Фото: @StateDeputySPOX
Дзярждэпартамент і Міністэрства фінансаў ЗША паўторна абвясцілі аб увядзенні санкцый у дачыненні да беларускага ТАА «Арморы Альянс», а таксама грамадзяніна Ірана Махамадмахдзі Малекі, які пражывае ў Беларусі і працуе ў гэтай кампаніі.
Першапачаткова санкцыі былі ўведзены 8 мая. У новым рашэнні Дзярждэпартамента і Міністэрства фінансаў дададзены дадатковы санкцыйны рэжым, звязаны з супрацьдзеяннем закупкам звычайных узбраенняў.
Таксама ў параўнанні з майскім рашэннем Дзярждэпартамент падрабязна раскрыў ролю ТАА «Арморы Альянс».
“Кампанія «Арморы Альянс», якая базуецца ў Беларусі, выступала ў якасці пасярэдніка паміж кітайскімі кампаніямі і Іранам і ўдзельнічала ў садзейнічанні закупцы сотняў пераносных зенітна-ракетных комплексаў (ПЗРК) і іх пастаўцы з Кітая ў Іран, уключаючы спробы перанакіраваць пастаўкі праз трэція краіны і схаваць іх паходжанне і сапраўднага канчатковага карыстальніка”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе.