ЗША кансультаваліся з Польшчай па пытанні перамоваў з Лукашэнкам

ЗША кансультаваліся з Польшчай па пытанні перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам. Пра гэта ў эфіры RMF FM паведаміў намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Чэслаў Мрочэк.

“Амерыканскі бок кансультаваўся з намі”, — сказаў ён.

Намесніку міністра таксама задалі пытанне, чаму сярод палітвязняў, вызваленых на выходных, не было Анджэя Пачобута.

“Гэта рашэнне беларускага боку, які вырашае, якіх зняволеных выпускаць. Зняволеных у беларускага рэжыму яшчэ вельмі шмат. Была вызваленая толькі невялікая частка. Таму мы, відавочна, імкнемся да таго, каб Анджэй быў сярод вызваленых”, — сказаў ён.

Ён запэўніў, што польскі бок прыкладае ўсе намаганні для вызвалення Пачобута, у тым ліку гэтая тэма ўзнімалася падчас польска-амерыканскіх кансультацый, якія праводзіла МЗС.

Паводле слоў Мрочэка, Варшава даносіць да Мінска сваю пазіцыю па існуючых дыпламатычных каналах. Яна заключаецца ў тым, каб беларускі бок устрымліваўся ад гібрыдных дзеянняў супраць Польшчы, а таксама гаворка ідзе пра вызваленне палітвязняў.

“Амерыканскі бок вядзе гэтую размову. Яны кансультуюцца з краінамі рэгіёна, уключаючы Польшчу. Аднак амерыканцы непасрэдна ўзначальваюць гэтыя перамовы. Аднак, як я ўжо сказаў, беларусы ведаюць нашы чаканні і нашу пазіцыю”, — дадаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!