22 ліпеня 1953 года была завершана ўнікальная рэканструкцыя Рынкавай плошчы Старога горада, разбуранай падчас Другой сусветнай вайны. Яе фактычна ўзнавілі па выявах з даваенных часоў.
Святкаванне, звязанае з аднаўленнем Старога горада (Starówkі), запланаванае на 21, 22 і 23 ліпеня. Удзел у ім возьмуць 30 розных інстытуцый. Адбудзецца каля 70 мерапрыемстваў.
У праграме — канцэрты, шпацыры, мастацкія майстар-класы, сустрэчы, выставы, гарадскія гульні, танцавальныя забавы.
Цэнтральным месцам святкавання стане Рынкавая плошча Старога горада, але актыўнасці пройдуць і ў іншых лакацыях па суседстве.
Адзін з удзельнікаў мерапрыемстваў — беларускі незалежны хор «Concordia», які выступіць у Старамейскім Доме культуры з праграмай «Харавая музыка свету». Камерны канцэрт пройдзе 23 ліпеня ў 16.00.
У 2020 годзе Concordia Choir патрапіў у так званыя «чорныя спісы» і яго выступы ў Беларусі былі забаронены. Хор аднавіў сваю дзейнасць у Польшчы.
Мы задалі некалькі пытанняў кіраўніцы хору Concordia Галіне Казіміроўскай.
— Як Concordia Choir патрапіў у праграму святкаванняў?
— Нас ужо разглядаюць як калектыў Starówkі, таму што мы апошнія паўтары гады працуем у Старамейскім Доме культуры, размешчаным на Рынкавай плошчы. Спачатку мы проста там займаліся, а пасля афіцыйна сталі калектывам гэтай установы.
— Якая будзе праграма вашага выступу?
— Мы не ставілі задачу зрабіць да юбілею нешта адмысловае. У нас у праграме нават няма польскіх твораў. Хутчэй наадварот: мы імкнемся паказаць, што Starówka сёння — шматмоўная, а часта яе жыцця — інтэрнацыянальная. Пасля беларускіх пратэстаў і падчас украінскай вайны ў Варшаву прыехала вельмі шмат імігрантаў. І беларусы, і ўкраінцы ўцягнуліся ў культурнае жыццё Польшчы. І таму мы сталі часткай сённяшняй Starówkі, і сёння яна менавіта такая, рознанацыянальная і разнамоўная.
Падчас святкаванняў будзе шмат польскіх актыўнасцяў, аднак наша беларускае слова таксама прагучыць. Заспяваем творы сучасных беларускіх кампазітараў, прадстаўленых у жанры духоўнай, свецкай і народнай музыкі, а таксама нарвежскіх, іспанскіх і італьянскіх. Створым такую еўрапейскую мапу.
— Атрымліваецца, што вы цалкам уліліся ў варшаўскае жыцце сваім беларускім праектам…
— Мы сталі часткай Старамейскага дома культуры і часткай варшаўскага культурнага жыцця.
Мы знайшлі дом, дзе маем магчымасць свой беларускі праект захоўваць і развіваць. Ад нас нічога не патрабуюць узамен — ніякай інтэграцыі, не ставяць умоў. Нам проста даюць месца, дзе мы можам будаваць наш беларускі свет і нашае жыццё так, як мы рабілі б гэта дома, у Беларусі.
Месца канцэрту Concordia Choir: Staromiejski Dom Kultury, Rynek Starego Miasta 2, 2 паверх (1 piętro), sala Kameralna.
Час: 23 ліпеня а 16.00
Усю праграму святкаванняў можна паглядзець тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: