«30 год дыктатуры ў 30 постарах» — вядомы праект беларускага дызайнера Артура Вакарава будзе прадстаўлены ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве. Выстава, зладжаная пры падтрымцы Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, адкрыецца 21 студзеня — у дзень, калі ў Беларусі стартуе датэрміновае галасаванне на «бязвыбарах».
У трыццаці мастацкіх працах на выставе абыгрываюцца значныя вехі беларускага шляху апошніх трох дзесяцігоддзяў: кайданкі ў выглядзе лічбы 30, герб з іржавымі падцёкамі, расійскія танкі з цыбульным купалам замест вежы, школьны фартух на турэмнай робе, рукі з трыццаццю сінімі пальцамі. Так вобразна мастак паказвае «дасягненні» беларускай рэчаіснасці пры Лукашэнку.

«Я не генерал з войскам, не палітык з рычагамі ўплыву, я нават не валодаю навыкамі баявога мастацтва манахаў Шааліня. Супраць чаго я магу пазмагацца як дызайнер — дык гэта супраць хлусні лукашысцкай прапаганды. У часы грамадскай дэпрэсіі і безнадзейнасці дагрукацца і вярнуць павестку можна толькі адметнымі, крэатыўнымі праектамі», — так гаворыць пра выставу сам аўтар.
Праект беларускага дызайнера «30 год дыктатуры ў 30 постарах» летась экспанаваўся ў Музеі акупацыі і барацьбы за свабоду ў Вільні. Цяпер пазнаёміцца з ім атрымала магчымасць публіка ў Варшаве.
«Напрыканцы пазамінулага года я вырашыў паглядзець, колькі ж мы жывём пры дыктатуры. Паглядзеў, і дата мяне ўразіла — 30 гадоў! Мне падалося, што гэта лічба не ўсімі асэнсоўваецца, асабліва еўрапейскамі суседзямі.
Таму я ўзяў гэтую лічбу 30, прасеяў праз яе ўсе грамадскія працэсы і абыграў. Гэта была вельмі цікавая творчая задача», — падзяліўся імпульсам стварэння свайго праекта творца.

Артур Вакараў — сузаснавальнік вядомай мінскай студыі дызайну «Адліга», былы дырэктар мінскай крамы вінтажнай мэблі «Б/Уржуазные ценности». Аўтар больш за 20 гадоў супрацоўнічае з вядомымі нацыянальна арыентаванымі беларускімі праектамі. Як графічны дызайнер ён прывёз у Беларусь некалькі міжнародных узнагарод у галіне дызайну, у тым ліку першыя месцы і Гран-пры Біенале дызайну. У 2020 годзе маляваў плакаты для пратэсных маршаў. Праз пераслед з боку рэжыму ў 2022 годзе быў вымушаны эвакуявацца з Беларусі. Цяпер жыве ў Польшчы.
«30 гадоў дыктатуры ў 30 постарах» я стаў рабіць таму, што ў мяне было прадчуванне прапагандысцкіх фанфар. Маўляў, Лукашэнка на працягу трыццаці гадоў захаваў краіну, вытворчасць і гэтак далей, — адзначае аўтар. — Мы не можам выцягнуць палітвязняў ці спыніць агрэсію на тэрыторыі Украіны, бо ў нас розныя патэнцыялы. Але тут, на інфармацыйным полі, мы не павінны прайграваць і можам весці сваю павестку. І таму я вырашыў у адказ на тое, што панясецца ад ідэолагаў, давесці праўду» .
Час і месца адкрыцця экспазіцыі: 21 студзеня, а 18.00, Музей Вольнай Беларусі, Foksal 11, Варшава).
Выстава «30 год дыктатуры ў 30 постарах» будзе працаваць да 5 лютага 2025 года.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.