«Знаходзяцца там часова» — Ціханоўская пракаментавала інфармацыю пра пераезд дзяцей у ЗША

Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская пракаментавала інфармацыю пра тое, што яе дзеці нібыта пераехалі да бацькі, Сяргея Ціханоўскага, у ЗША і ўжо пачалі наведваць мясцовую школу. Паводле яе слоў, сын і дачка знаходзяцца там часова на фоне вырашэння пытанняў бяспекі і арганізацыі працы офіса.

«Не, дзеці не пераехалі ў ЗША, а знаходзяцца там часова. У цяперашні момант мы вырашаем пытанні з бяспекай і арганізацыяй працы офіса. Таму мы ў сям’і прынялі рашэнне, што пакуль дзеці будуць знаходзіцца з татам. Ён цяпер вывучае англійскую мову і працягвае сваю актыўнасць у ЗША. Пры гэтым мой графік афіцыйных візітаў і сустрэч вы ведаеце, а Сяргей доўга не бачыў дзяцей і цяпер можа праводзіць з імі дастаткова часу», — заявіла лідарка дэмсіл.

Раней у сваім стрыме драматург Андрэй Курэйчык заявіў, што Сяргей Ціханоўскі забраў дзяцей у ЗША, і яны ўжо наведваюць там школу.

Нагадаем, ахова Святланы Ціханоўскай была перададзена Бюро крымінальнай паліцыі замест Службы аховы кіраўніцтва, якая раней забяспечвала яе абарону.

У пачатку студзеня дыпламатычны дарадца лідаркі дэмсіл Дзяніс Кучынскі заяўляў, што беларускія ўлады ўзмацнілі ціск на дэмакратычную супольнасць пасля таго, як ахова была перададзена Бюро крымінальнай паліцыі Літвы.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!