Самая вялікая беларуская адукацыйная пляцоўка — Беларуская школа ў Варшаве (БШВ) — прапануе навучанне дзецям з любой краіны свету і запрашае далучыцца да анлайн і афлайн заняткаў у новым навучальным годзе 2025 — 2026.
Беларуская школа ў Варшаве (БШВ) існуе з верасня 2022 года. Афлайн-заняткі арганізоўваліся ў філіялах школы (Беласток, Варшава, Гданьск, Кракаў). У анлайн-рэжыме праводзіліся ўрокі з прадстаўнікамі больш чым з 30 краін свету (Англіі, Беларусі, Грузіі, ЗША, Ірана, Італіі, Кіпра, Расіі, Турцыі, Украіны, Японіі і інш.). У школе арганізуюцца дадатковыя заняткі да адукацыі краіны пражывання па беларускім кампаненце прадметаў: мова і літаратура, гісторыя, мастацтва Беларусі і інш. (да пяці гадзін у тыдзень афлайн, да трох — анлайн).
У суботніх аддзелах БШВ таксама могуць праводзіцца дадатковыя афлайн-кансультацыі па іншых прадметах, мастацкія гурткі. Вывучаючы прадметы, якіх няма ў планах замежных школ, дзеці атрымліваюць духоўную сувязь з Радзімай, беларускасць, пры спрыяльных умовах змогуць бясстратна працягнуць навучанне ў вольнай Беларусі.
Каб аформіць заяўку на новы навучальны год, трэба запоўніць анкету.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram