Беларускі фотафэст PhotoArtDoc адкрыў выставу ў Вільні і прэзентаваў першы альбом свайго выдавецтва
Reform.news · 23 октября 2026, 12:08
https://reform.news/belaruski-fotafjest-photoartdoc-adkry-vystavu-vilni-i-prjezentava-pershy-albom-svajgo-vydavectva/У Віленскім доме фатаграфіі (Vilniaus fotografijos namai) 22 кастрычніка адбылося адкрыццё выставы лаўрэатаў міжнароднага фестывалю дакументальнай і мастацкай фатаграфіі PhotoArtDoc 2026. Падчас імпрэзы таксама прэзентавалі альбом з вынікамі праекта — першае выданне новага беларускага выдавецтва, якое куратар і фатограф Сяргей Міхаленка нядаўна зарэгістраваў у Літве.
Экспазіцыя прысвечаная складаным тэмам памяці, страты, вайны і пошуку ідэнтычнасці. Праекты-пераможцы сёлетняй эдыцыі шукаюць адказы на гэтыя пытанні праз архівы, сямейныя гісторыі і рэфлексію над сучаснымі выклікамі.
У выставе беруць удзел аўтары з розных краін, у тым ліку беларускія фатографы. Яна Нізоўцава (Беларусь / Польшча) і Яўгенія Гаркуша (Украіна / Іспанія) даследуюць асабістую і сямейную памяць у кантэксце страты — ад гісторыі бацькі да анэксіі Крыма. Паліна Турко (Беларусь / Польшча) вывучае мяжу паміж дакументыстыкай, фікцыяй і зменамі ў сям’і. Барт Урбаньскі (Польшча / Шатландыя) і Марыя-Дэніз Дэсэма (Грэцыя / Швейцарыя) працуюць з тэмамі эмацыйных станаў і пошуку ўнутранай апоры.

«75 пітчаў за дзень і заўкі з 30 краін»: як рыхтаваўся фестываль
Куратарка праекта Алена Кушнір падзялілася ў сацыяльных сетках падрабязнасцямі пра тое, як праходзіла падрыхтоўка да гэтага сезона:
«Гэта праект, над якім праца ішла практычна без перапынку з кастрычніка 2025 года. Мы атрымалі 108 заявак у ментарскую праграму, за адзін дзень праслухалі 75 пітчаў ідэй праектаў і чатыры месяцы суправаджалі працу трох ментарскіх груп. Наш адкрыты конкурс прыняў праекты з 30 краін, а па выніках ментарскай праграмы мы атрымалі 21 новы праект. І вось — фінал: выстава і альбом», — адзначыла яна.

Першы рэліз новага выдавецтва
Адным з галоўных акцэнтаў вечара стала прэзентацыя альбома «PhotoArtDoc 2026. Award-Winning Projects». Гэта першы афіцыйны рэліз выдавецтва, якое заснавальнік і куратар праекта Сяргей Міхаленка адкрыў у Літве, каб стварыць незалежную інфраструктуру для публікацыі прац беларускіх аўтараў у Еўропе.
Штогадовы фестываль PhotoArtDoc быў заснаваны у 2024 годзе куратарамі Сяргеем Міхаленкам і Аленай Кушнір. Ён аб’ядноўвае ментарскую праграму для беларускіх фатографаў і міжнародны конкурс для аўтараў з усяго свету.

Выстава ў Vilniaus fotografijos namai (вул. Вільняус, 39, 2-гі паверх, Вільня) працягне працу да 14 лістапада 2026 года.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
