Беларуская фатографка Таццяна Чыпсанава стала адной з пераможцаў конкурсу World Press Photo

Культура
Таццяна Чыпсанава. «Тэ Урэвэра – жывы продак народа тухоэ». Фота: worldpressphoto.org

Журы World Press Photo абвясціла рэгіянальных пераможцаў конкурсу. Сярод лаўрэатаў Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна і Акіяніі — фатографка Таццяна Чыпсанава, якая прадстаўляе Беларусь.

Таццяна Чыпсанава атрымала ўзнагароду ў намінацыі «доўгатэрміновыя праекты» за фотапраект пра народ тухое ў Новай Зеландыі, ён апавядае пра іх сувязі з прыродай і барацьбой за захаванне сваіх зямель і традыцый.

Таццяна нарадзілася ў Беларусі, з’яўляецца нашчадкам народа Комі з Сібірскага Паўночна-Заходняга Урала, а цяпер жыве і працуе ў Новай Зеландыі. У сваіх праектах яна падымае тэмы правоў карэнных народаў, міграцыі і экалогіі.

Па словах яе калегі і выкладчыка Сяргея Міхаленкі, у 2024 годзе яна ўдзельнічала ў адукацыйнай праграме фестывалю PhotoArtDoc.

Таксама Таццяна Чыпсанава ў 2024 годзе была адной з пераможцаў Незалежнага беларускага фестывалю фатаграфіі PhotoArtDoc — праекта Беларускай незалежнай асацыяцыі фатографаў. У праекце In My Shoes фатографка даследавала стасункі са сваёй 17-гадовай дачкой.

У 2025 годзе на Міжнародны конкурс фотажурналісцкіх і дакументальных фатаграфій World Press Photo было пададзена 60 000 работ 3778 фатографаў з 141 краіны.

«Узнагароджаныя фатаграфіігэта здымкі барацьбы і непадпарадкавання, а таксама чалавечых сувязяў і мужнасці – візуальна цудоўныя працы, якія глыбей пагружаюць вас у гісторыі, якія стаяць за навінамі. Гэтая ўзбагачальная падборка найлепшых у свеце фатаграфій была абраная незалежным міжнародным журы на аснове іх візуальнай якасці, падыходу да аповеду і прыхільнасці разнастайнаму прадстаўленню», — адзначае журы.

Пераможцы з кожнай часткі свету — Афрыка, Азія, Еўропа, Паўночная і Цэнтральная Амерыка, Паўднёвая Амерыка, Паўднёва-Усходняя Азія і Акіянія — прадстаўлены ў трох намінацыях: адзіночны здымак, гісторыя, доўгатэрміновыя праекты. Пераможца конкурсу World Press Photo і два фіналісты будуць абвешчаныя 17 красавіка, іх выберуць сярод рэгіянальных лаўрэатаў.

Конкурс World Press Photo праводзіцца з 1955 года і штогод адзначае найлепшых фотажурналістаў і дакументалістаў, якія распавядаюць важныя гісторыі праз кадр. У конкурсе ўдзельнічаюць тысячы прафесіяналаў з усяго свету, а перамога лічыцца адной з самых значных узнагарод у свеце фотамастацтва.

Выстава World Press Photo, сусветнага конкурсу прэсавай фатаграфіі, штогод праходзіць больш чым у сотні гарадоў розных краін, з 2012 года і да пандэміі яна праводзіліся ў Мінску, у 2019-м і ў Гродна.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости