Учора з пасады галоўнага дырыжора Адэскага опернага тэатра быў звольнены беларускі дырыжор Вячаслаў Чарнуха-Воліч. Прычынай яго звальнення стала сумеснае фота на сцэне з новым кіраўніком Бакінскай оперы, мужам Ганны Нятрэбка — Юсіфам Эйвазавым.
Фота было зроблена 8 красавіка ў Бакінскай оперы, куды Вячаслава Чарнуху-Воліча запрасілі дырыжыраваць «Багему» Джакама Пучыні. Запрашэнне паступіла ад мінулага кіраўніцтва Нацыянальнай оперы Азербайджана, з якім беларускі музыкант супрацоўнічаў ужо шмат гадоў. Пазіцыя колішняга дырэктара не выклікала нараканняў — яна была праўкраінскай, і дырэктар ішоў на патрабаванне Чарнухі-Воліча не граць музыку расійскіх кампазітараў. Але літаральна за пару дзён да 8 красавіка — кіраўніцтва змянілі. На пасаду дырэктара Бакінскай оперы быў прызначаны тэнар Юсіф Эйвазаў, муж Ганны Нятрэбка — вядомай опернай спявачкі, якая знаходзіцца пад санкцыямі ва Украіне за падтрымку пуцінскага рэжыму.
«Калі я прыехаў у Баку, мне сказалі, што дырэктар учора сышоў з тэатра, а ў дзень, калі быў прызначаны спектакль, з’явіўся новы дырэктар, — так патлумачыў сітуацыю «Украінськай правде» спадар Чарнуха-Воліч. — Са спадаром Эйвазавым я асабіста не знаёмы, бачыў яго, калі ён выйшаў на сцэну. .. Ніякіх стасункаў з ім не маю».
Таксама беларускі дырыжор дадаў, што не бачыў публічных заяў новага кіраўніка Бакінскай оперы аб яго падтрымцы вайны ва Украіне. «[…] у нас сын за бацьку і муж за жонку не адказвае. Ёсць прэзумпцыя. […] У пачатку поўнамаштабнага ўварвання ён напісаў у сацсетках, што асуджае любую вайну і мае ва Украіне многіх сяброў», — зазначыў музыкант.
На фота, якое выклікала вялікі рэзананс ва ўкраінскім грамадстве, Вячаслаў Чарнуха-Воліч зафіксаваны разам з новым дырэктарам тэатра і іншымі артыстамі Бакінскай оперы — то-бок на выяве не толькі Чарнуха-Воліч і Эйвазаў. Але ж фотаздымак абурыў культурную супольнасць Украіны, і ў тым ліку яго калег.
У прыватнасці, старшыня прафсаюза Адэскага нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Віталь Сіваглаз назваў такі ўчынак недапушчальным.
«Я таксама быў здзіўлены, калі ўбачыў гэтыя фотаздымкі. Нягледзячы на тое, што Эйвазаў нядаўна быў прызначаны дырэктарам, — але ўсё ж, калі б я даведаўся — я б адмяніў гэты спектакль. Гэта недапушчальна ў цяперашні час, калі наша краіна знаходзіцца ў стане вайны з Расіяй. Тым больш гэта галоўны дырыжор Нацыянальнага тэатра», — выказаўся Сіваглаз.
«[…] Cумесныя фота і відэа – падстаўляюць Оперу і яе кіраўніцтва. Калі Вячаслаў Чарнуха-Воліч сумленна выйграў конкурс — усё было тады нармальна, сумленна працаваў. Што з ім цяпер адбываецца — не ведаю. Магчыма, ён проста не звязвае сваю будучыню з Украінай, бо ён усё ж не ўкраінец […]», — так пракаментавала сітуацыю галоўная рэжысёрка Адэскай оперы Аксана Тараненка.
У выніку скандала Вячаслава Чарнуху-Воліча звольнілі з пасады галоўнага дырыжора Адэскай оперы. Па звестках «Украінськай правды», сёння з сайта Адэскай оперы прыбраны ўсе звесткі пра беларускага дырыжора, здымаюцца афішы з яго імем.
«Мы асабіста ўсё здымаем — ён цяпер не галоўны дырыжор і ўвогуле не дырыжор нашага тэатра», — адказала ўкраінскаму СМІ кіраўніца Адэскай нацыянальнай оперы Надзея Бабіч.
Вячаслаў Чарнуха-Воліч у 2020 годзе з’ехаў з Беларусі з небяспекі палітычнага пераследу. Музыкант быў вымушаны сысці з пасады галоўнага дырыжора Нацыянальнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь у жніўні 2020 года з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі. Ён падпісаў калектыўны ліст у падтрымку Купалаўскага тэатра.
З першага дня вайны Вячаслаў Чарнуха-Воліч, які з 2019 года з’яўляўся галоўным дырыжорам Адэскага нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета, заставаўся ва Украіне. Ён неаднаразова выступаў з канцэртамі па ўсім свеце, каб прыцягнуць увагу да ўкраінскага супраціву.
Нядаўна на сайце Адэскай оперы з’явіўся каментар з прычыны звальнення беларускага дырыжора.
«Прычынай скасавання кантракту стала не ўзгодненае з кіраўніцтвам тэатра рашэнне спадара Воліча дырыжыраваць спектакль у Бакінскім оперным тэатры, дзе напярэдадні адбыліся кадравыя змены і на пасаду дырэктара быў прызначаны Юсіф Эйвазаў.
Адміністрацыя тэатра лічыць такія дзеянні галоўнага дырыжора нацыянальнай оперы недапушчальнымі ва ўмовах поўнамаштабнай ваеннай агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны. Пазыцыя мастака, які прадстаўляе ўкраінскае мастацтва на міжнародным узроўні, павінна быць яснай і зразумелай: асуджэньне варварскіх дзеяньняў Расіі супраць нашай дзяржавы і недапушчальнасьць любых кантактаў з прадстаўнікамі «рускага міру» і тымі, хто падтрымлівае расійскіх агрэсараў.
Зразумела, што нашаму тэатру нельга далей працаваць з тымі, хто гэтага не ўсведамляе і не мае выразнай грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі», — адзначаецца ў паведамленні.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: