Прэмія Алеся Адамовіча, якая ўручаецца за твор, прысвечаны актуальным праблемам сучаснасці, абвесціла старт прыёму заявак. Сёлета ўдзел у конкурсе могуць прыняць не толькі аўтары кнігі, але таксама аўтары артыкулаў у медыя, падкастаў, кіна- і відэапраектаў.
Асноўнае патрабаванне – твор мусіць быць апублікаваны ў 2024 годзе і быць прысвечаны вострым пытанням і тэмам сучаснасці. Для ўдзелу ў конкурсе адсутнічаюць абмежаванні для аўтараў паводле ўзросту, грамадзянства, месца жыхарства і месца публікацыі твораў.
Але заўважаецца, што права намінаваць творы маюць толькі сябры Беларускага ПЭНа.
«Калі вы ведаеце творы, што адкрываюць вострыя тэмы, задаюць пытанні часу і ўплываюць на грамадскую дыскусію, – гэтая ўзнагарода чакае іх!» – заклікае да супрацы каманда Беларускага ПЭНа.
Дэдлайн для заявак: 24 сакавіка 2025 года (23:59 па беларускім часе).
Прэмія імя Алеся Адамовіча, мэта якой – ушанаванне памяці выбітнага беларуса і вызначэнне найлепшага публіцыстычнага твора года, была заснаваная Беларускім ПЭНа і масмедыя праз год пасля смерці пісьменніка, грамадскага дзеяча. Старшынём журы прэміі першапачаткова быў Васіль Быкаў.
З 2018 года прэмія падтрымліваецца нашай набеліяткай Святланай Алексіевіч.
Лаўрэаткамі прэміі Алеся Адамовіча за 2023 год сталі: Віка Біран за кнігу «Я танцую» і Ганна Янкута за кнігу «Час пустазелля». За 2022 год за актуалізацыю традыцый еўрапейскага рэпартажу была адзначана праца Ганна Кандрацюк «У прысценку старога лесу»; за чалавечую годнасць, свабоду думкі і творчасці ў нечалавечых умовах была ўганаравана кніга Максіма Знака «Зэкамерон».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram