расійскага цэнтра навукі і культуры і вядзе сваю працу на пляцоўцы Рускага дома; ладзіць майстар-класы, лекцыі, сустрэчы і іншае. На сваёй старонцы «УКантакце» арганізацыя дзеліцца навінамі пра дзейнасць Рассупрацоўніцтва ў цэлым, робіць перапосты са старонак амбасады Расіі ў Беларусі, галаўнога Рускага дома і іншых тэматычных арганізацый. З найбольш свежых навін Рассупрацоўніцтва – адкрыццё інфармацыйна-культурнага цэнтра «Усё пра Расію», створанага на базе магілёўскага філіяла Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі, і абнаўленне навукова-адукацыйнага цэнтра русістыкі ў Магілёўскім універсітэце імя Аркадзя Куляшова. На ўрачыстым адкрыцці апошняга, сярод іншага, адбылася перадача «значнай колькасці выданняў класічнай мастацкай літаратуры для кніжнага фонду цэнтра». Як сказаў кіраўнік Рускага дома ў Мінску Юрый Макушын пры папярэдняй перадачы рускіх кніг (у фонд Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Янкі Купалы), «важна заставацца ў адзіным культурным і інфармацыйным полі». І Рускія дамы ў Беларусі ўпэўнена працуюць у гэтым кірунку.

Тэатры

Да прызначэння актрысы Веры Паляковай-Макей дырэктаркай мінскага Тэатра юнага гледача (ТЮГ) у красавіку 2022 года ён быў адным з нешматлікіх беларускамоўных тэатраў краіны. У інтэрв’ю Беларускаму радыё новая дырэктарка паведаміла пра адмову працаваць выключна на беларускай мове: «Бо да нас прыязджаюць госці, тыя ж расіяне, якія, на жаль, не ведаюць беларускай мовы. Чаму мы губляем гэтага гледача?». І адна па адной пачалі з’яўляцца пастаноўкі на рускай мове: у красавіку 2022 года адбылася прэм’ера спектакля «Час выбраў за іх» («Время выбрало за них»); у чэрвені – «Альпы. Сорак першы» («Альпы. Сорок первый», створаны паводле аповесці «Альпійская балада» класіка беларускай літаратуры Васіля Быкава); у жніўні – «Фігара» («Фигаро»); у 2023 годзе на сцэне з’явіліся «Пікавая дама» («Пиковая дама»), «Жэня + Таня = Каханне» («Женя + Таня = Любовь»), «Не Вожык» («Не Ёжик»), «Майстар і Маргарыта» («Мастер и Маргарита»)[2], «Навальніца» («Гроза»), «Белыя ночы» («Белые ночи»), пастаўленыя расійскімі рэжысёрамі паводле тэкстаў рускіх класікаў Аляксандра Пушкіна, Міхаіла Булгакава, Аляксандра Астроўскага, Фёдара Дастаеўскага і сучаснай аўтаркі Анны Багачовай («Не Вожык»). Калі паглядзець на актуальную – снежань 2023 года – афішу тэатра, то ўсяго ў гэтым месяцы на сцэне ТЮГа адбудуцца 37 паказаў 11 спектакляў (23 з якіх – дзіцячае навагодняе прадстаўленне «Як Дзядзечка Агу Новы год сустракаў» («Как Дядюшка Ау Новый год встречал»)). З іх толькі 7 – дзіцячыя «Доктар Айбаліт», «Пінок’ё» и «Дзюймовачка» (па 2 паказы кожнага) і спектакль для дарослых «Дзікае паляванне караля Стаха» – пастаноўкі на беларускай мове (выпушчаныя пры папярэднім дырэктары), мова астатніх 30 паказаў – руская.

Апошнія пару гадоў залучэнне для пастановак у беларускія тэатры рэжысёраў, мастакоў, музыкаў, акцёраў і іншых спецыялістаў з Расіі – не адзінкавая гісторыя.

Расійская прысутнасць на беларускай тэатральнай сцэне – серыя вытрымак з кастрычніцкіх афіш (Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа (Віцебск), Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр (Мінск), Вялікі тэатр Беларусі (Мінск), Гомельскі абласны драматычны тэатр (Гомель), Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы (Брэст), Тэатр юнага гледача (Мінск)).

З красавіка 2022 года новы галоўны рэжысёр у Брэсцкім тэатры лялек – расіянін Дзяніс Казачук.

У верасні 2023 года галоўным дырыжорам Вялікага тэатра Беларусі быў прызначаны народны артыст Рэспублікі Башкартастан Арцём Макараў, з якім тэатр шчыльна супрацоўнічаў ужо з пачатку 2023 года (а ў чэрвені паміж двума тэатрамі – Вялікім тэатрам Беларусі і Башкірскім дзяржаўным тэатрам оперы і балета, дзе да таго часу працаваў Макараў, – быў падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве). Паралельна ён жа з’яўляецца галоўным дырыжорам маскоўскага Дзіцячага музычнага тэатра імя Наталлі Сац. Яшчэ да Макарава, у 2022 годзе, мастацкая рада Вялікага тэатра абрала на пасаду дырыжора расіяніна Аляксея Вярховена, які з кастрычніка 2023 года таксама дырыжуе Губернатарскім сімфанічным аркестрам Пскоўскай вобласці. Галоўным балетмайстрам стаў нарадзінец Беларусі Ігар Колб, заслужаны артыст Расіі, які апошнія 25 гадоў танцаваў на сцэне Марыінскага тэатра ў Санкт-Пецярбургу. У цэлым Вялікі тэатр Беларусі – адна з тэатральных інстытуцый, якія актыўна запрашаюць і набіраюць музыкаў з Расіі на месцы звольненых за апошнія 3,5 года паводле палітычных матываў беларускіх спецыялістаў. Усё часцей запрашэнні атрымліваюць зоркі з РФ: толькі ў кастрычніцкай афішы значацца Ева Сяргяенкава і Арцемій Белякоў з Вялікага тэатра Расіі, Анжаліна Варанцова і Эрнест Латыпаў з санкт-пецярбургскага Міхайлаўскага тэатра (балет «Лебядзінае возера»); Міхаіл Пірагоў з Міхайлаўскага тэатра (опера «Пікавая дама»); Дзмітрый Сабалеўскі, Лізавета Кокарава і Аляксей Пуцінцаў з Вялікага тэатра Расіі (балет «Дон Кіхот»).

Што тычыцца асноўнага складу: на леташняй прэс-канферэнцыі, прысвечанай адкрыццю тэатральнага сезона, агучвалася, што балетная група Вялікага тэатра абноўлена на чвэрць (з 115 – 29 новых выканаўцаў), пераважна за кошт выпускнікоў расійскіх акадэмій і маладых артыстаў з Масквы. Актыўна папаўняецца выпускнікамі расійскіх ВНУ і Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, куды ўзялі выпускнікоў Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва і іншых акцёраў з Расіі. На гэты момант трупа тэатра складаецца з 32 чалавек, з якіх 8 (25% калектыву) – маладыя артысты з Расіі, прынятыя ў яго пераважна ў 2022 годзе.

У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага «рускі свет» пракладае сабе дарогу тэкстамі рускіх класікаў: «Момант ісціны: музай тэатра імя М. Горкага стала руская класічная літаратура. Яна раней была тут каралевай-маці. Дамай паважанай, але не ўладарнай. А цяпер, несумненна, трон – у яе», – канстатавала карэспандэнтка агенцтва «Мінск-навіны» сёлета ў лютым. Яна адзначыла, што трэці год на сцэне тэатра ідуць адна па адной прэм’еры паводле тэкстаў рускіх класікаў: «Крэйцарава саната» («Крейцерова соната») Талстова, «Браты Карамазавы» («Братья Карамазовы») і «Ідыёт» («Идиот») Дастаеўскага, «Месяц у вёсцы» («Месяц в деревне») Тургенева, «Opus 40. Беспасажніца» («Opus 40. Бесприданница») на падставе твора Астроўскага. Насамрэч, што тычыцца тэкстаў Астроўскага, у гонар 200-годдзя аўтара многія беларускія тэатры выпусцілі прэм’еры на падставе яго п’ес: «Гарачае сэрца» (у Купалаўскім), «Навальніца» («Гроза», ТЮГ), «Праўда – добра, а шчасце – лепш» («Правда – хорошо, а счастье лучше», Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы), «Любоф Бальзамінава» («Любофф Бальзаминова», Гродзенскі абласны драматычны тэатр).

Асобнай увагі заслугоўвае тэма шматлікіх гастроляў расійскіх тэатраў на беларускіх пляцоўках – гэта адназначны трэнд тэатральнага жыцця сталіцы і рэгіёнаў. Толькі на сцэне Тэатра юнага гледача ў 2023 годзе прайшлі гастролі маскоўскага «Тэатра РОСТА» (спектаклі «Пра маю маму і пра мяне» («Про мою маму и про меня») і «Чайка»); Вялікалуцкага драматычнага тэатра («Навальніца» («Гроза») і «Цуда-свінка Марсі Уотсан» («Чудо-свинка Марси Уотсон»)); Дзіцячай тэатральнай школы Мурманска («Дзеці ваеннага Мурмана» («Дети военного Мурмана»)); санкт-пецярбургскіх Тэатра юнага гледача імя Бранцава, тэатра-фестывалю «Балтыйскі дом» («Шчасце маё» («Счастье мое»)) і тэатра-студыі «Невялікі драматычны тэатр» («Ю» і «Волшебник страны Оз» (Чараўнік краіны Оз»)); Ульянаўскага ТЮГа («Найлепшае, што было ў маім жыцці» («Лучшее, что было в моей жизни») і «Сонца, муха, кракадзіл» («Солнце, муха, крокодил»)).

У Купалаўскі тэатр з 7 спектаклямі прыязджаў Казанскі акадэмічны тэатр імя В. Качалава («Рэвізор» («Ревизор»), «Шалёны дзень, або Жаніцьба Фігара» («Безумный день, или Женитьба Фигаро»), «Пікавая дама» («Пиковая дама»), «Скрыпач на даху» («Скрипач на крыше»), «Васа» («Васса»), «Баль зладзеяў» («Бал воров»), рэтра-канцерт «Калі запаляцца ліхтары» («Когда зажгутся фонари»)).

У рамках міжкультурнага супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі на сцэне Камернага драматычнага тэатра выступіў Пермскі тэатр «Ля Моста» («На дне»), у Моладзевым тэатры эстрады – салехардскі Сямейны тэатр лялек «Жужа» («Вай і Мора» («Вай и Море»)).

На сцэне Музычнага тэатра прайшлі гастролі санкт-пецярбургскага Драматычнага тэатра на Васільеўскім («Гора ад розуму» («Горе от ума»)); Магілёўскага драмтэатра – спектаклі «Каляда-тэатра» з Екацярынбурга («Фальшывы купон», «Маскарад» і «Ганна Карэніна»), выступіў Арэнбургскі ансамбль казацкай песні і танца «Залатая Русь», які да гэтага адзначыўся на пляцоўцы мінскай філармоніі.

У тэатр імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску прыязджаў з гастролямі Бранскі тэатр юнага гледача, у Гомельскі і Мазырскі драмтэатры – Тэатральны цэнтр «Антракт» з Санкт-Пецярбурга (з пастаноўкай «Мужоў шмат не бывае» («Мужей много не бывает»)) і г. д.

Не заканчваюцца гастролі расійскіх труп на сцэне Вялікага тэатра Беларусі. У 2023 годзе тут былі паказаны: у чэрвені – спектаклі Варонежскага («Гандляр цацкамі» («Продавец игрушек»), «Арлекінада.NEW», «Кармен.NEW» і «Пунсовая кветачка» («Аленький цветочек»)) і Башкірскага («Легенда пра каханне» («Легенда о любви»)) тэатраў оперы і балета, а таксама гала-канцэрт з удзелам зорак балета Марыінскага тэатра, Пермскага тэатра оперы і балета і тэатра «Крамлёўскі балет» – у рамках фестывалю «Балетнае лета – 2023».

Валянцін Елізар’еў, мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра Беларусі, канстатаваў, што «гэты праект рэалізуецца, каб усталяваць яшчэ больш трывалую сувязь у тэатральнай сферы з рэгіёнамі Расіі» і «гэтая дзейнасць будзе пашырацца, і рэгіёны Расіі будуць паказваць музычна-харэаграфічнае мастацтва беларускаму гледачу, гэта значыць, не толькі балет, але і оперу». У ліпені ў Вялікім тэатры Беларусі з гастролямі пабывалі Чалябінскі тэатр оперы і балета ім Міхаіла Глінкі («Карсар», «Баль-маскарад») і Дзяржаўны акадэмічны тэатр класічнага балета («Папялушка» («Золушка»), «Капелія» («Коппелия»), «Дама з камеліямі» («Дама с камелиями»)); у верасні – Марыінскі тэатр оперы і балета («Рускі Гамлет» («Русский Гамлет»), «Папялушка» («Золушка»)), Растоўскі музычны тэатр (опера «Турандот» і балет «Спартак»); у лістападзе – Вялікі тэатр Расіі («Царская нявеста» («Царская невеста») і «Іван Жахлівы» («Иван Грозный»)); у снежні – Самарскі тэатр оперы і балета («Любоў да трох апельсінаў» («Любовь к трем апельсинам»)).

Акрамя гастроляў, тэатральныя спецыялісты з Расійскай Федэрацыі прыязджаюць у Беларусь для правядзення майстар-класаў, семінараў і творчых сустрэч, удзельнічаюць у тэатральных лабараторыях, форумах і фестывалях, выступаюць як эксперты на конкурсах.

А кіраўніцтва расійскіх устаноў культуры прыбывае ў складзе дэлегацый, каб наладжваць кантакты, весці перамовы наконт развіцця далейшага супрацоўніцтва з тэатрамі Беларусі.

Напрыклад, 14 верасня быў падпісаны мемарандум супрацоўніцтва паміж Брэсцкім тэатрам драмы і Самаркандскім рускім тэатрам драмы; 21 верасня – аб супрацоўніцтве паміж Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі і Яраслаўскім расійскім тэатрам драмы імя Ф. Волкава. 8 кастрычніка прайшло ўрачыстае падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж мінскім Моладзевым тэатрам эстрады і салехардскім Сямейным тэатрам лялек «Жужа». Падчас візіту дэлегацыі з Новасібірскай вобласці Расійскай Федэрацыі ў Беларусь было падпісана 10 пагадненняў аб супрацоўніцтве з установамі культуры Беларусі, сярод якіх 3 тэатры – Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Брэсцкі тэатр лялек і Беларускі тэатр «Лялька». Такога кшталту пагадненні прадугледжваюць супольныя – беларуска-расійскія – творчыя сустрэчы, семінары, майстар-класы, конкурсы і фестывалі, абмены і іншыя актыўнасці.

Ёсць прыклады і непасрэднага фінансавання, а значыць, магчымасці ўплываць на дзейнасць тэатра. У красавіку 2023 года паведамлялася, што рускія тэатры з дзесяці краін атрымаюць сёлета фінансавую падтрымку ад Расійскай Федэрацыі (спонсар – аўтаномная некамерцыйная арганізацыя «Рускія сезоны»), і сярод іх два з Беларусі – Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага і Гродзенскі тэатр лялек. Дапамога прадугледжвала закупку сцэнічнага абсталявання і падтрымку прэм’ерных пастановак. Адна з іх – спектакль «Казкі Пушкіна» («Сказки Пушкина»), прэм’ера якога прайшла сёлета ў снежні на сцэне драматычнага тэатра імя М. Горкага (дзякуючы падтрымцы Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі і АНА «Рускія сезоны»).

Выставы, музеі

Беларускі ПЭН не ставіў перад сабой задачы пералічыць усе мастацкія выставы, што адбыліся і мелі тое ці іншае дачыненне да расійскай культуры. Асноўная цікавасць палягала, хутчэй, на тым, каму або чаму яны былі прысвечаны, якія тэмы знайшлі ў іх сваё адлюстраванне.

Так, у Аршанскім музеі Уладзіміра Караткевіча адбылася выстава «Служыць Айчыне словам і душой…» («Служить Отечеству словом и душой…»), прысвечаная жыццю і творчасці Фёдара Цютчава. Экспазіцыя была прымеркавана да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі і прыехала ў Оршу з Дзяржаўнага мемарыяльнага гістарычна-літаратурнага музея-запаведніка Ф. Цютчава «Оўстуг».

На пляцоўцы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі была прадстаўлена расійска-беларуская выстава «Прыгажосць і традыцыі народнага касцюма» («Красота и традиции народного костюма»), у адкрыцці якой удзельнічалі прадстаўнікі амбасады Расіі і Рускага дома ў Мінску. «У экспанатах адлюстраваны самабытнасць і разнастайнасць культур брацкіх народаў Расіі і Беларусі, шматвяковае мірнае суіснаванне розных этнасаў на тэрыторыі нашай агульнай Радзімы» – гаворыцца пра выставу на старонцы амбасады Расіі ў Беларусі.

На Дзень горада ў Докшыцах адкрылася выстава «Руская Атлантыда» («Руская Атлантыда»). Праз некалькі месяцаў яна ж экспанавалася ў полацкім кінатэатры «Радзіма».

«Такімі праектамі мы вяртаем страчаную спадчыну, вяртаем Белую Русь», – выказаўся адзін з ганаровых гасцей, прэзідэнт Еўразійскага дзелавога клуба Валерый Ласкутоў.

На пляцоўцы КЦ «Фестывальны» ў Гродне адбылася планшэтная выстава «Саюзная сям’я: разам мы – сіла» («Союзная семья: вместе мы – сила»), арганізаваная да 895-годдзя горада з падтрымкай Генконсульства Расіі ў Гродне, Расійскага цэнтра культуры і навукі ў Брэсце. Кіраўнік Рассупрацоўніцтва ў Беларусі Юрый Макушын назваў Гродна «самым прывабным беларускім горадам для расійскіх турыстаў» і пажадаў, каб у тых было больш падстаў сюды прыязджаць.

У Аршанскай гарадской мастацкай галерэі Віктара Грамыкі адбылася выстава мастакоў Цвярскога абласнога аддзялення ўсерасійскага творчага грамадскага аб’яднання «Саюз мастакоў Расіі» «Цвярское жыццё» («Тверская жизнь»).

У Авальнай зале Новага замка ў Гродне была паказана выстава «Амта (прывітанне), Каракія!» («Амто (здравствуй), Корякия!») з прыватнай калекцыі Людмілы Каюравай (Расійская Федэрацыя). Яна ладзілася з падтрымкай Міністэрства культуры Камчацкага краю.

У мінскім музеі «Дом Ваньковічаў» дэманстравалася выстава «Валагодчына карункавая» («Вологодчина кружевная») з калекцыі Валагодскага дзяржаўнага гістарычна-архітэктурнага і мастацкага музея-запаведніка. Адбылася яна з падтрымкай прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь.

У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі была арганізавана выстава «Сям’я паводле духу: разам у царстве зямным і ў Царстве нябесным» («Семья по духу: вместе в царстве земном и в Царстве небесном»).

У Любанскім музеі народнай славы прайшла выстава «Гісторыя Расіі ў хустках» («История России в платках») Паўлава-Пасадскага музейна-выставачнага комплексу. На яе прэзентацыі было падпісана пагадненне аб супольных праектах паміж двума гэтымі музеямі.

У выставачнай зале карціннай галерэі Гаўрыіла Вашчанкі ў Гомелі ўсё яшчэ праходзіць выстава скандальна вядомага народнага мастака Расіі Нікаса Сафронава «Бясконцая гісторыя» («Бесконечная история»).

У філіяле Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея «Мастацкі музей» адбылося адкрыццё выставы «Віктар Шапаў. З Пензы з любоўю…» («Виктор Шапов. Из Пензы с любовью…»), на якой паказаны палотны з фондаў Пензенскай карціннай галерэі імя Канстанціна Савіцкага. Гэты праект быў рэалізаваны ў рамках культурнага абмену паміж беларускімі і расійскімі гарадамі дзякуючы падпісанаму 2 гады таму пагадненню аб супрацоўніцтве паміж Брэсцкай (Беларусь) і Пензенскай (Расія) абласцямі. Генеральны консул Расіі ў Брэсце Алег Мурашаў падкрэсліў, «што культурныя сувязі Брэсцкай вобласці з расійскімі рэгіёнамі, якія імкліва пашыраюцца, з’яўляюцца падставай паспяховага шматпланавага супрацоўніцтва паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь, і выказаў надзею на інтэнсіфікацыю міжмузейных кантактаў у 2024 годзе».

У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава «Сяргей Рахманінаў: я – рускі кампазітар» («Сергей Рахманинов: я – русский композитор»), якую прывёз Расійскі нацыянальны музей музыкі ў выніку супрацоўніцтва гэтых музеяў.

У 2023 годзе расійскія выставы экспанаваліся ў Беларусі ў рамках беларуска-расійскіх дат – напрыклад, Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, Дня Саюзнай дзяржавы, а таксама дзён культуры таго ці іншага рэгіёна Расійскай Федэрацыі ў Беларусі, рабіліся вынікам супрацоўніцтва ўстаноў у сферы музейнай справы. Так, у пачатку года пытанні супрацоўніцтва абмяркоўвалі кіраўнікі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і Федэральнага Разанскага гістарычна-археалагічнага музея-запаведніка, у красавіку было падпісана пагадненне паміж Віцебскім абласным краязнаўчым музеем і Дзяржаўным музеем «Смаленская крэпасць».

А ўжо ў рамках Першага расійска-беларускага музейнага форуму, які прайшоў у Мінску 11–12 траўня на пляцоўцы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, паведамлялася пра падпісанне 43(!) пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж музейнымі ўстановамі дзвюх краін. Сярод іх – пагадненні Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і Дзяржаўнага Рускага музея; Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Расійскага нацыянальнага музея музыкі; Слонімскага раённага краязнаўчага музея імя Івана Стаброўскага і Усерасійскага гістарычна-этнаграфічнага музея; Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі і Пскоўскага дзяржаўнага аб’яднанага гістарычна-архітэктурнага і мастацкага музея-запаведніка; Гомельскага абласнога музея ваеннай славы і Музея Перамогі (таксама вядомага як Цэнтральны музей Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гадоў). Як адзначыў дырэктар маскоўскага Музея Перамогі, «беларускія і расійскія музейшчыкі актыўна ўзаемадзейнічаюць у самых розных кірунках».

Міністр культуры Беларусі, у сваю чаргу, канстатаваў, што «сустрэча ў рамках Першага расійска-беларускага музейнага форуму — гэта доказ планамернага, цеснага і канструктыўнага супрацоўніцтва Міністэрстваў культуры Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі» і ўручыў Але Манілавай, кіраўніцы расійскай дэлегацыі і новай дырэктарцы Рускага музея, нагрудны знак «За ўклад у развіццё культуры Беларусі». Заключэнне пагадненняў працягнулася.

У рамках Х Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі пагадненне аб супрацоўніцтве было падпісана паміж Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным музеем Рэспублікі Башкартастан, а таксама Дзяржаўным музеем «Смаленская крэпасць».

Падчас Дзён Крыма (акупаваная Расіяй тэрыторыя Украіны) у Беларусі быў падпісаны дакумент аб супольнай дзейнасці паміж музеем-сядзібай «Пружанскі палацык» і Ялцінскім гістарычна-літаратурным музеем.

У рамках Дзён культуры Растоўскай вобласці падпісалі пагадненні з растоўскімі калегамі наступныя музеі: Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Беларусі, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вядома, што з Таганрогскім дзяржаўным літаратурным і гістарычна-архітэктурным музеем-запаведнікам і Дзяржаўным музеем-запаведнікам Міхаіла Шолахава), Нацыянальны мастацкі музей, Брэсцкі абласны краязнаўчы музей (з археалагічным запаведнікам «Танаіс»), Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа.

Таксама паводле вынікаў шостага пасяджэння Савета дзелавога супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Новасібірскай вобласцю было падпісана 10 пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж беларускімі і новасібірскімі ўстановамі культуры, сярод якіх і 2 музеі – Нацыянальны мастацкі і Нацыянальны гістарычны. У канцы лістапада было падпісана пагадненне аб пяцігадовым супрацоўніцтве паміж Дзяржаўнай гістарычна-культурнай установай «Музей-сядзіба Міхаіла Агінскага» і Федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай установай культуры «Дзяржаўны мастацка-архітэктурны палацава-паркавы музей-запаведнік « Царскае сяло »» з Расійскай Федэрацыі.

Зразумела, што падпісанне такога роду пагадненняў аб супрацоўніцтве прадугледжвае пасля рост колькасці супольных музейных праектаў, абменаў часовымі экспазіцыямі, удзелу ў майстар-класах, семінарах, канферэнцыях і іншых відаў расійскай прысутнасці, у прыватнасці, у выяўленчай і музейнай сферах культуры Беларусі. У рамках таго ж музейнага форуму дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Аляксандр Храмой паведаміў наступныя навіны: «Ёсць рашэнне пра тое, каб ладзіць супольна і ночы музеяў: у Расіі – з удзелам беларускіх спецыялістаў, а ў Беларусі – з прыцягненнем расійскіх калег.

Больш за тое, ёсць дамоўленасць, каб беларускія музеі ўключаліся ў асацыяцыі расійскіх згодна з профілямі. Напрыклад, паводле літаратурнага, вайскова-патрыятычнага або гістарычнага напрамкаў, у асобнае аб’яднанне ўвойдуць усе музеі-запаведнікі». Тэма вымушанага аб’яднання і паглынання беларускіх арганізацый расійскімі сустракалася нам і ў кантэксце працы творчых саюзаў Беларусі (мастакоў, дызайнераў, кінематаграфістаў) – незалежных некамерцыйных арганізацый, якія вымушаюць увайсці ў структурныя адзінкі расійскіх саюзаў.

Музыка

Музычныя навіны ў дзяржаўных медыя Беларусі: «Разам з мінскімі артыстамі выступяць калегі з Магілёва і Масквы», «У Мінску прайшоў урачысты канцэрт, прымеркаваны да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі. На сцэне Вялікай залы Палаца Рэспублікі выступілі нацыянальныя калектывы і народныя артысты Саюзнай дзяржавы» , «Больш за 60 артыстаў з Беларусі і Расіі зладзяць светлавое шоу ў Брэсце», «Гурт «Любэ», Зара і Дзмітрый Малікаў заспяваюць у Мінску», «Новы арганны сезон у Белдзяржфілармоніі адкрыў народны артыст Расіі», «Гастролі Моладзевага беларуска-расійскага сімфанічнага аркестра», «У фестывалі возьмуць удзел 10 аркестраў з Беларусі і Расіі, у большасці сваёй вайскоўцы» і г. д.

Пасля падзей 2020 года беларуская незалежная сцэна знаходзіцца пад прэсам палітычнага пераследу і заканадаўчага ціску – з увядзеннем Рэестра арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў кожны патэнцыйны канцэрт і музыка, які бярэ ў ім удзел, правяраецца ідэолагамі і сілавымі органамі на лаяльнасць рэжыму і лічаныя выканаўцы праходзяць такую праверку. Практычна адмовіліся, дый не могуць выступаць у Беларусі еўрапейскія выканаўцы. Не ўбачыць з гастролямі і расійскіх музыкаў, якія выказаліся супраць распачатай Расіяй вайны з Украінай.

Музычныя пляцоўкі Беларусі сёння сталі сцэнай пераважна для канцэртаў ідэалагічна вывераных расійскіх музыкаў – прыхільнікаў ваеннай агрэсіі і аўтараў патрыятычных песень. Праўладныя расійскія артысты, якіх бесперашкодна прывозяць у краіну дзяржаўныя арганізатары, выступаюць хэдлайнерамі на днях гарадоў: Алег Газманаў – у Гомелі (2022 год), гурт «Dabro» – у Брэсце (2022), Аляксандр Маршал – у Гродне (2023); на Дні незалежнасці Беларусі – дуэт «Filatov & Karas» (2023); на рэспубліканскіх святах (Дзень машынабудаўніка – Сяргей Пенкін і Ірына Дубцова (2023)); на Музычных вечарах у Мірскім замку – Алег Газманаў (2023), чалавек, унесены ў санкцыйныя спісы шэрагу краін за распаўсюд дэзынфармацыі і прапаганду.

Відавочна, што выключна расійскія выканаўцы выступаюць на канцэртах з нагоды Дня Расіі (12 чэрвеня) у Мінску: Алена Ваенга, Аляксандр Буйноў, Алег Газманаў, SHAMAN і іншыя – у 2022 годзе; гурт «Любэ», Дзмітрый Малікаў, Зара і іншыя эстрадныя артысты, Ніжагародскі губернскі аркестр, калінінградскі канцэртны ансамбль марской пяхоты «Чорныя берэты» – у 2023 годзе.

Яшчэ адно цалкам прарасійскае мерапрыемства – «Славянскі базар у Віцебску» (ліпень). У 2023 годзе на цырымонію яго адкрыцця прыехалі прадстаўнікі расійскай эстрады Леў Лешчанка, Ангеліна Воўк, Дзмітрый Харацьян і іншыя, выступалі Сяргей Лазараў, Уладзімір Праснякоў, Анна Семяновіч, Аляксандр Маршал, Вадзім Самойлаў, гурт «На-На» і іншыя праўладныя поп-выканаўцы з Расіі. Як адзначыў першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Анатоль Ліневіч, фестываль «немагчыма ўявіць без удзелу расійскіх калег».

Беларускі ПЭН выклаў аналітычны агляд пра русіфікацыю Беларусі ў сферы культуры
Гастролі расійскіх выканаўцаў класічнай музыкі ў кастрычніку – снежні 2023 года

А так выглядаюць афішы адной з найбуйнейшых пляцовак сталіцы ў канцы восені – пачатку зімы 2023 года. На фоне некалькіх канцэртаў беларускіх выканаўцаў (скрыпічнае шоу «Антыкона», сусветныя хіты ў выкананні «A’StorioPLUS», навагодні канцэрт ад чэмпіёнаў Вышэйшай лігі КВК 2022 года «Доктар Хаўс» і парачка іншых мерапрыемстваў) – засілле расійскага прадукту: выканаўцаў, спектакляў, шоу.

Шмат прывазнога расійскага кантэнту прымала і пляцоўка мінскай Белдзяржфілармоніі: сёлета ў кастрычніку – у снежні тут выступалі Пермскі хор, Камерны хор Астраханскай дзяржаўнай філармоніі, Растоўскі акадэмічны сімфанічны аркестр, Калінінградскі сімфанічны аркестр, Уладзімірскі губернатарскі сімфанічны аркестр, міжнародны Моладзевы сімфанічны аркестр імя Міхаіла Рымскага-Корсакава, Сібірскі рускі народны хор, салісты «Пецярбург-канцэрта», ансамбль сучаснай харавой музыкі «Аltro Coro РАМ» імя Гнесіных, Дзяржаўны ансамбль фальклорнай музыкі і Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Татарстан, растоўскі ансамбль песні і танца «Легенда», Дзяржаўны акадэмічны ансамбль песні і танца данскіх казакоў імя Квасава, Ульянаўскі акадэмічны сімфанічны аркестр «Губернатарскі», праект «Руская фартэпіянная школа», камерны ансамбль «Салісты Масквы» і іншыя выканаўцы. Значная частка гэтых канцэртаў – мерапрыемствы ў рамках Дзён культуры Расіі (Татарстана, Растоўскай вобласці і г. д.) у Беларусі.

Адзін з прадуктаў Саюзнай дзяржавы – Моладзевы беларуска-расійскі сімфанічны аркестр, у склад якога на гастролях гэтай восенню ўвайшлі 60 студэнтаў музычных ВНУ РФ і 30 студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Як і ў выпадку з музейнай справай, узнагароды расійскім дзеячам культуры за ўклад у беларускае мастацтва ёсць сёлета і ў музычнай індустрыі. Напрыклад, на «Песні года Беларусі» расійскі поп-музыка Алег Шаўмараў атрымаў прэмію «За ўклад у развіццё музычнай індустрыі». Аляксею Васільеву, рэктару Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі імя  Рымскага-Корсакава, і Валерыю Шкарупу, рэктару Уральскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Міхаіла Мусаргскага, прысвоілі званне «Ганаровы прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі».

Гэтак жа, як тэатральны, музейны, бібліятэчны і іншыя сектары культуры, расце колькасць расійска-беларускіх дамоў аб супрацоўніцтве ў сферы музычнай адукацыі, якія прадугледжваюць у будучыні супольныя канцэрты, конкурсы, майстар-класы і г. д. Напрыклад, у красавіку ў рамках тэлемоста «Мінск – Казань» была падпісана дамова аб супрацоўніцтве ў сферы культурнай, адукацыйнай і навуковай дзейнасці паміж Рэспубліканскай гімназіяй-каледжам пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Казанскай дзяржаўнай кансерваторыяй імя Жыганава; у чэрвені – паміж гімназіяй-каледжам і сярэднім спецыяльным музычным каледжам Рэспублікі Башкартастан. У рамках падпісанага пагаднення «намечаны план творчага супрацоўніцтва» паміж гімназіяй-каледжам і сярэднім спецыяльным музычным каледжам горада Уфы. У верасні дамовы падпісаны з Расійскай акадэміяй музыкі імя Гнесіных, Калінінградскім абласным музычным каледжам імя Сяргея Рахманінава. У снежні – з Харавым вучылішчам імя Міхаіла Глінкі і Санкт-Пецярбургскім музычным вучылішчам імя Міхаіла Мусаргскага. У рамках супольнага пасяджэння Савета па пытаннях прафесійнай музычнай адукацыі былі падпісаны дамовы аб двухбаковым супрацоўніцтве паміж Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі, каледжам мастацтваў імя Пятра Чайкоўскага (горада Улан-Удэ) і Сургуцкім музычным каледжам. У верасні прайшла сустрэча дэлегацый Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхаіла Глінкі і Сургуцкага музычнага каледжа, якая таксама скончылася падпісаннем пагаднення аб супрацоўніцтве паміж дзвюма гэтымі ўстановамі адукацыі. «Абодва бакі выказалі гатоўнасць узаемадзейнічаць у творчай сферы і ўпэўненасць у тым, што культурнае супрацоўніцтва будзе спрыяць развіццю і інтэграцыі традыцый у галіне мастацтва». Брэсцкі дзяржаўны музычны каледж імя Рыгора Шырмы будзе супрацоўнічаць з Пензенскім музычным каледжам імя  Архангельскага, Беларуская дзяржаўная філармонія, Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя Глінкі, Віцебская абласная філармонія – з новасібірскімі ўстановамі культуры. Беларуская дзяржаўная філармонія і Мардоўская дзяржаўная філармонія дамовіліся пра двухгадовы культурны абмен у 2024–2025 гадах. У рамках Санкт-Пецярбургскага культурнага форуму (лістапад 2023 года) Белдзяржфілармонія падпісала мемарандумы аб супрацоўніцтве таксама з Дзяржаўнай капэлай Санкт-Пецярбурга і «Пецярбург-канцэртам».

Заключэнне

Раней Беларускі ПЭН запісваў інтэрв’ю з беларускім дзеячам культуры.

«Уплыў рускай культуры – ён не «магчымы», гэты фактар прысутнічае, ён прысутнічае з кожным годам усё яскравей».

«Хваля рускай культуры адчуваецца ўсё больш: на паліцах кнігарняў, на паліцах «Кароны» і «Суседзяў» (супермаркеты ў Беларусі) таксама. І канцэрты… Гэта ўсё больш рускія выканаўцы, усё больш рускія кніжкі».

«Стаіш на прыпынку і бачыш афішы, і разумееш, што ўсё: мы – частка «русского мира» … вось гэта экспансія зараз актывізавалася з большай сілай».

«Мы ўжо бачым, што з канцэртнай сферы гэта пачалося спачатку, можа, нават 22-гі год, а сёння, 23-ці, – гэта ўжо тэатры і музеі захопліваюцца».

«Гэта не проста нейкая нябачная, а вельмі нават бачная экспансія рускай культуры ў беларускую культуру. Вось гэтае змяненне з лютага мінулага года (2022), гэтае змяненне адчуваецца. Цяпер днямі (травень 2023) праходзіў беларуска-расійскі музейны форум, калі прыехалі з Эрмітажа, Траццякоўкі прадстаўнікі (гэта было толькі паміж дзвюма краінамі) – яны ўсе хочуць заключаць дамовы аб супрацоўніцтве, хочуць тут рабіць выставы. Экспансія… Гэта зразумела: вызвалілася месца, замежныя культурныя дзеячы амаль не ездзяць, застаўся адзін варыянт – Расія… Цікавасць Расіі відавочная, гэтая экспансія – частка агульнай стратэгіі, не толькі звязанай з культурай».

Гэтыя назіранні непасрэдных удзельнікаў сферы культуры Беларусі гучаць ва ўнісон з апісанымі ў гэтым матэрыяле фактамі, датычнымі маштабаў русіфікацыі краіны. На згаданых вышэй сектарах – тэатры, музыцы, выяўленчым мастацтве і музейнай справе – тэма экспансіі рускай культуры ў Беларусі не заканчваецца. Гэтыя ж працэсы прасочваюцца ў сферы літаратуры і бібліятэчнай справы – выцясненне беларускіх аўтараў і выданняў расійскімі; у тэме спадчыны і падыходаў да захавання гістарычнай памяці – антызаходняя рыторыка, скажэнне гістарычнай праўды ў выгадны для Расіі бок; у кінаіндустрыі – запрошаныя расійскія зоркі і рэжысёры ў беларускім кіно, рост аб’ёмаў расійскага кантэнту ў кінатэатрах краіны; у сістэме адукацыі – актыўная праца з моладдзю і педагогамі дзеля папулярызацыі рускай мовы і культуры; у гарадскім асяроддзі – русіфікацыя праз манументальную прапаганду, адмова ад беларускай лацінкі ў назвах геаграфічных аб’ектаў; у медыя – пашырэнне супольнай працы на інфармацыйным полі, рост супрацоўніцтва з расійскімі СМІ і экспертамі. Працэс русіфікацыі падтрымліваецца ўнутры краіны антыбеларускай прапагандай дзяржаўных медыя і заахвочваннем дзейнасці прарасійскіх актывістаў, якія беспакарана атакуюць беларускую нацыянальную культуру.
Звязаныя з русіфікацыяй змены ў культурнай сферы краіны ўздымаюць пытанні пра культурную і палітычную самабытнасць Беларусі.

Фармаванне адзінай культурнай прасторы дзвюх краін, рэалізацыя якой ідзе асабліва заўзята апошнія пару гадоў, – рэальная пагроза беларускаму суверэнітэту і ідэнтычнасці.

А як паказвае гісторыя, пагрозу, якая ідзе ад Расіі, лепш перабольшыць, чым недаацаніць.

Увесь агляд можна прачытаць тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: