Фото: @StateDeputySPOX
ЗША працягваюць узмацняць ціск на Кубу. Дзярждэпартамент абвясціў пра ўвядзенне санкцый у дачыненні да пяці арганізацый і пяці асоб, “якія падтрымліваюць зламысную кампанію рэжыму па падрыве і дэстабілізацыі нацыянальнай бяспекі ЗША”.
“Гэтыя санкцыі накіраваныя супраць разгалінаванай і жорсткай сеткі радыкальных дзеянняў кубінскага рэжыму, а таксама супраць тых, хто яе ажыццяўляе і фінансуе. Пачынаючы з праграмы Фідэля Кастра па глабалізацыі так званай марксісцкай «рэвалюцыі», Гавана служыла перадавой аператыўнай базай для глабальнай нерэгулярнай вайны супраць інтарэсаў ЗША, займаючыся вярбоўкай, навучаннем і аснашчэннем жорсткіх левых баевікоў па ўсім рэгіёне, уключаючы марксісцкія тэрарыстычныя групы ў Злучаных Штатах, з канчатковай мэтай падарваць нацыянальную бяспеку ЗША”, — гаворыцца ў заяве Дзярждэпартамента.
Санкцыі ўведзены супраць прэзідэнта Кубы Мігеля Дыяс-Канеля Бермудэса, яго жонкі і прыёмнага сына, а таксама супраць членаў сям’і Кастра: сына Рауля Кастра Алехандра Кастра Эспіна, былога кіраўніка кубінскай разведкі, а таксама ўнука Рауля Кастра Рауля Алехандра.
Акрамя таго, абмежаванні ўведзены супраць Міністэрства рэвалюцыйных узброеных сіл Кубы, Кубінскага інстытута дружбы народаў і яго даччынай структуры, Камітэта абароны рэвалюцыі, а таксама горназдабыўной кампаніі Minera la Victoria SA.