З праекта будаўніцтва мінскага метро выключылі яшчэ дзве станцыі — «Наша Ніва»

У планах будаўніцтва чацвёртай лініі мінскага метро, якая павінна стаць кальцавой, адбыліся новыя змены: з праекта выключаныя станцыі «Кіеўскі сквер» і «Політэхнічная», піша «Наша Ніва». Раней ад будаўніцтва адмовіліся таксама ад станцыі «Прафсаюзная» на трэцяй лініі.

Раней на будучай кальцавой лініі планавалася 17 станцый, 6 з якіх павінны былі быць перасадачнымі. Аднак у публікацыі газеты «СБ. Беларусь сёння» ад 13 студзеня гаворыцца ўжо пра 15 станцый, што сведчыць пра скарачэнне праекта, адзначаюць аўтары.

Станцыя «Кіеўскі сквер» павінна была з’явіцца на скрыжаванні вуліц Арлоўскай і Гая паміж «Максіма Багдановіча» і «Старавіленскім шляхам», а «Політэхнічная» — на скрыжаванні вуліц Сурганава і Якуба Коласа паміж «Максіма Багдановіча» і «Друкарскай».

Змены ў планах назіраюцца з 2025 года. У маі галоўны інжынер прадпрыемства «Сталічны транспарт і сувязь» Андрэй Іларыёнаў заяўляў пра 17 станцый на лініі, а ўжо ў кастрычніку галоўны інжынер «Мінскметрапраекта» Георгій Пратасаў паведаміў пра скарачэнне да 16 станцый, не ўдакладніўшы, якая менавіта выключаная. Мяркуецца, што першай «ахвярай» стала станцыя «Кіеўскі сквер».

Паведамляецца, што будаўніцтва чацвёртай лініі запланавана на наступны год. Першым участкам стане адрэзак ад «Максіма Багдановіча» ў бок Вяснянкі. Пры гэтым пасля перасадачнага вузла запланаваная станцыя «Кіеўскі сквер» будзе прапушчана, а наступнай пабудаванай станцыяй стане «Старавіленскі шлях».

Раней улады адмянілі будаўніцтва станцыі «Прафсаюзная» на трэцяй лініі, патлумачыўшы гэта пераглядам мэтазгоднасці і блізкасцю суседніх станцый.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!